Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпікер польскага Сэйму быў супрацоўнікам камуністычных спэцслужбаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы сэнсацыйны вырак люстрацыйнага суду – былы прэм’ер, а цяпер сьпікер Сэйму і лідэр кіроўнай польскай партыі – посткамуністычнага Саюзу левых дэмакратаў Озэф Алексы быў супрацоўнікам камуністычных спэцслужбаў.

(Судзьдзя: ) “У 1970-м годзе грамадзянін Алексы пагадзіўся супрацоўнічаць са спэцслужбамі Польскай народнай рэспублікі і прайшоў адпаведныя курсы. Цягам 8 гадоў Алексы пісаў справаздачы афіцэрам спэцслужбаў ды прапаноўваў новых кандыдатаў для вярбоўкі. За гэта ён атрымліваў грошы”, – словы судзьдзі Люстрацыйнага суду прагучалі як вырак ня толькі для самога Юзэфа Алексы, але й для усяго Саюзу левых дэмакратаў, лідэрам якога цяперашні сьпікер Сэйму быў абраны ў мінулыя выходныя.

Юзэф Алексы схаваў факт свайго супрацоўніцтва са спэцслужбамі яшчэ ў сярэдзіне 90-х, калі заняў пасаду прэм’ер-міністра Польшчы і ад таго часу катэгарычна адкідаў абвінавачаньні ў гэтай справе.

Пасьля абвяшчэньня выраку, парлямэнцкая апазыцыя, а таксама шэраг дэпутатаў ад кааліцыі запатрабавалі, каб Алексы неадкладна адмовіўся ад пасады сьпікера, бо, паводле іхных словаў, ён кампрамэтуе ўвесь Сэйм.

“Я абсалютна ня згодны з рашэньнем суду, буду яго абскарджваць і ў адстаўку ня сыйду”, – заявіў у адказ Юзэф Алексы.

Калі сёньняшні вырак пацьвердзіць Люстрацыйны суд другой інстанцыі, спадар Алексы ня зможа займаць дзяржаўныя пасады цягам 10 гадоў.
XS
SM
MD
LG