Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навагодняя імпрэза ў прыёмніку-разьмеркавальніку для дзяцей


Галіна Абакунчык, Менск 23 сьнежня ў Менскім абласным прыёмніку-разьмеркавальніку для дзяцей адбудзецца пераднавагодняя дабрачынная імпрэза. Гасьцямі непаўнагадовых насельнікаў гэтай установы будуць валянцёры моладзевай арганізацыі “Фокус-група”.

Якія дзеці зьмешчаныя ў прыёмніку-разьмеркавальніку й што ён сабой уяўляе? Гэта рэжымная ўстанова сыстэмы Міністэрства ўнутраных справаў, якая месьціцца побач з аналягічным разьмеркавальнікам для дарослых, што на сумнавядомай вуліцы Акрэсьціна ў Менску. Натуральна, што й парадак там адпаведны – дастаткова сказаць, што дзеці, фактычна, знаходзяцца за кратамі.

Паводле арганізатараў імпрэзы, сёньня там 12 дзяцей у веку ад 7 да 17 гадоў, якія патрапілі сюды з розных месцаў менскай вобласьці. Разам з акторамі тэатру “Казка на дом”, валянцёры правядуць зь імі розныя гульні, конкурсы, пачастуюць цукеркамі й падораць дробныя сувэніры. Але асаблівай ўвагай сёньня будуць надзеленыя два хлопчыкі, дарэчы, абодва менчукі, якія сёньня адзначаць тут свае народзіны. Натуральна, што для малых гэта вялікая радасьць – сказаў у інтэрвію Свабодзе адзін з актывістаў “Фокус-групы” Андрэй Ляўко.

(Ляўко: ) “У прыёмніку-разьмеркавальніку яны сядзяць за кратамі месяц – гэта як турма для дзяцей. І яны вельмі ўдзячныя, бо ў гэтых дзяцей у жыцьці вельмі мала прыемных рэчаў і сьвятаў. Тыя ж цукеркі многія зь іх бачаць вельмі рэдка, яны ня ўмеюць чытаць і пісаць, бо ня ходзяць у школу. Вельмі многія зь іх жывуць у вельмі цяжкіх умовах, дзе й гаворкі пра падарункі няма, бо дома няма чаго есьці”.

Зь якіх прычынаў дзеці патрапляюць у аналягічныя ўстановы й як іх шмат? Перадусім падкрэсьлю, што супрацоўнікі гэтай сыстэмы вельмі неахвотна размаўляюць на гэтую тэму. Таму спашлюся на спадара Ляўко, які шмат гадоў запар супрацоўнічае з гэтай установай, а таму валодае некаторай інфармацыяй. Паводле яго, толькі ў менскім прыёмніку разьмеркавальніку штогод бывае ад 500 да 800 малых. Такія ж установы ёсьць таксама ў кожным абласным цэнтры. У прыёмнік-разьмеркавальнік яны патрапляюць з розных прычынаў: некаторыя ўцякаюць з дому, дзе бацькі п’юць і не клапоцяцца пра малых. А некаторыя пакідаюць ужо казённыя ўстановы – дамы-інтэрнаты, куды іх накіроўваюць з тых жа асацыяльных сем’яў.

Наколькі ахвотна кіраўніцтва дзіцячага спэцпрыёмніку супрацоўнічае з самімі валянцёрамі? Паводле псыхоляга гэтай установы Натальлі Фалевіч, яе задавальняе тое, што валянцёры працуюць з малымі на прафэсійным узроўні. І гэта натуральна, бо многія зь іх – выпускнікі факультэту дзіцячай псыхалёгіі пэдунівэрсытэту. Дарэчы, спадар Ляўко сьцьвярджае, што й супрацоўнікі разьмеркавальніка валянцёрам вельмі радыя.

(Ляўко: ) “Яны таксама вельмі ўдзячныя, бо ня ведаюць, што прапанаваць гэтым дзецям. Яны бачаць, што нічога дрэннага гэтым дзецям яны мы ня зробім. Дый яны ж таксама людзі, таксама жадаюць малым дабра, але ня шмат што могуць ім прапанаваць з прычыны сваіх абмежаваных магчымасьцяў”.

У прыёмніку-разьмеркавальніку дзеці ўтрымліваюцца цягам 30 дзён, і за гэты час органы апекі й праваахоўнікі вырашаюць іхны далейшы лёс: альбо бацькоў пазбаўляюць правоў і малых адпраўляюць у дом-інтэрнат, альбо ў спэцыяльныя школы й вучэльні.

Але, як сьведчаць адмыслоўцы, у пераважнай бальшыні дзяцей, якія прайшлі гэтыя ўстановы, ня складваецца лёс і ў дарослым жыцьці. Толькі 10% гэтых дзяцей адаптуюцца да грамадзтва й становяцца ягонымі паўнавартаснымі сябрамі. Астатнія папаўняюць шэрагі асацыяльнай часткі насельніцтва краіны.
XS
SM
MD
LG