Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За пачаткам суду над Міхаілам Марынічам назіралі амбасадары і дыпляматы краінаў Эўразьвязу, ЗША і АБСЭ


Валер Каліноўскі, Менск Амбасадары і дыпляматы большасьці краінаў Эўразьвязу, акрэдытаваныя ў Менску, а таксама прадстаўнікі амбасады ЗША і офісу АБСЭ наведалі першае пасяджэньне Менскага раённага суду па справе Міхаіла Марыніча. Пра першыя ўражаньні прадстаўнікоў дыпляматычнага корпусу распытваў наш карэспандэнт.

Італьянскі амбасадар Гульельма Ардыцонэ паведаміў, што ён і большасьць ягоных калегаў прыбылі ў суд на просьбу нідэрляндзкага старшынёўства Эўразьвязу.

(Ардыцонэ: ) “Старшынёўства Эўразьвязу патрабуе сачыць за гэтым судовым працэсам, разумеючы, што тут судзяць палітычнага дзеяча, вядома ў Беларусі, а таксама ў краінах Эўрапейскага Зьвязу”.

Дарадца польскай амбасады Марэк Буцька адрозна ад іншых дыпляматаў ня змог патрапіць у судовую залю — не хапіла месца, як і для большасьці журналістаў.

(Буцька: ) “Мяне вельмі зьдзіўляе сытуацыя, калі прадстаўнік адной з краінаў Эўразьвязу ня можа патрапіць у судовую залю. Дзіўна, што такая справа разглядаецца ва ўмовах, якія абражаюць годнасьць асобаў, што ўдзельнічаюць у працэсе”.

Марэк Буцька зазначыў, што працэс над Марынічам, таксама як мінулыя выбары і рэфэрэндум, з занепакоенасьцю ўспрынятыя ў Польшчы. Ніякіх зьменаў у адносінах Беларусі з Эўразьвязам і Польшчай на гэтым тле адбыцца ня можа.

(Буцька: ) “Заўсёды, калі ў Беларусі будуць адбывацца такія справы, мы будзем назіраць і сачыць, і будзем з гэтага рабіць высновы”.

Паводле амбасадара Нямеччыны Марціна Хэкера, выбіраючы залю для судовага паседжэньня, беларускія ўлады не ўлічылі цікавасьці да працэсу над былым міністрам Марынічам і не забясьпечылі такім чынам патрэбнай адкрытасьці паседжаньняў.

(Хэкер: ) “Ведаеце, гэты працэс выклікаў вялікую цікавасьць у маёй краіне. Наш урад мае моцную зацікаўленасьць у справядлівасьці выкананьня ўсіх судовых працэдураў”.

Амбасадар Хэкер паводле папярэдняй сваёй дзейнасьці зьяўляецца крымінальным адвакатам, і ён высока ацаніў працу абаронцаў Міхаіла Марыніча:

(Хэкер: ) “Яны зрабілі ўсё, што патрэбна, і я як былы адвакат буду інфармаваць маіх калегаў з Амэрыканскай асацыяцыі адвакатаў”.

Часовы павераны ў справах Літвы ў Беларусі Марыюс Януконіс таксама адзначыў вялікую цікавасьць да судовага працэсу над Міхаілам Марынічам:

(Януконіс: ) “Гэта справа мае вялікі розгалас у беларускім грамадзтве, і мы лічым гэта важным для беларускага грамадзтва і для далейшых адносінаў Эўразьвязу і Беларусі”.

Гл. таксама • Міхаіл Марыніч назваў цынічным працэс, які пачаўся над ім у Менскім раённым судзе, а перад будынкам суду "Зубр" зладзіў акцыю пратэсту
XS
SM
MD
LG