Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы трэнэр гандбольнага клюбу “EV Grambke”, беларускі гандбаліст Георгі Сьвірыдэнка арыштаваны ў Галяндыі


Ул .інф. 42-гадовы Георгі Сьвірыдэнка, у мінулым вядомы беларускі гандбаліст, чэмпіён алімпійскіх гульняў 1988, а апошнім часам трэнэр бэрлінскага клюбу “Райнікердорфскія лісы”, знаходзіцца пад вартай у адной з турмаў Галяндыі. Супраць беларускага грамадзяніна выстаўленыя абвінавачаньні ў цяжкіх сэксуальных злачынствах.

Як пішуць нямецкія спартовыя аглядальнікі, бэрлінскі гандбол перажывае найвялікшы скандал за ўсю гісторыю свайго існаваньня. Сёньня інфармацыю адносна абвінавачваньняў супраць Сьвірыдэнкі пацьвердзіў прадстаўнік бэрлінскай пракуратуры Міхаэль Грунвальд. У інтэрвію журналістам ён заявіў, што эўрапейскі ордэр на арышт вядомага трэнэра быў падпісаны сёлета ў верасьні, аднак арыштавалі Сьвірыдэнку праз тры месяцы, 7 сьнежня, літаральна на наступны дзень пасьля ягонага дня народзінаў.

У той жа дзень нямецкія праваахоўныя органы перадалі Сьвірыдэнку нідэрляндзкім уладам. Суд менавіта гэтай краіны мусіць вынесьці свой канчатковы вэрдыкт адносна вінаватасьці вядомага спартоўца. Паводле матэрыялаў пракуратуры, сваё злачынства Георгі Сьвірыдэнка ажыцьцявіў тры гады таму, у сьнежні 2001.

Сёньня адпаведную заяву для прэсы зрабіла беларуская амбасада ў Бэрліне. Паводле словаў першага сакратара беларускай дыпляматычнай місіі ў Нямеччыне Дзьмітрыя Мірончыка, у амбасадзе ведаюць пра арышт Георгія Сьвірыдэнкі. Што да афіцыйных дадзеных адносна самога складу злачынства, то яны ў амбасаду пакуль не паступілі.

У “Райнікердорфскіх лісах” Георгі Сьвірыдэнка працуе ад сакавіка гэтага году. Тры гады таму ён трэніраваў іншы клюб – “EV Grambke”. Георгі Сьвірыдэнка мае ўласную сям’ю – жонку Марыну і дзьвюх дачок: 15-гадовую Аляксандру і 20-гадовую Ірыну.

Былая калега Сьвірыдэнкі па “EV Grambke”, адказная супрацоўніца клюбу па сувязях з грамадзкасьцю Ліяне дэ Беет сьцьвярджае: “Я ведаю Георгія і ягоную сям’ю ужо шмат год. Гэта вельмі сымпатычныя людзі. Я ня веру, што Георгі мог пайсьці на цяжкае злачынства”.

У шоку знаходзяцца і цяперашнія калегі Сьвірыдэнкі. Кіраўнік бэрлінскага гандбольнага саюзу Хэнінг Опітц сказаў журналістам наступнае: “У нашага спартовага аб’яднаньня Георгі не папрасіў аніякай юрыдычнай дапамогі, хаця меў для гэтага ўсе падставы. Я ведаю і паважаю гэтага чалавека ўжо 12 год і спадзяюся на добры фінал. Гэта нейкае непаразуменьне”.

Паводле словаў мэнэджэра “Лісаў” Міке Мэнэля, у Сьвірыдэнкі маецца свой уласны адвакат, які сьцьвярджае, што ў справе сьведчаньне выступае супраць сьведчаньня.

У размове з прэсай кіраўніцтва клюбу “Райнікердорфскія лісы” паведаміла, што будзе ўсяляк падтрымліваць сям’ю Сьвірыдэнкі дый таксама спадзявацца на справядлівы зыход справы.

Паводле апошняй інфармацыі, якая трапіла да журналістаў з паліцэйскіх крыніцаў, злачынства Сьвірыдэнкі не зьвязанае ні з гвалтаваньнем, ні з пэдафіліяй. Размова ідзе пра тое, што на мове нямецкага закону завецца абразай на сэксуальнай глебе альбо прымусовым сэксуальным кантактам ахвяры. У колах нямецкай юстыцыі пануе непаразуменьне, чаму арышт верагоднага злачынцы адбыўся ажно праз тры гады, і чаму верагодная ахвяра толькі зараз зьвярнулася да праваахоўных структураў.
XS
SM
MD
LG