Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэмія Беларускай асацыяцыі журналістаў ад Эўрапарлямэнту памерам 50,000 эўра можа быць канфіскаваная беларускімі ўладамі?


Ігар Карней, Менск Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнулася ў Дэпартамэнт гуманітарнай дзейнасьці кіраваньня справамі прэзыдэнта з просьбай вызваліць арганізацыю ад падаткаў за атрыманую 14 сьнежня прэмію Эўрапарлямэну “За свабоду думкі” імя Сахарава. Як паставіліся да такой просьбы ў падпарадкаванай Аляксандру Лукашэнку структуры, створанай адмыслова дзеля сачэньня за грашовымі патокамі з-за мяжы?

Што ўвогуле спрычынілася да пачатку такога ліставаньня і чаму БАЖ ня можа карыстацца законна атрыманай прэміяй? Дагэтуль кіраўніцтва БАЖ мела яшчэ адно ліставаньне – зь Міністэрствам юстыцыі. Там наўпрост патлумачылі: прэмію неабходна разглядаць як замежную бязвыплатную дапамогу, карыстаньне якой цалкам у кампэтэнцыі Дэпартамэнту гуманітарнай дзейнасьці пры прэзыдэнце.

У самім Дэпартамэнце нічога з гэтай нагоды пакуль не гавораць, паколькі яшчэ нават не прызначаны адказны за разгляд заявы. Юрыст БАЖ Андрэй Бастунец прагназуе: разгляд звароту зацягнецца мінімум на месяц – пры ўмове, што ня ўзьнікнуць пытаньні ўжо на пачатковай стадыі. Натуральна, што карыстацца грашыма – а гэта 50 тысячаў эўра – арганізацыя да таго часу ня зможа.

(Бастунец: ) “Сродкі знаходзяцца зараз на дабрачынным рахунку і мы імі карыстацца ня можам, пакуль не атрымаем дазволу. Гэтая сума быццам і не Беларускай асацыяцыі журналістаў”.

(Карэспандэнт: ) “Зь ліста, што вы атрымалі з міністэрства юстыцыі, вынікае, што гэта можа быць падведзена не пад прэмію, а пад дапамогу, так?”

(Бастунец: ) “Так, яны адказалі, што не даюць тлумачэньняў, але паколькі ў дэкрэце няма ніякіх выключэньняў для замежных бязвыплатных сродкаў, дык і гэта разглядаецца як замежная дапамога, якую трэба праводзіць праз Дэпартамэнт і якую могуць дазволіць ці не дазволіць выкарыстоўваць”.

Якраз напярэдадні прэсавая служба БАЖ удакладніла, што сёлета БАЖ двойчы зьвярталася ў Дэпартамэнт з аналягічнай просьбай і абодва разы былі атрыманыя адмовы – хоць ні ў Эўрапарлямэнце, ні ў суседніх краінах падобнай лёгікі не разумеюць.

Прыкладам, учора я размаўляў зь вядомым расейскім праваабаронцам Сяргеем Кавалёвым. Першай жа справай ён пачаў віншаваць незалежную беларускую журналістыку з заслужанай перамогай. І гэта пры тым, што ад Расеі на прэмію Эўрапарлямэнту прэтэндаваў сам Кавалёў, а таксама чачэнская журналістка Натальля Істэмірава.

(Кавалёў: ) “Я рады магчымасьці павіншаваць зь вельмі прэстыжнай прэміяй Эўрапарлямэнту, сахараўскай прэміяй, беларускіх журналістаў. Мы канкуравалі зь імі за гэтую прэмію: у “шорт-ліст” трапілі і яны, і мы з Натальляй Істэміравай. Але рашэньне Эўрапарлямэнту вельмі правільнае і цалкам справядлівае”.

Адкінуўшы нюанс зь немагчымасьцю карыстацца фармальна атрыманымі, а рэальна – заблякаванымі грашыма, я ўдакладніў у спадара Кавалёва: як ён сам ацэньвае сытуацыю са “свабодай думкі” у Беларусі (менавіта так называецца прэмія Эўрапарямэнту) і апошнім часам – у Расеі.

(Кавалёў: ) “Разумееце, Лукашэнка – дурань. Яму патрэбна поўны і абсалютны кантроль. А тут, у Расеі, ужо дастаткова таго, каб нават СМІ, якія прэтэндуюць на незалежнасьць, яскрава адчувалі мяжу, за якую нельга пераходзіць. І тады вы маеце досыць прыстойную рэпутацыю сярод ня вельмі ўважлівых заходніх аналітыкаў. Маўляў, як жа – вы ж бачыце, у Расеі магчымыя крытычныя заявы. Значыць, ёсьць свабода прэсы. А разам з тым мае месца і цэнзура. Іншымі словамі – несвабода”.
XS
SM
MD
LG