Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве адзначаюць месяц аранжавай рэвалюцыі


Валер Каліноўскі, Менск У Кіеве адзначаюць месяц аранжавай рэвалюцыі. Блёк Віктара Юшчанкі “Наша Ўкраіна” зьбірае сьвяточны мітынг на Майдане незалежнасьці ды мабілізуе сваіх прыхільнікаў за некалькі дзён да перагаласаваньня другога туру прэзыдэнцкіх выбараў 26 сьнежня.

Штодзённыя мітынгі й канцэрты “Песьні свабоды” на Майдане незалежнасьці ў Кіеве аднаўляюцца і будуць ісьці да дня перагаласаваньня другога туру 26 сьнежня. Намётавы гарадок на Храшчаціку, нягледзячы на шматлікія заклікі кіеўскіх уладаў да згортваньня, застаецца на месцы ў якасьці гаранта аднаўленьня акцыяў пратэсту. Віктар Януковіч падаў у Цэнтарвыбаркам Украіны скаргу, што намётавы гарадок у цэнтры Кіева зьяўляецца “выбарчым пляцдармам” Віктара Юшчанкі й вядзе агітацыю, якая фінансуецца ня з выбарчага фонду кандыдата. ЦВК, аднак адмовіўся разглядаць гэтую скаргу з прычыны парушэньня тэрміну падачы заявы.

Тым часам суд Шаўчэнкаўскага раёну Кіева абавязаў грамадзкую кампанію “Пора” цалкам разблякаваць будынак прэзыдэнцкай адміністрацыі й дэмантаваць пабудовы, якія перашкаджаюць доступу да яе. Актывісты “Поры” пагадзіліся з рашэньнем суду і сёньня апоўдні заклікалі разблякаваць будынак адміністрацыі, аднак там засталіся людзі, што не кантралююцца гэтай арганізацыяй. Такім чынам, Леанід Кучма па-ранейшаму ня можа патрапіць у свой працоўны кабінэт.

Сёньня чарговым мітынгам і канцэртам на Майдане незалежнасьці ў Кіеве адзначаецца месяц з пачатку аранжавай рэвалюцыі. Як зьмяніў гэты месяц украінскае грамадзтва? Наш карэспандэнт абмяркоўваў гэтае пытаньне з Уладзімерам Вятровічам, лідэрам грамадзянскай кампаніі “Пора”, што зьяўляецца аналягам беларускага “Зубра”, ды кіраўніком перадвыбачага штабу Януковіча Тарасам Чарнавілам.

Кампанія “Пара”, якая налічвае 5–6 тысяч актывістаў, не падпарадкоўваецца ні штабу Віктара Юшчанкі, ні нейкім палітычным партыям, а ўяўляе сабою асобную сілу, якая зрабіла адзін зь першых крокаў да грамадзкага пратэсту месяц таму. Аднаасобнага кіраўніцтва арганізацыя ня мае. Кампанія “Пара” зьбіраецца дзейнічаць да інаўгурацыі новага прэзыдэнта ў ранейшым фармаце, а пазьней будуць вывучацца іншыя магчымасьці, але ў любым выпадку станавіцца партыяй і змагацца за ўладу ня будзе, сказаў адзін зь лідэраў гэтай кампаніі Ўладзімер Вятровіч. Ацэньваючы агульную сытуацыю ва Ўкраіне, спадар Вятровіч падкрэсьліў, што за месяц з пачатку аранжавай рэвалюцыі ва ўкраінскім грамадзтве адбыўся значны прагрэс: няма ранейшай цэнзуры ў СМІ, няма ціску ўлады на прадстаўнікоў апазыцыі.

(Вятровіч: ) “А самае галоўнае, што адчуваецца злом у псыхалёгіі людзей, гэта найбольшае дасягненьне гэтай рэвалюцыі, людзі ўжо далёка не такія, як былі да таго, і яны ўжо ня будуць такімі ніколі, ня будуць такімі цярплівымі. Яны адчулі сваю сілу і тое, што іх арганізаванасьць можа паставіць нават найбольш нахабную ўладу на месца”.

Уладзімер Вятровіч заяўляе пра рэвалюцыю ў сьвядомасьці большасьці насельніцтва Ўкраіны. Кіраўнік перадвыбарчага штабу Віктара Януковіча Тарас Чарнавіл таксама ў цэлым аптымістычна глядзіць на сытуацыю ва ўкраінскім грамадзтве празь месяц пасьля пачатку лістападаўскіх падзеяў:

(Чарнавіл: ) “Зьніклі тыя стопары, якія трымалі людзей вельмі глыбока ў шорах, якія прыводзілі фактычна да таго, што можна назваць беларусізацыяй украінскага грамадзтва і думкі, і я перакананы, што злом адбыўся”.

Спадар Чарнавіл таксама кажа пра рэвалюцыю ў сьвядомасьці ўкраінскага грамадзтва, аднак лічыць, што яна была пабудаваная не на сумленнай аснове, і што яна ня носіць незваротнага характару. Спадар Чарнавіл кажа пра пэўную каньюнктурнасьць апошніх падезяў, і пабойваецца, што ўрэшце сытуацыя можа зьмяніцца на процілеглую, калі скінуўшы адну тыранію, грамадзтва створыць іншую. Яшчэ адна праблема апошняга месяца, на думку Тараса Чарнавіла, — настроі грамадзянаў усходу Ўкраіны, якія адчуваюць сябе пакрыўджанымі і зьняважанымі, і гэта можа пашкодзіць новым дэмакратычным павевам.

(Чарнавіл: ) “У чымсьці тыя падзеі, якія адбыліся, магчыма, і пашкодзілі ўспрыняцьцю такіх ідэалаў як свабода, дэмакратыя для многіх людзей на усходзе Украіны. Хаця, калі мы ўсё гэта разварушым нармальна, калі мы давядзем да таго, што закон вышэй за ўсё, то ўсе гэтыя пытаньні паступова разьвяжуцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG