Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Як зьмянілася вашае жыцьцё ў 2004 годзе?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Вашае жыцьцё ў 2004 годзе палепшылася альбо пагоршылася? З гэтым пытаньнем наша карэспандэнтка зьвярнулася да жыхароў Магілёва.

(Спадарыня: ) “Пагоршылася. Меней сталі плаціць заробку, цэны падвысіліся”.

(Спадар: ) “Не сказаў бы, што пагоршылася. З працай нібыта нармалёва — лепшыя вынікі, я ў спорце працую. Здароўе нібыта нічога. Мяркую, што лепей стала трохі жыць”.

(Спадарыня: ) “Палепшылася. У мяне — так. Я ўжо пэнсіянэрка, і яшчэ працую. Менавіта з-за гэтага ў два разы болей грошай атрымліваю”.

(Спадарыня: ) “Нармалёва жывём, нічога! Я ж зь вёскі, нас далучылі да заможнага калгасу, жывём мы нічога цяпер, заробак плацяць своечасова, атрымліваем нядрэнна. Толькі што сумна!”

(Спадар: ) “Хутчэй, пагоршылася — заробак урэзалі. Ды і год дрэнны, калі сказаць шчыра. Таму што высакосны”.

(Спадар: ) “Сёлета палепшылася. Хоць гэта і высакосны год, скажу, што палепшылася. І дабрабыт Беларусі палепшыўся. Мне падабаецца”.

(Спадар: ) “Напэўна, пагоршылася. На працу не магу ўладкавацца”.

(Спадарыня: ) “Вы ведаеце, увогуле гэты год дрэнны. Не палепшылася. Мне гэты год увогуле не спадабаўся. Нешта ўсё наперакасяк, хутчэй бы ён скончыўся”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, як зьмянілася вашае жыцьцё ў гэтым годзе — палепшылася альбо пагоршылася?”

(Спадар: ) “Пагоршылася, канечне! Таму што прэзыдэнта мяняць трэба, тады палепшыцца. Таму што гаворыць адно, а робіцца іншае. Вось і ўсё”.

(Спадар: ) “У мяне болей аптымізму стала. Я лічу, што ў гэтага рэжыму усё меней і меней дзён застецца, і мяне гэта грэе”.

(Спадар: ) “Буйных зьменаў, канечне, не адбылося. Але мне падаецца, што палепшылася. Я студэнт — натуральна, перайшоў на наступны курс, і ведаў стала болей. А грошай — не сказаў бы”.

(Спадарыня: ) “Паляпшэньня няма з грашыма. І я мяркую, ні ў каго няма. З кім ні размаўляеш: і на заводах дрэнна, і прадпрыемствы малыя прыціснулі. Што працуем — усё на падаткі, на дзяржаву”.

(Спадарыня: ) “Увогуле гэты год вельмі цяжкі быў. Але былі й прыемныя моманты: дачка скончыла ўнівэрсытэт і знайшла працу паводле спэцыяльнасьці. У прынцыпе,– нармалёва, жыць мажліва”.

(Спадар: ) “Напэўна, палепшылася. Больш працы зьявілася. Мне падабаецца. Чым болей працы, тым большы заробак, болей грошай, даходаў. Я лічу, што няхай былі б грошы, а астатняе ўсё прыкладзецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG