Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Латвіі: “Скрайне сумна назіраць за разьвіцьцём падзеяў у Беларусі”


Юры Сьвірко, Менск Прэсавая служба прэзыдэнта Латвіі Вайры Віке-Фрэйбэргі распаўсюдзіла сёньня ліст, накіраваны ёю сям’і Міхаіла Марыніча. У адказе сынам арыштаванага экс-амбасадара Беларусі ў Рызе кіраўніца дзяржавы заявіла, што Латвія як адна з краін Эўразьвязу будзе спрыяць разьвіцьцю дэмакратыі ў Беларусі. Сёньня ж латвійскі міністар замежных справаў абмеркаваў справу Марыніча і сытуацыю ў Беларусі з Радай замежных справаў Латвіі.

Прэзыдэнт Латвіі напісала: “Сёньня, калі ў выніку агульных намаганьняў грамадзтва й міжнароднай падтрымкі Латвія стала дэмакратычнай і квітнеючай дзяржавай ды вярнулася ў сям’ю эўрапейскіх краін, мне скрайне сумна назіраць за разьвіцьцём падзеяў у суседняй з намі дзяржаве Беларусі й ўсьведамляць тыя магчымасьці, якіх пазбаўлены беларускі народ у сучаснай Эўропе”.

Вайра Віке-Фрэйбэрга выказала спадзеў, што “дзякуючы агульным намаганьням — вашым, нашым і міжнароднай супольнасьці, Беларусь здолее знайсьці шлях да будучыні краіны, якая жыве ў дэмакратыі й дабрабыце”.

Прэзыдэнтка Латвіі таксама заявіла пра падтрымку Латвіяй дэмакратычных каштоўнасьцяў і правоў чалавека, а таксама пэрсанальна сям’і Марынічаў. Яна падкрэсьліла, што Латвія пасьля далучэньня да Эўразвязу мае забавязаньні клапаціцца пра агульнае разьвіцьцё Эўропы ды суседніх краін.

Прэсавая сакратарка прэзыдэнткі Латвіі Айва Розэнбэрга сказала Беларускай Свабодзе:

(Розэнбэрга: ) “Прэзыдэнт Латвіі будзе сачыць за працэсам над спадаром Марынічам, бо ён быў у Латвіі некалькі гадоў амбасадарам і ўсе яго вельмі добра ведаюць і паважаюць”.

Паводле спадарыні Розэнбэргі, цяпер у Рызе, нягледзячы на блізкія Каляды, вельмі актыўна абмяркоўваюцца шляхі мажлівай дапамогі Міхаілу Марынічу:

(Розэнбэрга: ) “Прэзыдэнтка сытуацыю абмеркавала ня толькі з прэм’ер-міністрам Латвіі, але й з МЗС Латвіі ды міністрам замежных справаў”.

І ўжо ў чацьвер міністар замежных справаў Артыс Пабрыкс абмеркаваў справу Міхаіла Марыніча й сытуацыю ў Беларусі на паседжаньні Рады замежных справаў Латвіі, куды ўваходзяць найбольш аўтарытэтныя экспэрты краіны ў галіне міжнародных дачыненьняў.
XS
SM
MD
LG