Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 сьнежня затрыманы старшыня Дзяржаўнага камітэту авіяцыі Фёдар Іваноў


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Беларусі чарговае гучнае затрыманьне — арыштаваны старшыня Дзяржаўнага камітэту авіяцыі Фёдар Іваноў, які падазраецца ў нанясеньні дзяржаве шкоды праз службовыя злоўжываньні.

Затрыманьне старшыні Дзяржаўнага камітэту авіяцыі Фёдара Іванова пацьвердзілі ў пракуратуры Беларусі. Прэсавы сакратар пракуратуры Юры Азаронак паведаміў, што на Фёдара Іванова заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу аб нанясеньні шкоды праз злоўжываньні ўладай. Такі артыкул прадугледжвае пакараньне да васьмі гадоў зьняволеньня. У пракуратуры аднак ня кажуць, дзе цяпер утрымліваюць Фёдара Іванова і ці прад’яўленае яму абвінавачаньне. Паведамляецца толькі, што расьсьледаваньнем справы займалася транспартная міліцыя.

Фёдар Іваноў з 2001 году ўзначальваў дзяржкамітэт авіяцыі, зьмяніўшы на гэтай пасадзе Рыгора Фёдарава, вядомага тым, што Аляксандар Лукашэнка запрашаў яго гуляць разам у футбол. Дакладна невядома, каб Фёдар Іваноў быў асабліва набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі, але адмыслоўцы згадваюць, што ён неаднаразова выконваў асабістыя даручэньні кіраўніка Беларусі. У прыватнасьці, Фёдар Іваноў езьдзіў у амэрыканскі горад Сыэтл дамаўляцца аб продажы адмысловага “Боінгу” для Аляксандра Лукашэнкі.

Пакуль невядома, якія дакладна парушэньні інкрымінуюць Фёдару Іванову. Паводле зьвестак агенцтва Інтэрфакс, адначасова са старшынём Дзяржкамавіяцыі арыштаваны кіраўнік дзяржаўнага прадпрыемства “Белаэранавігацыя” Іван Шыманец. Аднак афіцыйныя крыніцы пакуль не пацьвярджаюць сувязі паміж гэтымі арыштамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG