Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэміяй навук будуць кіраваць чыноўнікі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Аляксандар Лукашэнка сваім указам зацьвердзіў новы склад Прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук. У склад кіроўнага органу Акадэміі ўвайшлі ня толькі акадэмікі й члены-карэспандэнты, але і высокапастаўленыя чыноўнікі.

З указу Лукашэнкі вынікае, што цяпер Акадэміяй навук будуць кіраваць і людзі, якія там не працуюць. Хоць навуковыя супрацоўнікі Акадэміі, зь якімі я размаўляў, ніяк ня могуць уцяміць, як гэта будзе рабіць, прыкладам, міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў – у яго сваіх абавязкаў хапае. Сёньня ён, да слова сказаць, будзе весьці калегію міністэрства па ідэалягічных пытаньнях. Міністэрства і акадэмія – зусім розныя ўстановы.

Хапае штодзённай працы і ў рэктара БДУ Васіля Стражава. Унівэрсытэт і акадэмія таксама выконваюць розныя функцыі. І, нарэшце, у прэзыдыюм увайшоў першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта краіны, кандыдат навук Аляксандар Папкоў.

Былы прэзыдэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч патлумачыў мне, што ён ня чуў, каб дзесьці яшчэ ў сьвеце была такая практыка, калі кіраўнік краіны прызначае кіраўніцтва Акадэміі навук, і тым болей людзей, якія там не працуюць. Давайце паслухаем, што думае на гэты конт акадэмік Вайтовіч.

(Вайтовіч: ) “У 2001 годзе прэзыдэнт зьмяніў прынцыпы фармаваньня прэзыдыюму Акадэміі навук. Дагэтуль ён выбіраўся агульным сходам акадэміі, і такога прынцыпу фармаваньня кіруючага органу ў краіне болей няма. Што тычыцца першага намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, дык я ня ведаю, дзеля чаго ён уведзены. Магчыма, прэзыдэнт мае на мэце лепш ведаць становішча ў Акадэміі і больш уплываць на Акадэмію”.

Такім чынам, у кіраўніцтве Акадэміяй будзе кандыдат навук. Звычайна прэзыдыюм фармаваўся з акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў. Прэзыдэнта акадэміі (цяпер гэта старшыня) абіраў сход акадэміі, а ён ужо прапаноўваў віцэ-прэзыдэнтаў, галоўнага вучонага сакратара і акадэмікаў-сакратароў адпаведна колькасьці аддзяленьняў. Распараджэньні прэзыдыюма абавязковыя для выкананьня ўнутры акадэміі, а таму яны прымаліся кампэтэнтнымі і аўтарытэтнымі вучонымі.

Зусім нядаўна Лукашэнка сваім указам зацьвердзіў новае палажэньне аб прысуджэньні навуковых ступеняў і прысваеньні навуковых званьняў. Затым зьявілася рашэньне пра ўвядзеньне вышэйшай ступені званьня прафэсара і што сам кіраўнік краіны будзе прызначаць акадэмічных прафэсараў.

Чаму раптам такую ўвагу акадэмічнай навуцы і акадэміі стаў надаваць Аляксандар Лукашэнка? Гэтае пытаньне задаў былому прэзыдэнту Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандру Вайтовічу. Акадэмік лічыць увогуле заганнай практыкай, што прэзыдэнт краіны бярэ на сябе функцыі, якія павінны выконваць іншыя, кампэтэнтныя ў сваіх галінах людзі. На ягоную думку, гэта не на карысьць і акадэміі.

(Вайтовіч: ) “Я быў бы вельмі рады, каб ён надаваў шмат увагі Акадэміі навук… Але ж у Акадэміі ўсё горш і горш справы ідуць. І Акадэмія навук знаходзіцца ў глыбокім крызысе. Гэта паказваюць усе статыстычныя характарыстыкі. Гэта паказвае непрафэсіяналізм кіраўніцтва Акадэміі. Прымаюцца непрафэсійныя рашэньні, у тым ліку і апошні праект Статуту Акадэміі, які стаў даступным для членаў Акадэміі, каб яго разглядаць”.
XS
SM
MD
LG