Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Латвія можа зьвярнуцца ў міжнародныя інстытуты па абарону Міхаіла Марыніча


Юры Сьвірко, Менск Пра гэта ў сераду заявіў прэм’ер-міністр Латвіі Айгарс Калвітыс пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам краіны Вайрай Віке-Фрэйбэргай. Падчас гэтай сустрэчы двух кіраўнікоў суседняй краіны-сябра Эўразьвязу абмяркоўвалася пытаньне, як дапамагчы былому амбасадару Беларусі ў Рызе Міхаілу Марынічу, судовы працэс над якім распачнецца ў чацьвер. У Брусэлі кажуць, што справай Марыніча зоймуцца неўзабаве пасьля пачатку пасьля працэсу, але ўжо ў студзені, пасьля Новага году.

За суткі да пачатку судовага працэсу над Міхаілам Марынічам, які да 2001 году быў беларускім амбасадарам у Латвіі, кіраўніцтва гэтай краіны абмеркавала шляхі мажлівай дапамогі яму. Прэзыдэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга, якая ўжо абяцала пільна сачыць за судом над Марынічам, сустрэлася з прэм’ер-міністрам Айгарсам Калвітысам, які пасьля гэтага заявіў, што афіцыйная Рыга можа зьвярнуцца ў міжнародныя інстытуцыі па абарону Міхаіла Марыніча.

Як распавёў Радыё Свабода прэсавы сакратар латвійскага прэм’ер-міністра Арна Пяткінс, назвы гэтых інстытуцыяў Айгарс Калвітыс яшчэ не падаваў, але заклапочанасьць справай Марыніча — гэта агульная пазыцыя ўсяе Латвіі:

(Пяткінс: ) “І прэзыдэнт, і міністар замежных справаў выказалі маральна-палітычную падтрымку. Найлепшыя спосабы выказваньня гэтай падтрымкі, напэўна, яшчэ будуць абмеркаваныя. Канкрэтна нічога не магу сказаць пакуль — у якія менавіта інстытуцыі мы будзем зьвяртацца. Але падтрымку выказалі ўжо”.

Неафіцыйна ў латвійскім урадзе называюць АБСЭ ды яе Парлямэнцкую асамблею, Камісію правоў чалавека ААН, структуры Эўразьвязу. У Рызе тлумачаць гэта тым, што ў ААН і АБСЭ ўваходзіць Беларусь, а Эўрапейскі Зьвяз мае большы ўплыў на Менск, чымсьці іншыя арганізацыі кшталту Рады Эўропы.

У офісе высокага прадстаўніка Эўразьвязу Хаўера Саляны пацьвердзілі, што будуць сачыць за працэсам над Міхаілам Марынічам. Адзін з супрацоўнікаў офісу, які прасіў не называць ягонага прозьвішча, сказаў, што беларускія ўлады прымеркавалі пачатак судовага працэсу да калядных вакацыяў у Эўропе, таму неадкладна падтрымаць ініцыятыву Латвіі будзе цяжка:

(Супрацоўнік: ) “Праблема ў тым, што цяпер Брусэль закрываецца на вакацыі. І гэта крыху складана”.

Але гэты брусэльскі чыноўнік сказаў, што справай Марыніча зоймуцца адразу пасьля Калядаў і Новага году. Ён таксама нагадаў, што яшчэ 16 верасьня Эўрапейскі парлямэнт прыняў дэклярацыю, якой асудзіў тыя захады, што былі зробленыя беларускімі ўладамі ў справе парушэньня правоў чалавека ды асноўных свабод. Эўрапарлямэнт заклікаў тады ж вызваліць Міхаіла Марыніча.
XS
SM
MD
LG