Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Краўчук на Свабодзе


Вольга Караткевіч, Прага Першы прэзыдэнт Украіны (1991-1994), адзін з трох “белавескіх зуброў”, цяпер паплечнік кандыдата на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча Леанід Краўчук. Ён адказаў на пытаньні аб важнасьці незалежнасьці й непадзельнасьці Ўкраіны, пра сваю трансфармацыю ад партыйнага ідэоляга да незалежніка, аб ролі Расеі й вобразе беларускіх уладаў, выказаў сваю апінію пра Пуціна, Лукашэнку, беларускую сытуацыю.

Карэспандэнт: ) “Перад тым як задаць пытаньні, датычныя сучаснай палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне, я пацікавілася, як сакратар кампартыі па ідэалёгіі стаў на жорсткую пазыцыю нацыянальнай незалежнасьці Ўкраіны”.

(Краўчук: ) “Чалавек фармуецца ад таго, як ішло яго жыцьцё: дзе ён нарадзіўся, зь кім кантактаваў, у якую школу хадзіў, у якой сям''і выхоўваўся, у якой жыў сыстэме. Пасьля гэтага можна гаварыць пра пазыцыю чалавека – што ён бачыў, што ён чытаў, што ён адчуваў.

Для мяне вельмі важнымі былі гістарычныя факты, пра якія мы даведаліся ўжо ў часе перабудовы – галадамор, калі загінулі мільёны ўкраінцаў, рэпрэсіі, якія зьнішчылі найлепшых сыноў і дачок Украіны. Я ўсё гэта чытаў, я бачыў усе дакумэнты. Гэта паўплывала на пазыцыю чалавека, на ідэалёгію, на ацэнкі.

Натуральна, калі зьявіўся шанец для Ўкраіны мець сваю дзяржаву, а яна яе мела яшчэ гістарычна даўно, – ня трэба забывацца на Кіеўскую Русь, на Казацкую нашую дзяржаву – пяцьсот гадоў таму, – карані, яны – тут, на нашай зямлі. Усе гэтыя карані, усе гэтыя гістарычныя факты. Я зразумеў, што можна мець незалежную дзяржаву.

Хто ня хоча жыць свабодна, незалежна, той, відаць, не асоба. Зьявілася магчымасьць, мы й скарысталіся. Я на паседжаньнях СНД, калі мы зьбіраліся, увесь час гаварыў, што кожная краіна – член СНД – павінна быць незалежнай – і Ўкраіна, і Беларусь, і тая ж Расея, іншыя дзяржавы. Яны павінны быць незалежныя! І нашая палітыка павінна быць партнэрскай, нашая палітыка павінная быць дзяржаўніцкай і партнэрскай”.

(Карэспандэнт: ) “Як тагачасны сьпікер беларускага парлямэнту Шушкевіч выступаў у пытаньні беларускай незалежнасьці?”

(Краўчук: ) “Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч ў гэтым пытаньні займаў дакладную і зразумелую пазыцыю – ён хацеў як найлепей для Беларусі, ён хацеў, каб народ Беларусі быў нацыяй, каб была дзяржава, з уласнаю культурай, з уласнай мовай, каб яна не распусьцілася сярод іншых, і ён вельмі талерантна і з павагаю ставіўся да Расеі, ён заўсёды гаварыў, што бачыць Беларусь толькі ў якасьці партнэра Расеі.

Але калі паўстала патрэба пазыцыі адносна незалежнасьці Беларусі, ён заняў яе як прадстаўнік дзяржавы. Хто больш, хто менш, але ўсе мы стаялі на тым, што кожная краіна павінна быць дзяржаваю. Усе гэта падзялялі, і Ельцын у тым ліку. Можа, Ельцын недзе меў думку, што гэта ня будзе вечна, што ўсё роўна ў нейкі саюз мы ператворымся – ці то ў славянскі, ці яшчэ ў які. Было ў яго гэта, але тое, што Савецкі саюз, гэтая імпэрыя павінна перастаць існаваць і павінна быць незалежнасьць, – ён разумеў.

Мяне, напрыклад, шакавала заява прэзыдэнта Пуціна, калі ён сказаў, што развал Савецкага Саюзу ён лічыць нацыянальнай трагедыяй. Ведаеце, вельмі сымптаматычная заява. Значыць, жыве ў прэзыдэнта Расеі надзея на тое, што той саюз, які разваліўся, усё роўна павінен быць. Мяне такая заява шакуе. Я ніяк не магу зь ёй зьмірыцца”.

(Карэспандэнт: ) “Далей Леанід Краўчук расказаў пра крыніцы і шляхі да незалежнасьці ўкраінскай дзяржавы”.

(Краўчук: ) “Калі мы хацелі сваёй незалежнасьці, мы не кіраваліся мітам Расеі, мы хацелі мець сваю дзяржаву і пазбыцца ўплыву на Ўкраіну зь іншага боку. Незалежна зь якога – для мяне няма значэньня – ці то Расеі, ці іншай краіны. Для мяне мае значэньне тое, што Ўкраіна павінна быць і мае права, мае падставы, быць незалежнай. А нацыя, народ Украіны, мае права мець уласную дзяржаву, быць гаспадаром у сваёй дзяржаве, самой вырашаць усе праблемы, маючы добрыя нармальныя стасункі і з Расеяй, і зь Беларусьсю, з усімі краінамі – і суседзямі, і не суседзямі. Гэта нармальная палітычная пазыцыя народу. А ўжо пытаньне, хто больш, хто менш прыгнятаў Украіну, то ў нас былі розныя праблемы. Былі праблемы з Польшчаю, былі праблемы з Расеяй. Я ж не магу сказаць, што для мяне прыгнёт Польшчы больш салодкі за прыгнёт расейскі. І той быў прыгнёт, і той быў прыгнёт. Пад гнётам Расеі мы былі 350 гадоў – нядаўна адзначалі ўгодкі Пераяслаўскай Рады. 350 гадоў жылі ў складзе Расеі. Ясная справа, што было за гэтыя 350 гадоў. Выснова адна: народ ня можа жыць у залежнасьці ад іншага. Гэта – пазыцыя. А ўжо як аформіць гэтую пазыцыю – адзін толькі шлях – пабудаваць сваю дзяржаву”.

Ідэя сустрэчы ў Віскулях належыць Шушкевічу.(Карэспандэнт: ) “Мне давялося чуць, што калі Леанід Краўчук ехаў ў Віскулі, ня ведаў, што будзе там падпісваць. Гаворыць першы ўкраінскі прэзыдэнт”.

(Краўчук: ) "Гэта – праўда. Ідэя сустрэчы ў Віскулях належыць Шушкевічу. Мы калі былі ў Новаагарова, увесь час гаварылі, што трэба сустрэцца і абмеркаваць праблемы. Ельцыну належыць фраза "Трэба сустрэцца без Гарбачова". Гэта значыць, пагаварыць, каб не было Гарбачова. Шушкевіч гаворыць, што найлепей было б сустрэцца ў Беларусі. Якраз быў візыт Ельцына ў Беларусь, а мяне запрасілі, Шушкевіч пазваніў мне, сказаў – Леанід Макаравіч, тут ёсьць Ельцын зь візытам, можа, Вы прыедзеце і мы скарыстаемся гэтым візытам і пагаворым. І я прыляцеў. Ідэя належыць Шушкевічу”.

(Карэспандэнт: ) “За што Вы можаце ганарыцца ў сучаснай Украіне і за што Вам няёмка?”

(Краўчук: ) “Я ганаруся, што ва Ўкраіне нам удалося атрымаць незалежнасьць бяз кроплі крыві. Мы здолелі стварыць дзяржаву ўкраінскую, якая ня бачыла страшэнных патрасеньняў, людзкіх ахвяраў, якая прайшла і цяпер ідзе дарогаю паразуменьня, спакою і міру. Гэта самае галоўнае, чым я магу ганарыцца. І гэтая традыцыя міру і злагады цяпер ва Ўкраіне існуе. Чым я не магу ганарыцца, – тым, што мы не змаглі пабудаваць адкрытую, рынкавую, празрыстую эканоміку. Мы не змаглі дабіцца таго, каб людзі жылі дастойна. Беднасьць ва Ўкраіне складае 70 працэнтаў. Людзі бедна жывуць. За рысаю беднасьці. Тут і мая ёсьць віна, бо я ня здолеў на пачатку незалежнасьці зрабіць такіх крокаў, якія б зрабілі немагчымымі такія рэчы. Я ўжо не кажу пра злачыннасьць, карупцыю, пра ценевую эканоміку, пра амаральнасьць у тым ліку і ўлады. Улада павінна быць маральнай, а яна сёньня ня можа прэтэндаваць на маральнасьць, на жаль. У нас цяпер такая ўлада, а гэта тычыцца, дарэчы, і Беларусі, іншых краінаў былога СССР. Нашыя прэзыдэнты думаюць, што грамадзяне маюць права толькі іх хваліць, а не маюць права іх крытыкаваць. Гэта – зло”.

(Карэспандэнт: ) “На сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах Краўчук падтрымаў кандыдатуру Віктара Януковіча. Краўчук падкрэсьліў, што не ўваходзіць у штаб Януковіча, падтрымлівае яго без уваходу ў нейкія структуры”.

(Краўчук: ) “Я лічыў і лічу, што прэзыдэнт Януковіч мог бы хутчэй вырашыць тыя праблемы, якія стаяць перад Украінай. Перадусім эканамічныя праблемы. Ён бы змог, на маю думку, хутчэй бы змог аб''яднаць намаганьні ўсяе Ўкраіны, выкарыстаць патэнцыял Усходу Ўкраіны для больш актыўнага яе разьвіцьця. У нас жа 80 працэнтаў усяго прамысловага багацьця Ўкраіны знаходзіцца на Ўсходзе. І толькі 20 – на Захадзе. Усе вобласьці, апрача Кіеву, якія датуюць, знаходзяцца на Ўсходзе. А тыя, якія атрымліваюць датацыю, знаходзяцца на Захадзе”.

(Карэспандэнт: ) “Я удакладніла – гэта прагматычная падтрымка ці яшчэ й ідэалягічная?”

(Краўчук: ) “На мой погляд, толькі прагматычнымі былі мае ініцыятывы. Я ідэалёгію у дадзеным выпадку асабліва не разглядаў, бо ідэалёгіі фармуюцца не адным прэзыдэнтам. Ідэалёгія сфармаваная на пачатку незалежнасьці Ўкраіны, ніхто не зьбіраўся і ня зможа зьмяніць яе. Ні Юшчанка, ні Януковіч”.

(Карэспандэнт: ) “Шмат гаворыцца пра тое, што Януковіч – праўладны кандыдат, падтрыманы Кучмам...”

(Краўчук: ) “Фармальна Януковіч быў выстаўлены цэнтрысцкімі дэмакратычнымі сіламі. Ён быў выстаўлены партыямі і фракцыямі цэнтрысцкага кірунку. Кучмам ён не выстаўляўся. Іншая справа, што Кучма падтрымліваў Януковіча. Не наўпрост, але падтрымліваў ня Юшчанку, але Януковіча. Хаця ён не высоўваў яго ў якасьці кандыдата на прэзыдэнта. Януковіч ня быў фармальна часткаю ці складнікам эліты ўкраінскага цэнтру – Кіеўскай. Ён прыйшоў з Данецку, увесь час працаваў на рэгіянальным узроўні. І ў Данецку яму ўдалося зрабіць так, што вобласьць выйшла ў лік пасьпяховых абласьцей. Параўнальна. Хаця, калі мы кажам пасьпяховыя, мы заўсёды маем на ўвазе параўнальны момант. Ён прыйшоў прэм''ерам. Ягонае прэм''ерства было пасьпяховым. За той час Украіна здабыла, а гэта прызнаюць усе, ня толькі, скажам, прыхільнікі, але і апанэнты, ня могуць не лічыцца з тым, што тэмпы росту эканомікі за часам Януковіча былі найвышэйшыя. І таму лічыць, што Януковіч – гэта прадстаўнік Кучмы, я б так не лічыў. Проста Кучма падтрымліваў Януковіча, але гэта не азначае, што ён падтрымліваў толькі Януковіча”.

(Карэспандэнт: ) “Далей я папрасіла Леаніда Краўчука ацаніць ролю Расеі ў тым, што назвалі ўкраінскім палітычным крызысам?”

(Краўчук: ) “Ня больш як ролю заходніх краінаў. Ня больш. Бо калі ва Ўкраіну прыяжджалі эмісары, пасярэднікі зь міжнароднай місіяй, на круглыя сталы. Я прысутнічаў, дык яны проста патрабавалі, цьвёрда патрабавалі перагаласаваньня, пера – пера... Яны як бы дэмакратычна, але насамрэч – трэба перагаласаваць, трэба тое рабіць, трэба іншае рабіць. Я не хачу, каб гаварылі толькі пра Расею. Былі захады і з боку Захаду, і з боку Расеі. Я не магу гаварыць, што Расея ня ўмешвалася, але рабіць выгляд, што ўмешвалася толькі Расея, – гэта няпраўда. Умешваліся ўсе. І ўмешваюцца, дарэчы".

(Карэспандэнт: ) “У часе крызысу ня раз паўставала пытаньне аб пагрозе сэпаратызму, разьдзеле Ўкраіны”.

(Краўчук: ) “Пакуль сэпаратызму няма. Сэпаратызм – гэта калі тая ці іншая тэрыторыя адміністрацыйна хоча быць ня толькі самастойнай, але і мець мэту выйсьці са складу дадзенай дзяржавы. Такога ў нас няма. Ёсьць жаданьне пэўных тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак мець больш самастойнасьці. Дакладней, ідзе пра фэдэральны ўклад, пра аўтаномію тых ці іншых адзінак у рамках межаў Украіны. Я – за ўнітарную дзяржаву выступаю. Выступаў і хачу, каб яна засталася ўнітарнай. Лічу, што пакуль Украіна не стаіць так моцна на нагах, як трэба было б, падкінуць ідэю фэдэралізацыі – гэта можна зруйнаваць сыстэму ўпраўленьня і сыстэму дзяржаўнага будаўніцтва Ўкраіны”.

(Караткевіч: ) “Леанід Краўчук не зьбіраецца да 26-га сьнежня спыняць падтрымкі Віктара Януковіча?”

(Краўчук: ) “Я ніколі не мяняў сваіх пазыцыяў. На дарозе я вызначыўся. Ведаеце, як сказана ў Бібліі – калі ты нават робіш памылку, зрабі яе да канца. Каб ты і Бог пераканаўся, што гэта была памылка і зрабілі адпаведныя высновы. Я пакуль не магу гаварыць пра сваю памылку Я падтрымліваў, падтрымліваю і буду падтрымліваць. Незалежна ад таго, як завершацца выбары. Я не ўспрымаю людзей, якія зьмяняюць свой пункт гледжаньня ў залежнасьці ад кан''юнктуры. Умоўна кажучы – калі шанцаў больш у Юшчанкі, а не ў Януковіча, – то ўсе бягуць да Юшчанкі. Заўтра шанцаў больш будзе ў Януковіча, усе будуць бегчы да Януковіча. Гэта палітычныя флюгеры. Гэта – не постаці. У іх не стае нават сілы волі і мужнасьці стаяць да канца на сваіх пазыцыях”.

(Караткевіч: ) “Якія эмоцыі ў Леаніда Краўчука выклікаў Майдан Незалежнасьці?”

(Краўчук: ) “Розныя. У мяне не было адназначных. Я часта гаварыў, што студэнты маюць права, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, выступаць на Майдане і выказваць свае пазыцыі, думкі, нязгоду з палітычнымі лініямі ці постацямі. Гэта – іх права. Але катэгарычна быў супраць, каб яны блякавалі адміністрацыйныя будынкі, каб яны ўзялі на сябе права правяраць сумкі апанэнтаў, якія ідуць у памяшканьне кабінэту міністраў. Каб яны ўвогуле вялі сябе як паліцаі ці іншыя. Гэта ўжо ня мітынгі, гэта – спроба незаконна ўзяць сабе ўладу. А незаконна ўзятая ўлада караецца адпаведнымі артыкуламі”.

(Карэспандэнт: ) “Калі б Леанід Краўчук цяпер кіраваў Ўкраінай, што б ён першым зрабіў, каб палепшыць сытуацыю”.

(Краўчук: ) “Найперш я б зьвярнуўся да палітычнай эліты. Палітычная эліта павінна зразумець, што на ёй галоўная адказнасьць за будаўніцтва дзяржавы. Палітычная эліта – гэта хрыбет. Яна павінна весьці народ. Ня ісьці за народам, а весьці яго. Таму што ісьці лягчэй, чым весьці. Калі б палітычная эліта зразумела, ці згрупаваць частку эліты, якая здатная сфармаваць уладу, сфармаваць сапраўды дэмакратычную канстытуцыю, прыняць сапраўды дэмакратычныя законы і ачоліць структуры дзяржаўнай улады, толькі з гэтага трэба пачынаць. Калі такой эліты няма, стараюцца на людзей, якія ня маюць унутранага стану, унутранай патрэбы будаваць дэмакратычную незалежную дзяржаву, то добрых наступстваў чакаць ня варта. Я б пачаў з гэтага. Тады можна было б гаварыць і пра дэмакратыю, і пра ўсё, што зьвязана з будаўніцтвам дзяржавы”.

(Караткевіч: ) “Далей у нашай гутарцы мы зь Леанідам Краўчуком вярнуліся да тэмы Расеі і яе ўплыву на тэрыторыях постсавецкай прасторы, які, як адзначаюць аглядальнікі, ужо не такі моцны”.

(Краўчук: ) “Расея – краіна з імпэрскай псыхалёгіяй. Я ня ведаю, ці памятаеце Вы, у часы Ельцына была выпрацаваная канцэпцыя. Канцэпцыя замежнапалітычнай палітыкі, дзе было вызначана, што Ўкраіна, Беларусь, іншыя – знаходзяцца ў сфэры стратэгічнага ўплыву Расеі. Яна гэтым і кіруецца. Яна кіруецца сваімі палітычнымі амбіцыямі – Вялікая Расея павінна кіраваць у рэгіёне, не выпускаць са сфэры ўплыву ні Беларусь, ні Ўкраіну, ні іншыя краіны. Гэта што да замежнай палітыкі. Што да ўнутранай, – я магу сказаць, што тэндэнцыя ў цяперашняга кіраўніцтва Расеі – цэнтралізацыя ўлады. Цэнтралізацыя ўплыву. Пазбаўленьне магчымасьцяў дэмакратычных сілаў жыць паводле дэмакратычных законаў у поўным разуменьні гэтага слова”.

(Караткевіч: ) “Леанід Краўчук дзеліцца ўражаньнямі ад цяперашняга расейскага прэзыдэнта Пуціна”

(Краўчук: ) “Калі ён прыйшоў да ўлады, я яго ўспрыняў як праграматыка. Для мяне ён быў прагматыкам. Я Ельцына ўспрымаў эмацыйным. Вельмі эмацыйным. Ён прыяжджаў ва Ўкраіну, гаварыў, што ён думае пра Ўкраіну, трэба думаць пра Ўкраіну ўвесь час, дык складалася ўражаньне, што ён ужо ня думае пра Расею, а думае пра Ўкраіну. Хутчэй, гэта ў яго была такая манера гаварыць, такая манера думаць. Гэта не было яго ўнутранае перакананьне, гэта была яго форма. Пуцін – прагматык. Але выхаваньне, калі прыйшоў Пуцін, на маю думку, гэта вельмі жорсткае выхаваньне асобы ў той сыстэме, зь якой ён выйшаў. У яго ёсьць схільнасьць да аўтакратычных мэтадаў кіраваньня. Я бачу, назіраю – ёсьць схільнасьць”.

(Карэспандэнт: ) “Леанід Краўчук моцна выступаў за ўкраінскую аўтакефальную праваслаўную царкву...”

(Краўчук: ) “Значыць, было так. Украіна належала да Маскоўскага патрыярхату. І ў нас, ва Ўкраіне, быў Экзархат. І экзархам быў Філарэт. Калі пачаліся ўсе гэтыя праблемы, зьвязаныя зь незалежнасьцю, то Філарэт паставіў пытаньне пра большую незалежнасьць царквы. Гэта яшчэ за савецкім часам. І маскоўскі патрыярхат даў больш правоў ўкраінскаму экзархату. Не незалежнасьць, а больш правоў. Калі Ўкраіна ў 1991 годзе здабыла незалежнасьць, я тады агучыў фразу, якую і цяпер часта ўжываюць, што “ўкраінская дзяржава павінна мець сваю праваслаўную царкву, незалежная дзяржава павінна мець сваю незалежную аўтакефальную царкву”. І з таго часу пачалася прынцыповая пазыцыя ўкраінскага патрыярхату на чале з Філарэтам і Маскоўскай царквы ва Ўкраіне на чале зь мітрапалітам Володымірам. Дагэтуль у нас напружаныя дачыненьні паміж маскоўскім патрыярхатам і кіеўскім патрыярхатам”.

(Карэспандэнт: ) “А зараз спадар Краўчук гаворыць пра сябе як пра верніка.”

(Краўчук: ) “Ведаеце, я нарадзіўся ў сям''і вернікаў, хрысьціўся, хадзіў у царкву зь дзяцінства, вельмі ж сям''я ставілася да веры з павагай. Але калі я стаў ідэолягам, цалкам натуральна, – сакратар ідэалёгіі, – я ня проста так прымаў усё на веру. Я шмат чытаў, шмат асэнсоўваў. І калі чытаеш шмат атэістычнай літаратуры, то складваецца новая філязофія, новая думка. І я адкрыта, шчыра верыў у тое, што атэізм – прагрэсіўная ідэалёгія, прагрэсіўны кірунак чалавечага жыцьця. Я ў гэта верыў. Але калі зьмянілася сытуацыя, калі на паверхню вылезьлі ўсе гэтыя жахлівыя праблемы, якіх я ня ведаў ці не павінен быў ведаць, – зьнішчэньне царквы ва Ўкраіне, зьнішчэньне аўтакефальнае царквы, руйнаваньне храмаў, – дзікія рэчы, якія не ўкладаюцца ў галаве... Я заўсёды паўтараў : "Дзяржава, якая руйнуе веру, якая нішчыць цэрквы, якая топчацца па костках сваіх людзей, – яна ня мае права на жыцьцё. Такая дзяржава павінна быць замененая. Гэта маё глыбокае перакананьне.Калі ўсе гэтыя рэчы адкрыліся, я сапраўды павярнуўся да веры. Я не магу сказаць, што я фанатычна веруючы чалавек. Я проста веру і ўсё”.

(Карэспандэнт: ) “Наступным маім пытаньнем было пытаньні, датычнае ролі ЗША ў сучасным сьвеце і падзеяў у Іраку”.

(Краўчук: ) “Умяшаньне Амэрыкі ў ірацкія праблемы ацэньваюць па-рознаму. Пад якім бы лёзунгам яны ня ішлі – ці тое сьцвярджэньне дэмакратыі, сьцьвярджэньне цывілізацыі, сучаснага ладу жыцьця, скажам на той зямлі. Ідэя – пачэсная. Бо пры ўсім тым – калі даведваесься пра тое, што там, у Іраку, адбывалася ў часе Хусэйна – гэта трагедыя. З аднаго боку, – кожны народ жыве, як хоча. Але калі народ памыліўся, і да ўлады прыйшла нейкая хунта ці чалавек зь нейкімі вычварэньнямі, які ўстанаўляе дыктатуру, які людзей зьнішчае, забівае, няўжо ўсе павінны глядзець і маўчаць? Чаму ўсе маўчаць? Няхай робіцца? Адносна Іраку, мажліва, не было б такой увагі, каб ня два моманты. Найперш – гэта нафта, па-другое, страх перад атамнай і хімічнай зброяй. Таму такое ўмяшаньне ў справы Іраку было выклікана гэтым. Я не магу сказаць, што цалкам асуджаю амэрыканцаў ці іншых. Я думаю, што ў Амэрыкі місія. Калі быў СССР, былі дзьве сілы – амэрыканская і савецкая. Быў балянс. Цяпер засталася фактычна адна Амэрыка.

Расея ня можа цяпер прэтэндаваць на такую ролю, якую адыгрываў Савецкі Саюз. І Амэрыка гэта адчувае. Амэрыка нясе адказнасьць за арганізацыю жыцьця паводле новых прынцыпаў. Але тых прынцыпаў, на жаль, у сьвеце не існуе. Няма ў сьвеце роўнасьці, роўных правоў і магчымасьцяў. Таму Амэрыка часта выступае з пазыцыі сілы. А яна павінна выступаць з пазыцыі дэмакратыі”.

(Карэспандэнт: ) “Аляксандар Лукашэнка зьбіраецца балятавацца на трэці тэрмін. У выніку рэфэрэндуму былі ўнесеныя зьмены ў Канстытуцыю. Як Леанід Краўчук ацаніў гэтую падзею”.

(Краўчук: ) “Калі чалавек нешта робіць не ў адпаведнасьці з законам ці выкарыстоўвае сытуацыю не ў рамках Канстытуцыі і закону, людзі заўжды выступаюць супраць. Іншая справа – колькі тых людзей. Сёньня 5, заўтра – 10, пасьлязаўтра можа быць 10 тысячаў. Гэта залежыць ад сытуацыі. Я адно паўтараю і буду паўтараць – і Лукашэнку, і ўсім іншым – прэзыдэнт павінен дзейнічаць у рамках Канстытуцыі і закону. Як толькі ён пераступае Канстытуцыю і закон, ён перастае быць прэзыдэнтам”.

(Карэспандэнт: ) “А зараз пра эмоцыі адносна Аляксандра Лукашэнкі”

(Краўчук: ) “А ведаеце, амаль ніякіх. Я вось гляджу на яго, як ён выступае, калі гаворыць... Я гляджу на яго і нават не рэагую. Няма рэакцыі. Я проста гляджу як на рэчы, якія ад мяне не залежаць і я нічога не магу зьмяніць”.

(Караткевіч: ) “І пры канцы размовы я папрасіла Леаніда Краўчука ўвогуле ацаніць сытуацыю ў Беларусі”

(Краўчук: ) “Ведаеце, я Беларусь крыху ведаю. Сёньня я не магу прабачыць сёньняшняй беларускай уладзе, што яны старшыню Вярхоўнага Савету Беларусі Шушкевіча пасадзілі на пэнсію памерам у некалькі даляраў. Я ніколі гэтага не дарую. Гэта азначае, што ўлада амаральная ў сваёй сутнасьці. Яна не змагла ўзьняцца. Тое, што Шушкевіч крытыкаваў, дык гэта ягонае права ў дэмакратычнай дзяржаве крытыкаваць каго заўгодна. Але ўлада не змагла ўзьняцца над прымітыўнымі ўяўленьнямі і амбіцыямі і паставіла такога чалавека ў такое становішча. Гэта не ўпрыгожвае ані ўладу, ані народ, ані нацыю. Тое, што я чытаю, бачу, аналізую – гэта проста ганьба”.
XS
SM
MD
LG