Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэпутат Эўрапарлямэнту А.Сакалас: На тэрыторыі Літвы павінны быць створаныя незалежныя беларускія СМІ


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня літоўскі эўрапарлямантар Алаізас Сакалас у часе сваёй прэсавай канфэрэнцыі адзначыў, што дэмакратызаваць Беларусь магчыма толькі шляхам разьвіцьця свабоднай прэсы і на тэрыторыі Літвы павінны быць створаныя незалежныя беларускія СМІ, паколькі гэта немагчыма у самой Беларусі.

Пра сытуацыю зь беларускімі незалежнымі СМІ сёньня гаварыў Алаізас Сакалас, літоўскі эўрапарлямантар, сацыял-дэмакрат, на сваёй прэсавай канфэрэнцыі “Лабірынты палітыкі Эўрапейскага Зьвязу”. А. Сакалас адзначыў, што гэтая тэма абмяркоўвалася і на паседжаньні парлямэнцкай групы сацыялістаў у Страсбуры.

(Сакалас: ) “Дэмакратызаваць можна толькі такім шляхам, – каб кожны чалавек, які жыве у Беларусі, мог паслухаць свабоднае радыё, паглядзець свабодную тэлевізію і чытаць свабодную прэсу. Найбольш дзейсны сродак – радыё, а яшчэ больш дзейсная тэлевізія. Аднак стварыць у самой Беларусі свабодную радыёстанцыю і свабодны тэлеканал цяпер немагчыма, таму адзіная альтэрнатыва – такія мэдыі стварыць у Літве, альбо, у найгоршым выпадку, у Польшчы. І адсюль трансьляваць на беларускай мове тую інфармацыю, тыя паведамленьні, якія прымусяць людзей у Беларусі задумацца, што існуе іншая інфармацыя, іншыя меркаваньні, акрамя тых, якія распаўсюджвае Лукашэнка і яго прыхільнікі”.

Літоўскі эўрапарлямантар нагадаў пра рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць свабоднай прэсы і адсутнасьць незалежных радыё і тэлевізіі.

(Сакалас: ) “Я выдатна разумею, што такое індактрынацыя – калі гаворыцца з году у год, што ёсьць адзіны і справядлівы чалавек, і адзіная і правільная улада – улада гэтага чалавека, і людзі пачынаюць верыць, што гэтак і ёсьць. Мы самі прайшлі тую школу індактрынацыі, і выдатна гэта ведаем, таму барацьба з індактрынацыяй мае быць свабодная прэса, свабодная тэлевізія, свабоднае слова на радыё. Пакуль гэтага ня будзе, мы можам выказваць шкадаваньне, прыймаць рашэньні, ужываць эканамічныя санкцыі – гэта шмат не дапаможа.”

Паводле літоўскага эўрапарлямантара, калі Эўразьвяз вылучыць сродкі на свабодныя сродкі інфармацыі на беларускай мове на тэрыторыі Літвы, у беларускіх уладаў ня будзе нагоды папракаць Літву у парушэньні дабрасуседзкіх дачыненьняў.
XS
SM
MD
LG