Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз: “Марыніча трымаюць у ізалятары паводле палітычна матываваных, як шмат хто мяркуе, абвінавачаньняў”


Юры Сьвірко, Менск Кіраўнікі місіяў Эўрапейскага Зьвязу ў Менску ў наведалі пачатак працэсу супраць Міхаіла Марыніча ў Менскім раённым судзе, паведамляецца ў прэсавым рэлізе амбасады Італіі ў Беларусі, якая рэпрэзэнтуе ў Менску Нідэрлянды — цяперашняга старшыню Эўразьвязу.

“Эўрапейскі Зьвяз ужо шмат разоў выказваў сваю заклапочанасьць наконт сытуацыі ў Беларусі й асуджаў любыя дзеяньні ўладаў, скіраваныя на перасьлед няўрадавых арганізацыяў, незалежных мэдыяў і палітычных фігураў. Такія дзеяньні супярэчаць прынцыпам дэмакратыі й грамадзянскіх правоў, якія мусяць падзяляць усе эўрапейскія краіны”, — гаворыцца ў заяве.

“Спадара Марыніча трымаюць у ізалятары з красавіка паводле палітычна матываваных, як шмат хто мяркуе, абвінавачаньняў, і таму за ягонай справай зь вялікай цікавасьцю сочыць Эўрапейскі Зьвяз. Шмат якія краіны ўжо закраналі гэтую справу зь беларускімі ўладамі”.

У заяве нагадваецца, што “ў нядаўнім лісьце міністру замежных справаў спадару Сяргею Мартынаву старшыня Рады міністраў Эўрапейскага Зьвязу міністар Бэрнард Бот заклікаў Беларусь датрымвацца прынцыпаў і стандартаў АБСЭ і Рады Эўропы, такім чынам забясьпечваючы справядлівы й публічны суд”.

“Эўразьвяз будзе працягваць пільна сачыць за юрыдычнымі працэдурамі”, — зазначаецца ў заяве з нагоды працэсу над Міхаілам Марынічам.
XS
SM
MD
LG