Лінкі ўнівэрсальнага доступу

167 дробных барысаўскіх бізнэсоўцаў так і ня зьвярнуліся за атрыманьнем ліцэнзіяў


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Беларуская дзелавая газэта” ў сёньняшнім нумары паведамляе пра забарону ўезду ў Беларусь адмысловага дакладчыка Адрыяна Севярына, які быў прызначаны 60-й сэсіяй Камісіі ААН у справах правоў чалавека. Ён быў упаўнаважаны падрыхтаваць даклад пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі й прадаставіць яго ў красавіку на наступную сэсію Камісіі ААН. Спадар Севярын меркаваў прыехаць у Беларусь у сьнежні, аднак беларускія ўлады адмовілі яму ва ўезьдзе. На той падставе, што міжнародная арганізацыя спрабуе нібыта займацца надуманай праблемай. Як робіць выснову “БДГ”, беларускія ўлады, адмаўляючы ва ўезьдзе, кіруюцца вядомым прынцыпам: няма праваабаронцы – няма праблемы з правамі чалавека.

“Кур’ер з Барысава” ў сьвежым нумары, прыгадваючы галоўныя эканамічныя падзеі 2004 году, зазначае, што адыходзячы год запомніцца ня толькі так званым “беларускім эканамічным цудам”, але й гучнай кампаніяй ліцэнзаваньня індывідуальных прадпрымальнікаў. У Барысаве, напрыклад, гэтая кампанія закранула звыш тысячы мясцовых гандляроў. У першы дзень 2005 году яна фінішуе, аднак, як зазначае выданьне, 167 дробных барысаўскіх бізнэсоўцаў так і ня зьвярнуліся за атрыманьнем ліцэнзіяў. Чым яны зоймуцца ў новым годзе – невядома. Магчыма, як прагназуе “Кур’ер”, гэтыя барысаўцы зьменяць на іншы род дзейнасьці, спадзеючыся, што на новым месцы, у адрозьненьне ад гандлю, ад іх ня будуць патрабаваць дазволу на працу.

Краязнаўчая газэта “Волат”, якая выдаецца ў Вілейцы, паведамляе пра прэзэнтацыю тут кнігі “Культурны ляндшафт Вілейшчыны”. Кнігу склалі краязнаўчыя дасьледаваньні пра гэты рэгіён. Як прагучала на прэзэнтацыі, чытачы знойдуць у ёй цікавыя матэрыялы пра мінулае Вілейшчыны. Краязнаўцы выявілі тут, у прыватнасьці, культавыя камяні, гістарычныя і геалягічныя камяні-помнікі, запісалі шмат легендаў ды паданьняў пра гэты край. Газэта паведамляе, што новая кніга была падрыхтавана без загадаў “зьверху”, а, паводле грамадзкай ініцыятывы. “Трэба і надалей працягваць выдавецкую дзейнасьць у Вілейскім раёне”, робіць выснову краязнаўчае выданьне.
XS
SM
MD
LG