Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі цэны перад Калядамі не зьніжаюцца, а растуць


Іна Студзінская, Менск Аляксандар Лукашэнка ў сераду папярэдзіў урад і Камітэт дзяржкантролю аб недапушчальнасьці ў краіне росту спажывецкіх цэн. Ён паабяцаў “дрэнны настрой людзей перад сьвятамі” перанесьці на ўрад. А таго, хто не можа працаваць на зьніжэньне коштаў, паабяцаў накіраваць працаваць з рыдлёўкай.

Настрой у людзей, якія наведваюць прадуктовыя крамы альбо Камароўку, ня вельмі добры. Цэны істотна папаўзьлі ўгару, нягледзячы на тое, што ва ўсіх суседніх краінах, калі перад сьвятамі павялічваецца попыт, кошты зьніжаюць. Я паразмаўляла з многімі людзьмі, і настрой літаральна ва ўсіх, мякка кажучы, ня вельмі сьвяточны:

(Карэспандэнтка: ) “Ва ўсім сьвеце перад Новым годам, перад Калядамі ідуць распродажы, усё таньней становіцца. Ёсьць у Беларусі такое?”

(Спадарыня: ) “Усё даражэй становіцца. Усё даражэй!”

(Карэспандэнтка: ) “Наагул, на пэнсію можна набываць прадукты, хапае?”

(Спадарыня: ) “Не, адмаўляеш сабе ва ўсім, каб на Новы год узяць штосьці больш-менш прыстойнае, таму што ня будзеш жа есьці ўвесь час лівэрную каўбасу, дык вось узяла кавалачак “Рускай”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы ходзіце кожны дзень у краму, бачыце, якія кошты. Растуць яны?”

(Спадар: ) “Патроху растуць. Растуць”.

(Спадарыня: ) “Цэны не задавальняюць. Такія кошты сталі, што паглядзіш-паглядзіш, і ўсё. Пэнсіі не хапае. Каўбасы зробленыя невядома з чаго, а кошты растуць”.

(Іншая спадарыня: ) “Невядома адкуль растуць цэны. Дабавілі пэнсіі на дзесятку, а кошты вырасьлі на 30 тысяч”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці адчуваеце Вы, што перад Новым годам цэны зноў падвышаюцца?”

(Голас: ) “Так, адчуваю, а што рабіць?”

(Карэспандэнтка: ) “Як Вы лічыце, ці нармальныя ў нас цэны на прадукты?

(Спадарыня: ) “Па заробках – не. Ненармальныя. Я лічу, што альбо кошты павінны быць меней, альбо заробкі болей”.

Заўсёды ў Беларусі з павышэньнем заробкаў цэны паўзуць ўгару. Тут ня трэба быць эканамістам, і так усё зразумела. Чаму гэта так зьдзівіла Лукашэнку? Гэтае пытаньне я задала і кіраўніку аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леаніду Заіку. І вось як ён гэта пракамэнтаваў:

(Заіка: ) “Тое, што тычыцца выступу Лукашэнкі. Калі павялічваецца мінімальная зарплата (і ён гэта добра разумее), выдаткі растуць, і дырэктараты прадпрыемстваў вымушаныя будуць уздымаць цэны, калі растуць выдаткі. Каб забясьпечыць і выплату заробкаў, і каб атрымаць хаця б мінімальны прыбытак. Таму трэба было крыкнуць, трэба было вось так сказаць: вы тут сядзіце і не рэагуеце ніяк. Хаця гэта няправільна. І несумленна, па вялікім рахунку”.

Ці можна прагназаваць, што ўрад, каб не пайсьці “працаваць з рыдлёўкай”, выканае загад Лукашэнкі і адкруціць цэны назад? Магчыма, на нейкія прадукты масавага спажываньня (хлеб, малако) нейкі кароткі час кошты і ня будуць расьці, проста спыняцца, а на штосьці і крыху зьнізяцца – каб даць справаздачу кіраўніку дзяржавы. Але наўрад ці іх істотна “адкруцяць” назад. У макраэканоміцы ёсьць такі “эфэкт храпавіка”, які згадаў кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка:

(Заіка: ) “Ёсьць такая тэорыя “храпавіка”. Сутнасьць яе заключаецца ў тым, што цэны назад ня могуць “адскокваць”, калі яны ўжо ўзьняліся на пэўны ўзровень, забясьпечылі прыбытак, даход розным атрымальнікам – незалежна, адбываецца гэта ў Замбэзі, Верхняй Вольце, ЗША альбо ў Беларусі. А Беларусь зараз увайшла ў такі этап, калі цэны павінны мінімальнай дынамікай расьці. Бо мы ўжо перабралі ўсё, мы ўжо выйшлі на найвышэйшыя выдаткі. Лукашэнка таксама гэта разумее”.

Сапраўды, па коштах на прадукты мы ўжо апярэдзілі ўсіх бліжэйшых суседзяў – літоўцаў, палякаў, расейцаў, украінцаў. Таму перад сьвятамі мытнікі на межах (асабліва з Польшчай і Літвой) зноў узмацнілі кантроль за ўвозам у Беларусь харчаваньня, якое за кардонам значна таньней. Прадуктаў, нагадаю, у Беларусь нельга ўвозіць больш за 5 кіляграмаў.
XS
SM
MD
LG