Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФПБ і партыя Гайдукевіча плянуюць стварыць у Палаце прадстаўнікоў свае дэпутацкія групы


Уладзімер Глод, Менск Фэдэрацыя прафсаюзаў і Лібэральна-дэмакратычная партыя маюць намер стварыць свае дэпутацкія групы ў новай Палаце прадстаўнікоў. Пра гэта паведамілі прафсаюзны кіраўнік Леанід Козік і лідэр лібэралаў Сяргей Гайдукевіч.

Ці дазваляе цяперашні парлямэнцкі рэглямэнт такія захады? Я ўважліва прагледзеў адпаведнае заканадаўства, і тут ёсьць такі запіс, што у парлямэнце можна мець дэпутацкія групы, асацыяцыі, клюбы й аб’яднаньні. Адразу кідаецца ў вочы адсутнасьць фракцыяў. А менавіта ж існаваньне палітычных фракцыяў было і ёсьць традыцыяй ўсясьветнага парлямэнтарызму.

Але ж паколькі парлямэнт Беларусі даволі незвычайны, то і спосабы працы ў ім пры адсутнасьці фракцыяў адмысловыя. Вось і дапамагаць прэзыдэнту ў Палаце прадстаўнікоў прафсаюзы зьбіраюцца праз сваю групу. Прэсавы сакратар Фэдэрацыі прафсаюзаў Ірына Каганец паведаміла, што лідэр Фэдэрацыі днямі яшчэ раз казаў пра неабходнасьць стварэньня такой групы:

(Каганец: ) “Мы абсалютна і цалкам падтрымліваем праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі. І нашая плятформа будавалася адпаведна ёй. Мы адкрыта заяўляем, што падтрымліваем прэзыдэнта і зьбіраемся ў парлямэнце праводзіць ягоны курс”.

Вытокі ініцыятывы спадара Козіка – зразумелыя. Але падчас выступу перад новым складам Нацыянальнага сходу Аляксандар Лукашэнка заклікаў парлямэнтароў не ствараць дэпутацкія групы. Вось ягоныя дакладныя словы: “Не стварайце нейкіх групаў паводле інтарэсаў. Папрацуйце хаця б паўгода ў рэгіянальных групах”. Няўжо спадар Козік паступае насуперак прэзыдэнцкай парадзе?

Настойлівасьць прафсаюзнага лідэра выклікала ў мяне шчырае зьдзіўленьне. Але зразумець сытуацыю мне дапамог цяперашні калега Леаніда Козіка ў Палаце прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч.

(Гайдукевіч: ) “Бліжэйшая парлямэнцкая сэсія пачнецца толькі 1-га красавіка. З моманту 17 лістапада якраз і трапляе ўсё ў аб’яўленыя рамкі. Лічым – лістапад, сьнежань, студзень, люты, сакавік, красавік, праходзіць паўгода”.

Чым спадар Гайдукевіч тлумачыць сваё жаданьне стварыць уласную дэпутацкую групу?

(Гайдукевіч: ) “Як толькі будзе створана першая дэпутацкая група, Гайдукевіч таксама стварае дэпутацкую групу. Гэта – нармальная зьява, нічога дрэннага я тут не бачу. Я абіраўся ў якасьці старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі. Мы самастойная партыя. І я магу ствараць дэпутацкую групу толькі з назовам лібэральная, адпаведна праграме й статуту партыі. Карацей кажучы, хто згодны з праграмай, хто яе прызнае, той у яе і ўвойдзе. Будуць такія людзі – значыць, гэтая дэпутацкая група будзе. Калі дастатковай колькасьці такіх людзей не знойдзецца, значыць, яе ня будзе. Але мне здаецца, што знойдзецца”.
XS
SM
MD
LG