Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“New York Times”: ці можа аранжавая рэвалюцыя паўтарыцца ў Беларусі або нават Расеі?


Юры Дракахруст, Прага “Чаму атрымалася ва Ўкраіне? Простых адказаў няма” – у артыкуле пад такім загалоўкам “New York Times” аналізуюцца перадумовы ўкраінскай аранжавай рэвалюцыі і магчымасьць яе паўтарэньня ў іншых краінах рэгіёну. Са зьместам публікацыі вас азнаёміць наш карэспандэнт.

Калі падчас галасаваньня, што адбудзецца ў бліжэйшую нядзелю, пераможа, як чакаецца, Віктар Юшчанка, узьнікне спакуса расцаніць ягоную перамогу як простае сьведчаньне трыюмфальнага шэсьця дэмакратыі па ўсёй плянэце – ад такой тэзы адштурхоўваецца аўтар артыкулу ў “New York Times” Стывэн Лі Майерс.

Ён аднак прыгадвае, што ўсе гады незалежнасьці ва Ўкраіне існавалі перадумовы дэмакратыі : палітычная канкурэнцыя, незалежнасьць судовай сістэмы, палітычная актыўнасьць выбаршчыкаў.

Майерс прыводзіць словы рэгіянальнага дырэктара праграмы разьвіцьця ААН Кальмана Міжэя, паводле якога тэндэнцыя палітычнага разьвіцьця Ўкраіны адрозьніваецца ад той, што існуе ў Расеі ці Беларусі. “Магчыма, гэта зьвязана з тым, што самая тканіна грамадзянскай супольнасьці ў гэтых краінах адрозьніваецца” – гаворыць Кальман Міжэй.

Аўтар артыкулу ў “New York Times” піша, што наўрад ці хто з украінцаў назаве Леаніда Кучму героем, аднак сутыкнуўшыся з масавымі пратэстамі і не атрымаўшы адназначнай падтрымкі з боку органаў бясьпекі, Кучма саступіў і дамовіўся пра кампраміс, у выніку якога Янукровіч апынуўся ў ізаляцыі.

Стывэн Лі Майерс цытуе словы дарадцы кіраўніка адміністрацыі Ўкраіны Міхаіла Пагрэбінскага, які лічыць, што гэткай рэвалюцыі не было б, калі б улада сама ня вырашыла сысьці. Аднак – адзначае аўтар артыкулу – да гэтага рашэньня ўладу, мякка кажучы, “падштурхнулі”. Сярод фактараў гэтага “падштурхоўваньня” ён называе парлямэнт Украіны, які нягледзячы на ўсе хібы, быў усё ж арэнай энэргічнай барацьбы палітычных сілаў. У той жа час – піша Майерс – у Расеі і Беларусі парлямэнты ператварыліся ў “машыны для галасаваньня”.

Артыкул у “New York Times” закранае тэму фінансавай падтрымкі ўкраінскай апазыцыі з боку Захаду. Майерс адзначае, што летась адміністрацыя Буша выдаткавала 58 мільёнаў даляраў на распаўсюд дэмакратычных каштоўнасьцяў, аднак паводле амэрыканскіх урадоўцаў, гэтыя сродкі не ішлі на выбарчую кампанію Юшчанкі.

“New York Times” піша, што па меншай меры адзін з гэтых грантаў мог стацца сапраўды карысным – гэта праграма амэрыканскай асацыяцыі адвакатаў па падрыхтоўцы юрыстаў і судзьдзяў у рэгіёне, праграма, якая каштавала 400 тысячаў даляраў.

Сярод удзельнікаў гэтай праграмы былі 5 судзьдзяў Вярхоўнага суду Ўкраіны, у тым ліку і Анатоль Ярэма, які старшыняваў на пасяджэньні суда, на якім былі ануляваныя афіцыйныя вынікі другога тура выбараў і прызначанае перагаласаваньне.

Майерс адзначае, што лідэры расейскай і беларускай апазыцыі, некаторыя зь якіх наведалі Кіеў, каб на свае вочы ўбачыць рэвалюцыю, спадзяваліся зрабіць з украінскага досьведу ўрокі для ўласнай барацьбы.

Аднак ўсё ўрэшце залежыць ня столькі ад палітычнага працэсу ці судовай улады, колькі ад народу – мяркуе аўтар артыкулу ў “New York Times”.
XS
SM
MD
LG