Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Amnesty International" патрабуе, каб суд над Марынічам быў справядлівым


Юры Дракахруст, Прага Міжнародная праваабарончая арганізацыя "Amnesty International" патрабуе ад беларускіх уладаў, каб суд над Міхаілам Марынічам быў справядлівым. "Магчыма, што лідэр апазыцыі Міхаіл Марыніч церпіць перасьлед з боку уладаў толькі з прычыны несупадзеньня яго палітычных поглядаў з афіцыйным пунктам гледжаньня", – гаворыцца ў заяве лёнданскага бюро "Міжнароднай амністыі".

Арганізацыя заклікае беларускія улады даць гарантыі таго, што суд над Марынічам пройдзе ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі.

“Інфармацыя беларускіх праваабарончых арганізацый пацьвярджае, што абвінавачаньні супраць Марыніча былі сфабрыкаваныя – гаворыцца ў заяве праваабарончай арганізацыі. "Міжнародная амністыя" не валодае дастатковай інфармацыяй, каб рабіць уласныя высновы, але калі гэтая інфармацыя пацьвердзіцца, а Марыніч будзе асуджаны да турэмнага зьняволеньня, арганізацыя прызнае яго вязьнем сумленьня і запатрабуе яго неадкладнага вызваленьня”, – паведамляецца ў заяве лёнданскага бюро "Amnesty International".

"Міжнародная амністыя" таксама выказвае перасьцярогі наконт магчымага ціску на адваката Марыніча Веру Страмкоўскую. Дакладчык арганізацыі па Беларусі Гэзер Макгіл лічыць, што судзьдзя павінен мець магчымасьць "непрадузята разгледзець справу, грунтуючыся на фактах, без якога-небудзь націску".

“Арышт і суд над Марынічам – яшчэ адзін прыклад высокай цаны, якую ў Беларусі даводзіцца плаціць за погляды, супрацьлеглыя афіцыйным”, – лічыць прадстаўнік "Amnesty International" Гэзэр Макгіл.
XS
SM
MD
LG