Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь будзе вызначаць свае макраэканамічныя паказьнікі паводле міжнароднай мэтадалёгіі МВФ


Юлія Шарова, Менск Урад краіны афіцыйна падпісаў адмысловае пагадненьне зь Міжнародным валютным фондам пра далучэньне да Спэцыяльнага стандарту распаўсюду дадзеных.

На Спэцыяльны стандарт распаўсюду дадзеных падпісаныя большасьць краінаў, што ўваходзяць у МВФ. Далучыўшыся да пагадненьня, Беларусь павінна прытрымлівацца стандартаў фонду ў справе распаўсюду эканамічных дадзеных, іх пэрыядычнасьці, своечасовасьці й ахопу. Цяпер гэтыя зьвесткі будуць рэгулярна зьяўляцца на сайце МВФ.

На думку намесьніцы міністра статыстыкі Іны Мядзьведзевай, гэта можа прынесьці краіне ня толькі маральныя, але й практычныя дывідэнды.

(Мядзьведзева: ) “Гэта падкрэсьлівае ня толькі празрыстасьць зьвестак, але й павялічвае доступ карыстальнікаў да гэтых зьвестак. Імі могуць скарыстацца ўсе, хто, можа быць, зацікаўлены ў нейкіх інвэстыцыях у Беларусь, можа ацаніць макраэканамічную сытуацыю і прыняць для сябе нейкае рашэньне”.

Пры гэтым прадстаўнікі Фонду не адмаўляюць таго, што ў ацэнках прагнозаў разьвіцьця краіны яны па-ранейшаму разыходзяцца зь беларускімі чыноўнікамі. Хоць прагнозы адносна валавога ўнутранага прадукту для Беларусі на гэты год экспэрты МВФ усё ж падвысілі — цяпер яны даюць 5,5% супраць ранейшых 3,5%. Тымчасам паводле падлікаў беларускага Мінстата, рост валавога ўнутранага прадукту сёлета складзе больш за 11%. На думку былога кіраўніка місіі Фонду ў Беларусі Томаса Рычардсана, больш шпаркаму эканамічнаму росту пастрыялі высокія кошты на нафту.

Аднак разыходжаньні ў мэтадалёгіі падліку эканамічных паказьнікаў не зьяўляюцца асноўнымі праблемамі ва ўзаемадачыненьнях МВФ і беларускага ўраду, кажа Томас Рычардсан.

(Рычардсан: ) “Цягам апошніх дзевяці год мы не маглі дамовіцца зь беларускімі ўладамі наконт эканамічнай праграмы, на грунце якой можна было б дамаўляцца пра крэдыт. Але я магу сказаць, што асноўнымі прычынамі, па якіх мы не маглі прыйсьці да такога пагадненьня, зьяўляліся не разыходжаньні ў падліках. Нас больш турбавалі праблемы структурных рэформаў, падатковай палітыкі. Праблемы кшталту “залатой акцыі” знаходзяцца ў пачатку сьпісу пытаньняў, у якіх мы ня можам пагадзіцца з уладамі”.
XS
SM
MD
LG