Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Інфа-кур’ер”: “Сыр з маслам – не для случчакоў”


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Народная воля” ў сёньняшнім нумары вяртаецца да тэмы кастрычніцкага рэфэрэндуму й выбараў у Палату прадстаўнікоў. Дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мікалай Аксаміт у сваім артыкуле “Пародыя” аднаўляе падзеі, зьвязаныя з гэтымі палітычнымі кампаніямі, якія адбываліся ў Ваўкавыску. У гэтым горадзе, паводле аўтара, мясцовая грамадзкасьць зафіксавала кожны крок улады ў пытаньні парушэньня выбарчага заканадаўства. На этапе галасаваньня фальсыфікацыі пачаліся зь першага дня. У прыватнасьці, у часе датэрміновага галасаваньня лічбы яго ўдзельнікаў у афіцыйных справаздачах на некалькі парадкаў пераўзыходзілі сапраўдныя. Аднак выкрыцьцё фактаў фальсыфікацыі выклікала незадаволенасьць як ваўкавыскіх уладаў, так і Цэнтрвыбаркаму. Паводле высновы аўтара публікацыі, вынікі рэфэрэндуму й выбараў былі запраграмаваныя, і таму жыхары Ваўкавыску ня вераць у іхную праўдзівасьць.

“Брэсцкая газэта” аналізуе эканамічныя працэсы на Берасьцейшчыне. У прыватнасьці, як сьведчаць вынікі адыходзячага году, у гэтым рэгіёне мае месца рост зьнешнеэканамічных паказьнікаў. Паводле выданьня, гэта адбылося за кошт актывізацыі ў 2004 годзе эканамічных стасункаў з Масквою. На маскоўскім рынку сёлета можна было сустрэць прадукцыю прадпрыемстваў Берасьця, Пінску, Баранавічаў, Кобрыну. Нават некаторыя аграрныя фірмы імкнуліся збыць харчаваньне ў расейскім мэгаполісе. Адметна тое, што найбольшага посьпеху, як вынікае з публікацыі “Брэсцкай газэты”, дамагліся прадстаўнікі недзяржаўнага сэктару. Напрыклад, вядомае беларуска-нямецкае сумеснае прадпрыемства “Санта Брэмар” наладзіла пастаўкі берасьцейскай прадукцыі аж 3 тысячам гандлёвых прадпрыемстваў Расеі.

Рост гандлёвых паказьнікаў назіраецца і ў Слуцкім раёне. Пра гэта паведаміла мясцовая газэта “Інфа-кур’ер”. У параўнаньні зь леташнім годам случчакі сталі часьцей набываць тэлевізары, лядоўні, іншыя бытавыя тавары. У цэлым жа рэалізацыя нехарчовых тавараў на Случчыне павялічылася амаль на 18 працэнтаў. Паводле выданьня, сёлета мае месца і рост набыцьця случчакамі некаторых прадуктаў харчаваньня – у прыватнасьці, алею, цукру, рыбы. У той жа час, у раёне зьменшылася спажываньне масла, маянэзу, маргарыну ды сыру, што, паводле публікацыі, тлумачыцца вялікімі на іх коштамі. “Сыр з маслам – не для случчакоў”, робіць выснову “Інфа-кур’ер”.
XS
SM
MD
LG