Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму над вашым сталом не вісіць партрэт Лукашэнкі?”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ужо на працягу месяца галоўная тэма большасьці лістоў, якія вы, шаноўныя слухачы, дасылаеце на беларускую Свабоду — гэта падзеі ва Ўкраіне, іх уплыў на беларускую сытуацыю. Пачну зь ліста нашага пастаяннага слухача і аўтара Алеся Марціновіча з Баранавічаў, які разважае наконт верагоднасьці паўтарэньня ўкраінскіх падзеяў у Беларусі.

“Уявіць, што ўвосень 2006 году на вуліцы Менску выйдуць 100–150 тысяч чалавек, я не магу, нават напружваючы ўсю сваю фантазію, — піша слухач. — Лукашэнка ўжо даўно вырабляе што захоча, а адэкватнага абурэньня няма гадоў восем, зь вясны 1996-га. Насуперак усяму аптымізму менскага салённага дэм-бамонду, падзеі ва Ўкраіне ў цэлым глыбока напалохалі беларускага абываталя, які ад веку жыве паводле прынцыпу “Абы не было вайны”. І я зусім не падзяляю скарасьпелай радасьці Статкевіча, Шушкевіча, Севярынца, Вячоркі ды іншых. Як бы іншага ні здарылася — як бы праз два гады беларусы не шарахаліся ад апазыцыйных агітатараў, як ад чумы.

Самую вялікую і жахлівую ілюзію нацыянал-дэмакратаў відаць па вашых жа інтэрвію з жыхарамі Менску. У мікрафон яны бадзёра разважаюць пра каштоўнасьць заходняй дэмакратыі, асуджаюць дыктат. Але мала хто зь іх адважыцца праз два гады выйсьці па-кіеўску, па-юшчанкаўску на вуліцы Менску. Тымчасам падзеі ва Ўкраіне — цудоўная падстава для Лукашэнкавай прапаганды запалохаць беларускага абываталя сувязьзю паміж дэмакратыяй і пралітай крывёй”.

Ва Ўкраіне, спадар Марціновіч, у часе масавых пратэстаў супраць падману на выбарах нічыя кроў не пралілася (прынамсі, на гэты момант). Перамога над дзяржаўнай машынай фальшаваньняў дасягнутая мірным негвалтоўным шляхам — і ў гэтым вялікі прыцягальны прыклад украінскай “аранжавай” рэвалюцыі. Паміж украінцамі і беларусамі няма вялізнай мэнтальнай бездані — у наяўнасьці якой вы, спадар Марціновіч, пераконваеце ў сваім лісьце. У двух народаў падобныя і культура, і мова, і гістарычны лёс. І калі за наступныя два гады ўкраінцам удасца замацаваць свой посьпех, калі рэвалюцыя прынясе плён, не расчаруе тых, хто яе ажыцьцявіў, ніякая прапаганда ня здолее дыскрэдытаваць яе у вачах тых людзей, якія здольныя цьвяроза асэнсоўваць падзеі.

На тэму ўкраінскіх падзеяў напісаў на Свабоду і Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну:

“Тое, што адбываецца ў суседняй Украіне — гэта вынік эўрапейскай гісторыі, якая нанава пачынаецца з канца 1980-х гадоў. Эўропа, вобразна кажучы, падзьмула — і Бэрлінскі мур паваліўся. Ну, нельга бясконца трымаць народ у аблозе, падмане. Народ — гэта крыніца ўлады. Аб тым вядома яшчэ з 18 стагодзьдзя. А ігнараваньне грамадзкай думкі, ідэалаў свабоды, павагі, дастойнага ўзроўню жыцьця заканчваецца непрыемнымі для паноўнай улады наступствамі. У яе пачынаецца гістэрыка. Уласныя хібы яна спрабуе вытлумачыць тым, што хтосьці нібыта ўмешваецца з-за мяжы, падкупляе, падбухторвае людзей… Нельга так думаць пра звычайных працавітых украінцаў. Усе беды — ад улады: гісторыя спаўна даказвае фактамі гэтую тэзу. Я шчыра жадаю нашым паўднёвым суседзям выстаяць на гэтым гістарычным пераломе”.

Сапраўды, вецер гістарычных зьмен на эўрапейскім кантынэнце садзьмуў за апошнія паўтара дзесяцігодзьдзя амаль усе аўтарытарныя рэжымы. Час, калі яны маглі пачуваць сябе ў бясьпецы, адкрыта ігнаруючы дэмакратычныя прынцыпы, мінуў разам з халоднай вайной і падзелам Эўропы на два варожыя станы. Беларусь усё больш ператвараецца ў выспу пасярод аб’яднанага кантынэнту. І гэтая ізаляцыя значна ўзмоцніцца ў тым выпадку, калі эўрапейскі выбар усьлед за ўсімі паўночнымі і заходнімі суседзямі зробіць этнічна і гістарычна блізкая Ўкраіна. Як доўга такая самаізаляцыя Беларусі можа працягвацца? Якімі б разнастайнымі ні былі адказы на гэтае пытаньне, у якасьці галоўнага чыньніка у кожным разе фігуруе воля і настрой саміх беларусаў.

Ліст на гэтую тэму з Маладэчна, ад Сьцяпана Зуха. Слухач піша:

“Як хутка ўсё забываецца. Людзі зноў гатовы верыць у прывабныя абяцаньні перафарбаваных камуністаў. А я дык ніколі не забуду, колькі гора і бяды давялося перажыць за гады панаваньня бальшавікоў. Па ўсёў расейскай Поўначы і Сібіры ляжаць костачкі мільёнаў беларусаў. Няўжо мы зноў дадзім падмануць сябе? Беларусам проста трэба сьмялей глядзець уперад, не баяцца, не бянтэжыцца, не цярпець. Калі мы ўсе разам згуртуемся — гэта будзе вялізная сіла”.

Якраз гэта, спадар Зух, і паказалі падзеі ва Ўкраіне. Калі на вуліцу выходзіць паўмільёна людзей, АМОН і бронетэхніка бясьсільныя. Напэўна, у сталінскім Савецкім Саюзе бальшавіцкія правадыры ў такім выпадку не спыніліся б перад вялікай крывёю. Але сёньня іншы час, і аўтарытарныя валадары добра ўсьведамляюць, што аддадзены імі загад на ўзброенае ўдушэньне мірных грамадзкіх пратэстаў раўназначны прысуду ім асабіста. Прычым, прысуду ня толькі палітычнаму, але і крымінальнаму.

Ліст са Смаргоні, ад слухача, які падпісаўся як Віктар Зотаў (імя, верагодна, выдуманае). Спадар Зотаў апісвае наступны эпізод са сваёй пэдагагічнай практыкі:

“Аднае раніцы зазірнуў у спартыўна-аздараўляльны комплекс прадстаўнік вэртыкалі па ідэалягічнай рабоце. Акінуўшы строгім позіркам усе куткі, не знайшоў, за што можна было б укалоць. Урэшце зайшоў у пакой, у якім мы захоўваем інвэнтар. І ўзрадавана выявіў недахоп, тут жа запатрабаваўшы ўладным голасам: — Чаму прэзыдэнт ляжыць, а не вісіць? Настаўнік паспрабаваў пярэчыць: — Гэта не кабінэт, а інвэнтарны пакой. Я не вінаваты, што нампаліт прынёс і паклаў яго сюды. Але работнік ідэалёгіі быў няўмольны: — Стол стаіць — значыць, кабінэт. Вы што, павесіць яго ня можаце? — Павесім, абавязкова павесім, — бойка абяцае настаўнік, выправаджваючы госьця за дзьверы. А вярнуўшыся, хапае партрэт і з грукатам шпурляе ў каналізацыйны люк, прыгаворваючы: “Я на яго глядзець не магу, а тут яшчэ і наганяй за яго атрымліваю”.

Як пісаў Максім Горкі свайму сыну, — “Патрыятызм — добра, і нават вельмі някепска, але патрыятызм дурнаваты і тупы — гэта бяда”, — такім выслоўем заканчвае свой ліст на Свабоду Віктар Зотаў са Смаргоні.

Ёсьць, спадар Зотаў, такі цыркуляр, спушчаны некалькі год таму з прэзыдэнцкай адміністрацыі, паводле якога партрэты Аляксандра Рыгоравіча павінны вісець ва ўсіх чыноўніцкіх і кіраўніцкіх кабінэтах. Розныя ведамствы ініцыятыву падхапілі і пашырылі, распаўсюдзіўшы патрабаваньне на школьныя клясы, студэнцкія аўдыторыі і нават на некаторыя заводзкія цэхі. Магчыма, што справа дойдзе і да падсобных памяшканьняў. Ці дадае гэта патрыятызму — пытаньне спрэчнае. Старэйшае пакаленьне добра памятае час, калі партрэты вялікага правадыра таксама былі абавязковыя паўсюль, у тым ліку на гарадзкіх плошчах і ў вагонах мэтро. Потым гэтыя партрэты дружна спальвалі, змагаючыся з наступствамі культу асобы. І, дарэчы, пазьней ужо ніводзін савецкі генсэк не адважыўся паўтараць той практыкі з абавязковымі прыжыцьцёвымі партрэтамі. Нават за часы ахвочага да знакаў пашаны Леаніда Ільіча Брэжнева ў кабінэтах партыйнай і савецкай намэнклятуры абавязковым быў партрэт Леніна, але ня Брэжнева.

На заканчэньне кароткі ліст ад Вольгі Калесьнік зь Менску:

“Толькі зь перадачаў беларускай Свабоды даведалася, чым насамрэч займаўся прэзыдэнт Лукашэнка падчас больш як тыднёвага побыту ў Казахстане. Аказваецца, коўзаўся на лыжах ды гуляў у хакей. Яно-то і на здароўе: калі ў чалавека адпачынак, няхай коўзаецца. Але ж афіцыйна гэта пададзена як рабочы візыт. Праўда, у Казахстане гэты візыт лічаць прыватным (гэта значыць, тым жа адпачынкам). Навошта патрэбная такая кансьпірацыя? І каго гэтым улада хоча ўвесьці ў зман?”

Верагодна, спадарыня Калесьнік, такія ва ўлады ўяўленьні пра тое, што варта і чаго ня варта ведаць звычайным грамадзянам. Дарэчы, прэзыдэнцкая прэсавая служба на ўсе нашыя пытаньні, зьвязаныя зь не такімі ўжо рэдкімі палётамі кіраўніка краіны на замежныя базы адпачынку нязьменна адказвае, што Аляксандар Рыгоравіч увогуле не бывае ў адпачынку.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну, Уладзімер Еўтух зь Менску, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, Натальля Панасюк з Кобрыні і Віталь Гусеў з Магілёва.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG