Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вáцлаў ці Вацлáў?


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Як гучыць па-беларуску мужчынскае імя – Вáцлаў ці Вацлáў? У адной зь нядаўніх перадач я ўспамінаў пра моўныя пошукі Вацлáва Ластоўскага. Аднаго з нашых сталых слухачоў форма Вацлáў – з націскам на другім складзе – зьдзівіла:

(Слухач: ) “Спадар Бушлякоў гаворыць пра Вацлáва Ластоўскага. Зьвярнеце ўвагу: Вацлáва Ластоўскага. Мы ж ведаем, што калі мужчына, то Вáцлаў, Зьдзíслаў, а калі жанчына – Вацлáва, Зьдзіслáва”.

Václav – чэская форма старажытнага славянскага імя. У Беларусі гэтае імя нячастае – праўдападобна, яно прыйшло да нас праз польскае пасярэдніцтва. У беларускай моўнай прасторы поруч з формаю Вáцлаў (з націскам на першым складзе) замацавалася акцэнталягічна адаптаваная форма Вацлáў. Замацавалася, несумненна, пад уплывам і на ўзор цэлай групы імёнаў з часткаю -слаў: Вячаслáў, Ізяслáў, Міраслáў, Станіслáў, Усяслáў, Часлáў і г.д. Зазнала адаптацыі й перанесенае з польскамоўнае прасторы імя Zdzisław: у нашай моўнай прасторы форма Зьдзíслаў суіснуе з адаптаванай формаю Зьдзіслáў. І якраз-такі акцэнталягічна адаптаваныя формы Вацлáў і Зьдзіслáў замацаваныя ў нашай літаратурнай мове як нарматыўныя.

І ўсё ж якой з формаў – Вáцлаў ці Вацлáў – прытрымліваўся сам Ластоўскі, якую з формаў ужывалі, зьвяртаючыся да яго? Думаю, паказальны тут паэтычны зварот Максіма Багдановіча. “Усё ж такі пішу да вас, Вацлáве, словы нясьмелага ліста”, – зьвяртаўся Багдановіч да свайго паплечніка Вацлáва Ластоўскага. Вацлáве – клічная форма імя Вацлáў.

Такім парадкам, пры называньні беларуса дарэчы будзе адаптаваная форма Вацлáў. Форму з націскам на першым складзе – Вáцлаў – як правіла, ужываем, захоўваючы асаблівасьці гучаньня чэскага, славацкага або польскага імя. Гаворым, напрыклад: Вацлáў Ластоўскі, Вáцлаў Гавал.
XS
SM
MD
LG