Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыўся першы ў Беларусі Цэнтар разьвіцьця вясковага прадпрымальніцтва


Міхал Стэльмак, Менск У вёсцы Камарова Мядзельскага раёну сёньня адкрыўся першы ў Беларусі Цэнтар разьвіцьця вясковага прадпрымальніцтва. Гэта сумесны праект беларускага ўраду і прадстаўніцтва ААН у Беларусі. На месцы падзеі пабываў наш карэспандэнт.

У цырымоніі адкрыцьця Цэнтру разьвіцьця вясковага прадпрымальніцтва бралі ўдзел прадстаўнікі ўлады, ААН у Беларусі й жыхары Камарова. Дырэктарка новай установы Ала Вайцяховіч так патлумачыла Радыё Свабода яе неабходнасьць:

(Вайцяховіч: ) “Мэтай адкрыцьця Цэнтру сталася тое, што ў эканоміцы сельскай мясцовасьці неабходныя новыя сілы. Стварэньне новых прадпрыемстваў, разьвіцьцё дробных падсобных гаспадарак, і цэнтар будзе здольны дапамагчы мясцовым жыхарам гэта зрабіць”.

Ініцыятыву Алы Вайцяховіч і яе мужа Эдуарда Вацяховіча, які працуе ў Камарове дырэктарам сельскагаспадарчага ліцэю, ухвалілі экспэрты прадстаўніцтва ААН у Беларусі. Каардынатарка праекту з боку гэтай міжнароднай арганізацыі Людміла Істоміна ў часе цырымоніі адкрыцьця цэнтру так абгрунтавала падтрымку прадстаўніцтва ААН:

(Істоміна: ) “Не сакрэт, мы ўсе ведаем, што прадпрымальніцтва на вёсцы пакуль ня разьвіваецца належным чынам. Неабходны нейкі стымул гэтаму. І вось сёньня мы адчыняем ня проста цэнтпр падтрымкі прадпрымальніцтва як пэўны інстытут, а мы раздуваем маленькую іскрынку”.

А што думаюць наконт практычнай прыгоднасьці новай установы шараговыя жыхары Камарова? Вось якім меркаваньнем падзялілася са мной Караліна Драўніцкая:

(Драўніцкая: ) “Задума тут добрая. Тут могуць быць і сэмінары. Вучоба. І затым трэба паклапаціцца, каб адкрыць працоўныя месцы. Бо няма чаго таіць: як калгас ліквідавалі, у нас шмат беспрацоўных у Камарове засталося. Во майстэрні стаяць зачыненыя. Нас і сталоўка была. Камбіната бытавога абслугоўваньня няма за гэтыя 10 год. Душа баліць. Людзі крыўдзяцца на гэта”.
XS
SM
MD
LG