Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Партрэт на Свабодзе: Валеры Сьліўкін, удзячны вучань Кліё


Віталь Сямашка, Ліда (эфір 22 сьнежня) Новая перадача сэрыі “Партрэт на Свабодзе”.

(Сьліўкін: ) “Сьніліся зялёныя ялінкі, трава зялёная. Прачнуся — уся падушка змакрэлая. Плакаў. Я зразумеў, што трэба вяртацца дахаты”.

Так празь дзесяцігодзьдзі пачалося ягонае прышэсьце ў родную Ліду, дзе нарадзіўся. Я не агаварыўся — менавіта так шмат хто з тутэйшых сёньня ўспрымае ягонае вяртаньне на малую радзіму ў 1990-я гады. Так і сказаў мне Аляксандар Жалкоўскі, былы рэдактар “Наперад”, як называлася мясцовая афіцыйная газэта аж да прыходу Лукашэнкі.

(Жалкоўскі: ) “Лідчукам пашэнціла — у наш музэй прыйшоў працаваць Валеры Сьліўкін. У краязнаўчай справе гэта незаменны чалавек, якому трэба кланяцца”.

За сьпіной у майго героя бурлівая маладосьць і залатыя горы. У літаральным сэнсе: ён геоляг па прафэсіі, мае чырвоны дыплём Маскоўскага ўнівэрсытэту. У Алмаце ў 27 абараніў кандыдацкую дысэртацыю, якраз пра паходжаньне залатых россыпаў. Побач з пустэльняй Каратаў адкрыў чатыры радовішчы золата. Экспэдыцыі ператвараліся ў экстрэмальны турызм. Працавалі 16–18 гадзінаў пры +35С. Усё папярэдняе жыцьцё скокаў вышэй за галаву — зноў жа, у літаральным сэнсе. Пры росьце за 160 браў планку 175–180 сантымэтраў. Займаўся лыжамі, штангай. Аж пакуль не пачало не вытрымліваць сэрца. Быў ня толькі нястрымны — нястрыманы. Калі ў адной з гульняў яго абыграў Гэдэшка, капітан зборнай СССР па баскетболе, што выйграла Алімпійскія гульні, кінуў гэты спорт. Зрэшты, у сытуацыі, заканчэньне якой вы чулі напачатку, набытыя воля ды ўпартасьць, бадай, уратавалі яму жыцьцё. Валеры Сьліўкін згадвае:

(Сьліўкін: ) “Прыйшоў самаход і зламаўся. Каб наўпрост, трэба было б 50 кілямэтраў ісьці, але на схілах нас ніколі б не знайшлі. Пайшлі па дарозе, як ішоў самаход, і мы з раніцы да васьмі вечара прайшлі 100 кілямэтраў. Пасьля гэтага ўлежку чатыры дні, ня мог нагой варухнуць. Ніводная цягліца не варушылася. Каб не дайшлі — зьмерзлі б”.

Ужо ў Лідзе, падчас перабудовы спрабаваў займацца оптавым гандлем бульбай ды мэбляй. Але яго, як кажуць, “кінулі” тыя, хто мае больш грошай ды ўлады. Між іншым, пра папярэдняе жыцьцё згадваць ня любіць. Хіба што за келіхам раскажа пра дзеда-шляхціца, які да прыходу за ім энкавэдыстаў закапаў радавое золата, але нікому не пасьпеў сказаць дзе. З прыходам навуковым супрацоўнікам у Лідзкі краязнаўчы музэй ды заснаваньнем сем гадоў таму ўнікальнага рэгіянальнага часопісу “Лідзкі летапісец” Валеры цалкам падпаў пад уплыў багіні гісторыі Кліё. Эмацыйны паэт ды журналіст Станіслаў Суднік кажа:

(Суднік: ) “Сьліўкін памяшаны на гісторыі, краязнаўстве. Калі падышлі да першага нумару, высьветлілася, што ня так шмат мы пра гэту Ліду ведаем. А сёньня такія аб’ёмы маем, што не ўмяшчаемся. Асноўная нагрузка па здабычы матэрыялаў на Сьліўкіне. І тое, што накапана, зьяўляецца інтэлектуальнай уласнасьцю Ліды, сёньня ёсьць кім ды чым ганарыцца. Гэтаму гораду неўзабаве 700 гадоў — і за гэты час тут такога нарабілі, што 700 гадоў апісваць трэба”.

Вось пра “нарабілі”, скажам, што да году заснаваньня самога гораду, дык гэта чыстая праўда.У савецкі час Ліду зрабілі на 57 гадоў маладзейшай. У 1980-м у мясцовых камуністаў зьявіўся шанец атрымаць ордэн “Знак пашаны” з Масквы. Тагачасны першы сакратар гаркаму КПБ Надзея Папова замітусілася, знайшла падтрымку нават найвядомейшых дасьледчыкаў. Сьліўкін згадвае:

(Сьліўкін: ) “Мальдзіс надрукаваўся ў лідзкай газэце — сьвяткуйце! Пацьвердзіў і доктар навук Грыцкевіч”.

(Карэспандэнт: ) “Зрабіў замах на самых крутых аўтарытэтаў-гісторыкаў Беларусі?”

(Сьліўкін: ) “Ну што ж ты зробіш”.

А было так. У часе працы ў архівах Вільні, Менску, Масквы ў Валерыя зьявілася шмат альтэрнатыўнай інфармацыі з розных крыніцаў. Апошняй кропкай стаў запылены фаліянт на старапольскай мове, знойдзены ў музэйным сховішчы. Яго дапамог перакласьці нябожчык цяпер ужо, магістар філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту, лідчук спадар Гэбельт. І вось вынік:

(Сьліўкін: ) “Цяпер усё пацьверджана Акадэміяй навук. Герб баяліся вешаць, бо было два гербы. У часы ВКЛ у 1590-м Жыгімонт Ваза даў — Ліда ж заўсёды была каралеўскім ці княскім горадам. У 1842-м расейцы далі новы — там зялёнае поле, на ім сноп перавязаны ды серп. Я так падазраю, саветы садралі свой герб зь Лідзкага расейскага, няма толькі молата. А герб ВКЛ — леў, што стаіць на задніх лапах на чырвоным тле. Леў — любімы сымбаль у Эўропе. Але другая частка, якая лідцзкі герб адрозьнівае ад усіх, — ключы на блакітным фоне. Быццам, ад неба”.

* * *

Гартаю падшыўкі “Лідзкага летапісца”, ягоныя публікацыі ў друку. Ажывае гісторыя, пра якую ня ведалі. Да прыкладу, на Лідчыне ніколі не фігуравала асоба Тадэвуша Касьцюшкі. Аказваецца, аднак, расейскія войскі ў той час бралі горад штурмам, і 300 паўстанцаў на чале са старастам Сцыпіёнам дэ Кампэ былі забітыя. А вось сьпіс тутэйшай шляхты, рэпрэсаванай пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Яшчэ адная адмысловая праца Валерыя — “Хрысьціянства на Лідчыне”. Досьлед пра паплечніка Андрэя Сахарава Мігдала, таксама лідчука. Дый хіба ўсё пералічыш... Ухваляючы Сьліўкіна, рэдактар Суднік, аднак, прафэсійна бурчыць:

(Суднік: ) “Ён па складу характару навуковец: пакуль да апошняй коскі якую-небудзь падзею, імя не дакапае, ня хоча даваць матэрыял у друк. Я ўжо зь ім сваруся: гранкі зраблю, ён зноў пачынае правіць. Ён да фактаў адносіцца аднолькава — дрэнны ці добры. Ён мкнецца Яе Вялікасьць Гісторыю падаваць такой, якая яна ёсьць”.

Мякка кажучы, гэта ня ўсім даспадобы. Анатоль Кулеш, былы выкладчык геаграфіі, які на пэнсіі заняўся краязнаўствам, не перастае абурацца Сьліўкіным, які, маўляў, адную зь ягоных публікацыяў публічна назваў у друку ж “гістарычным трызьненьнем”. Хаця й сам Анатоль Хведаравіч мусіў прызнаць:

(Кулеш: ) “Я тут, канечне, дапусьціў недакладнасьць — паверыў такому ж краязнаўцу, як сам. Напісаў ён, што каля Дакудава, у часе Паўночнай вайны пры пераправе падчас бойкі паміж расейцамі ды швэдамі амаль ня ўтоп Карл ХІІ, швэдзкі кароль. Сьліўкін як панес, што я ня ведаю гісторыі... Калі я дапушчу які хіб, дык ён бяжыць і дакладвае што гэта... няпраўда. Мне здаецца, робіцца гэта таму, што ён проста займае гэту пасаду”.

У дзень, калі мы сустракаліся, Валеры зьбіраўся на сход мясцовых неартадаксальных габрэяў, дзе мусілі абмяркоўваць сымха-тору. Разам са спадаром Мурахвэрам, легендарным шкловыдзімальшчыкам зь Бярозаўкі, залатым мэдалістам выставаў ад Осакі да Манрэалю. Уладзімер кажа:

(Мурахвэр: ) “І Валерыю гэта цікава, бо ў Лідзе было шмат габрэяў, што пачалі тут прамысловасьць. Быў Дзень памяці шасьці тысяч габрэяў, нявінна забітых у гета за Лідай. Гавораць: слова Сьліўкіну. Ён гаварыў настолькі нязьбітыя словы, свае адносіны — мяне гэта ўразіла! І я ўспомніў артыкулы, пераадолеў сваю далікатнасьць, падышоў, і мы пазнаёміліся”.

Уласна і са сваёй апошняй жонкай Натальляй (ягоны шлюб ня першы) пазнаёміўся, як кажуць, па справе. Натальля Сьліўкіна згадвае:

(Натальля: ) “Са сваім мужам пазнаёмілася, калі шукала матэрыял пра родную вёску Дзітва — дырэктар загадаў зрабіць краязнаўчы музэй. І вось Сьліўкін мне дапамог. А наўзамен патрабаваў, каб усё, што знойдзем, прыносіла ў музэй. Пачаліся нашыя паходы. А потым бліжэй сталі адно да аднаго”.

Ад чаго ён старанна трымаецца на адлегласьці, дык гэта ад улады. Хоць той жа былы рэдактар Жалкоўскі скаўзаў мне:

(Жалкоўскі: ) “Ён проста выручыў раённыя ды гарадзкія ўлады пры падрыхтоўцы кнігі-хронікі “Памяць”. Запароліся іхныя кадры, і Сьліўкіну прыйшлося тэрмінова напісаць многія разьдзелы тае кнігі”.

Тым ня менш, колішні галоўны мясцовы кіраўнік вэртыкалі Чарнышоў неаднаразова патрабаваў “прыбраць” зь любой нагоды яго з музэю. Чаму, зразумеў, слухаючы Марыну Багдановіч, якая на апошніх выбарах у Палату прадстаўнікоў замяніла зьнятага з дыстанцыі апазыцыянэра Сяргея Скрабца. І яна лічыць сябе вучаніцай Сьліўкіна.

(Багдановіч: ) “Так, усе, у каго ёсьць іншадумства, пазыцыя, абавязкова сустракаюцца са Сьліўкіным — скала, якой не абыдзеш. У яго кабінэт можна прыйсьці ў любы час, і абавязкова сустрэнеш таго, у каго гэткая ж неабыякавая пазыцыя. Ён змог выцягнуць зь мяне тое, што ўнутры — моцны характар, пачуцьцё справядлівасьці. Дробны штрых. На выходныя прыяжджаю да Сьліўкіна дахаты, ён сустракаецца зь людзьмі, што прайшлі праз канцлягер. І разумею, што калі ёсьць людзі, якія ахвяруюць, памятаюць, значыць, гэта трэба цяпер рабіць. Праз год я прыйшла ў апазыцыю, уступіла ў АГП”.

У кампутары Валерыя Сьліўкіна запісана звыш сотні споведзяў жыхароў Лідчыны розных гадоў — неацэнены пакуль скарб. Але да жыцьця ён ставіцца паводле Камю — як да “бясконцага бегу на доўгую дыстанцыю”. Распавядае намесьніца дырэктара Лідзкай бібліятэчнай сыстэмы Тамара Зенюкевіч:

(Зенюкевіч: ) “Ён хапаецца шмат за што — і музэйныя экспанаты зьбірае, і фатаздымкі. У яго можна запытацца пра любы пэрыяд, і ён што небудзь цікавае можа падказаць. Напрыклад, Купала на Лідчыне — шмат хто пісаў, ён падараваў кнігу “Над ракой Арэсай” бібліятэцы падчас прыезду ў Ліду, і гэта была першая кніга на беларускай мове, раней былі толькі на польскай ды габрэйскай. Гэта 1939 год. Ён нам сказаў, дзе яна знаходзілася. Дзе знаходзіўся кінатэатар “Эдысон”, дзе Купала выступаў. Прыяжджалі сяляне, каб сустрэцца, уся плошча была застаўленая вазамі. Тут былі гатэль і рэстарацыя — яна ў народзе называлася “амэрыканка”. Купала заказаў там сьняданьне для маладых заходніх паэтаў і пісьменьнікаў. І чарачку кожнаму”.

Заводзім з Валерыем гаману пра тое, што магло б спрыяць росту і што, наадварот, падштурхоўвае заняпад народу ды дзяржавы.

(Сьліўкін: ) “Тое, што наш этнагенэз не завершыўся, няма сумневу. Мы на мяжы паміж эўрапейскай цывілізацыяй і бізантыйска-татарска-мангольскай. Мы ў сабе нясем і канфэсійную мяжу — мы ж і ўніяты, праваслаўныя, кальвіністы, каталікі. Мы доўгі час жылі з габрэямі, і яны перадалі ня толькі кроў, але і рысы характару: абы было ціха, абы як-небудзь, яшчэ пацерпім, а тады стане як мае быць. І кроў францускіх, швэдзскіх жаўнераў — направа-налева тут хадзілі. І татары рабавалі, гвалтавалі нашых жанчын. Мы адбітак усіх ідэяў, што ішлі, як з Захаду, так і з Усходу. Таму мэнтальнасьць нашая асаблівая.

Мы ня мелі ніколі свайго чынавенства, купцоў, прамыслоўцаў. Жылі толькі на зямлі, належалі панам, кралі ў іх тое, што дрэнна ляжала. Прымаўка лідзкая — украсьць пэнкне, схаваць ладне, дык як зь неба падне... Хаця калісьці была талака, але засталася кланавай — як у тых магнатаў: кожны Патоцкі, кожны Тайзэнгаўз. Мусіць нарадзіцца інтэлігенцыя — яна толькі першага калена, слабапісьменная. Час усё зробіць, усяму свой час. Бо тыя дзеткі, што я ў музэі назіраю, у іх вочкі і душы ўжо адкрытыя. Ім зусім няшмат трэба — крыху закону, прасторы, выйсьця на замежжа. І той леў зь герба Лідчыны стане на лапы, і ключы ўжо будуць у нашых руках. Я ў гэта веру і не сумняваюся, што так будзе”.
XS
SM
MD
LG