Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрат Яновіч: час клясавых рэвалюцыяў скончыўся, цяпер – чарга нацыянальных


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 23 сьнежня ў Беластоку выйшаў чарговы, 52 нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”.

З нагоды сьвяткаваньня шасьцідзесяцігодзьдзя існаваньня Агульнаадукацыйнага ліцэя зь беларускай мовай навучаньня ў Бельску-Падляскім, дырэкцыя школы, музэй малой айчыны ў Студзіводах і Беларускі зьвяз у Польшчы наладзілі ў бельскім беларускім ліцэі вечарыну, прысьвечаную памяці айца Канстанціна Байко, які ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя быў настаўнікам закону Божага ў бельскіх школах. У артыкуле “Памяць аб мінулым”, што зьмешчаны на першай паласе сёньняшняй “Нівы”, аўтар адзначае, што айцец Канстанцін гаварыў з вучнямі на літаратурнай мове і побач з хрысьціянствам вучыў дзяцей любіць родную культуру і традыцыі. Айцец Канстанцін быў выкрадзены і вывезены ў Менск, дзе на падставе сфальшаваных абвінавачаньняў атрымаў 15 катаргі ў капальнях Варкуты.

У артыкуле “Аранжавая рэвалюцыя” пісьменьнік Сакрат Яновіч аналізуе магчымыя наступствы ўкраінскіх падзеяў для Беларусі ды адзначае, што час клясавых рэвалюцыяў скончыўся, цяпер – чарга нацыянальных.

“Ня трэба падманваць сябе, нацыянальная рэвалюцыя ў Беларусі сьледам за ўсёй Усходняй Эўропай немагчымая па той простай прычыне, што яшчэ не сфармаваная беларуская нацыя. Ня ўзьнікла напярэдадні патрыятычна настроеная частка намэнклятуры, тыпу чырвоных нацыяналаў. Датла русыфікаваную Беларусь спрабуюць зрабіць падобнай да Расеі, перадусім у сэнсе мовы і сьветапоглядаў. На ўкраінскую рэвалюцыю яна ня можа глядзець іначай як варожа, у лепшым выпадку абыякава... Як у нас палянізацыя раўназначная сьмерці беларускай душы, гэтак жа сьмертаносная русыфікацыя”, піша Сакрат Яновіч.

У артыкуле “Ставіць на экалёгію” “Ніва” распавядае пра экалягічную гаспадарку спадарства Галёнкаў, што на Гайнаўшчыне. Фэрмэры-беларусы цалкам адмовіліся ад штучных угнаеньняў і не прайгралі – справы ідуць ня кепска. Цікава, што спадар Аляксей Галёнка ў размове зь “Нівай” кажа, што прывёз шмат беларускіх кніжак зь Беларусі, чытаў іх, але цяпер часу яго хапае толькі на “Ніву”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG