Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар фінансаў Мікалай Корбут зьбіраецца спагнаць з газэты “Прессбол” 70 мільёнаў рублёў, каб дапамагчы падшэфнаму калгасу


Ігар Карней, Менск У спартовай газэце “Прессбол” надрукаваны адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку за подпісам галоўнага рэдактара выданьня Ўладзімера Беражкова. Журналіст сьцьвярджае, што апошнім часам рэальна адчуў пагрозу ня толькі будучыні газэты, але і свайму жыцьцю, бясьпецы сваёй сям’і. Што падштурхнула заснавальніка найбуйнейшай спартовай рэдакцыі зьвярнуцца па дапамогу да кіраўніка краіны?

Сам Уладзімер Беражкоў ад камэнтароў пакуль устрымліваецца, бо лічыць, што такім чынам можна нашкодзіць справе.

Згодна з апублікаваным прызнаньнем рэдактара, шэраг публікацыяў па фактах гандлю матчамі беларускіх футбольных клюбаў і нават нацыянальнай зборнай “паранілі буйнога зьвера”. Беражкоў сьцьвярджае, што газэта “наступіла на хвост” арганізаванай злачыннай групоўцы, якая актыўна пускае карані ў Беларусі. Пасьля зьяўленьня публікацыяў ён спадзяваўся, што хтосьці зь дзяржаўных чыноўнікаў прапануе дапамогу. “Аднак першымі на мяне выйшлі бандыты”, — піша на імя Лукашэнкі Ўладзімер Беражкоў, спадзеючыся, што ў такой сытуацыі толькі кіраўнік краіны “здольны адвесьці ў бок зброю кілера ці кулак судовай расправы”.

Пад судовай расправай, відавочна, маецца на ўвазе канфлікт выданьня зь міністрам фінансаў Мікалаем Корбутам, які таксама ўзначальвае Беларускую асацыяцыю гімнастыкі. На заўтра ў Цэнтральным судзе Менску заплянаваны разгляд пазову Корбута да журналіста газэты Сяргея Вярсоцкага і рэдактара Ўладзімера Беражкова на падставе артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу “Аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі”. У сваім лісьце Ўладзімер Беражкоў сьцьвярджае: узначаліўшы сем гадоў таму гімнастыку, міністар фінансаў яе фактычна разваліў.

Праўда, “крытычныя званы” “Прессбола”, як кажа Беражкоў, білі марна. Суд яшчэ не пачаўся, а Корбут ужо заявіў: “Прессбол” ён не чытае, але паставіў за мэту “зьняць” з газэты 70 мільёнаў рублёў (болей за 30 тысяч даляраў), каб “падняць” падшэфны міністэрству калгас.

Беражкоў, у сваю чаргу, кажа, што гэта фонд заробнай платы рэдакцыі за два месяцы. Аднак праз суд аспрэчвае Корбут іншае — зьмест публікацыі, прысьвечанай атачэньню Корбута ў асацыяцыі гімнастыкі. Паводле выданьня, намесьнікам кіраўніка фэдэрацыі ёсьць чалавек, якога вышуквае Інтэрпол за ўдзел у арганізаванай злачыннай групоўцы. Гэта Андрэй Іманалі, грамадзянін Расеі, які ў верасьні 2001 году быў абвешчаны у вышук міліцыяй Растоўскай вобласьці, а ў міжнародным вышуку ён ад 2002 году. Тое, што Іманалі — фантом беларускай гімнастыкі, статус якога ў Беларусі патлумачыць немагчыма, гавораць многія прадстаўнікі гэтай галіны. Вось меркаваньне алімпійскай чэмпіёнкі ў гімнастыцы Антаніны Кошаль:

(Кошаль: ) “Калі атрымае, то па заслугах. А што да крызысу? Прэзыдэнт краіны вырашыў замацаваць за кожнай фэдэрацыяй людзей, якія могуць чымсьці дапамагчы, таму ўсе падобныя пытаньні вырашаюцца “наверсе”. Ва ўсіх відах спорту бываюць ніжэйшыя ці вышэйшыя вынікі. Але казаць, што ў гімнастыцы ўсё зусім дрэнна, таксама нельга”.

Сам Беражкоў згодны, што падчас напісаньня матэрыялу была дапушчаная прыкрая памылка: загаловак пададзены такім чынам, што Іманалі стаў ня віцэ-прэзыдэнтам асацыяцыі, а намесьнікам міністра фінансаў. Тым ня меней, рэдактар “Прессбола” перакананы: ёсьць каманда на ліквідацыю газэты і таму зачэпкай будзе што заўгодна.

Варта згадаць, што ў гісторыі “Прессбола” гэта ня першы гучны судовы працэс. У 2000 годзе газэта судзілася з былым міністрам авіяцыі і кіраўніком фэдэрацыі футболу Рыгорам Фёдаравым. Тады рэдакцыі ўдалося пазьбегнуць значнага грашовага штрафу.
XS
SM
MD
LG