Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што дораць беларусы адзін аднаму на Новы год?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Беларусы рыхтуюцца да навагодніх сьвятаў і набываюць падарункі для сваякоў і сяброў. Прыйшоў час перадсьвяточнага гандлю. Якія падарункі цяпер найбольш папулярныя? Рэйтынгам навагодніх падарункаў цікавілася наша карэспандэнтка ў Магілёве.

Прыемныя дробязі – так вызначаюць самыя папулярныя навагоднія падарункі жыхары горада Магілёва. Найбольш актыўна людзі набываюць на рынках і ў крамах сувэніры, прычым цяпер найбольш цікавяцца не фігуркамі Дзеда Мароза ці каляднымі званамі, а пеўнямі – цацкамі, якія сымбалізуюць надыход Новага года паводле ўсходняга календару. Каштуюць гэтыя сувэніры няшмат – у сярэднім некалькі тысяч рублёў, і народ звычайна кажа – дробязь, але прыемна.

На падарункі для блізкіх людзей магілёўцы звычайна выдаткоўваюць больш грошай. Мужчыны набываюць парфуму альбо невялікія ювэлірныя вырабы. Жанчыны схіляюцца да больш практычных падарункаў, якія патрэбныя ў паўсядзённым жыцьці альбо ў гаспадарцы. Але здараюцца розныя варыянты. Паслухайце, калі ласка, што мне распавялі магілёўцы:

(Спадар: ) “Летась жонцы падараваў добрую францускую парфуму, а сёлета вырашыў зэканоміць, таму што зламаўся прас, і я, напэўна, падару ёй новы. Ён у гаспадарцы будзе дарэчы, а ёй – прыемна, дый я не застануся ў мінусе”.

(Спадар: ) “Атрымаць у падарунак хацеў бы кніжку альбо нейкі дыск музычны, таму што гэта тое, на што заўсёды сам грошы шкадую”.

(Спадар: ) “Кулон “Вадалей” сваёй дзяўчыне набуду. Ужо прыглядзеў, потым набуду”.

(Хлопец: ) “Маці – кветкі і паштоўку. Кветкі ёсьць кветкі. Прыгожа і прыемна”.

(Спадарыня: ) “Вось толькі што набыла! Дэзадаранты – мужчынскі і жаночы”.

(Спадарыня: ) “Сувэнірчыкі, пеўнікі. Год жа Пеўня. Што-небудзь прыемнае”.

(Спадарыня: ) “У цяперашні час на дарагое ня вельмі разгонісься”.

(Спадар: ) “У людзей няма грошай, але калі моцна трэба, то можна знайсьці”.

(Спадар: ) “Ведаеце, цяпер на ўсім эканоміш, таму падарункаў вялікіх рабіць не буду. Адзначым, ды і ўсё”.

Ці можна параўнаць выбар беларусаў з рэйтынгам навагодніх і калядных падарункаў у сьвеце? Паводле апытаньня міжнароднай асацыяцыі розьнічнага гандлю, найбольш папулярным падарункам ва ўсім сьвеце зьяўляецца рознае адзеньне. Для беларусаў гэта якраз не ўласьціва. Па-першае, адзеньне дарагое, а па-другое, у нас няма традыцыі прыкладаць чэкі да падарунка, каб яго можна было лёгка абмяняць у краме альбо нават вярнуць.

На другім месцы ў рэйтынгу папулярнасьці навагодніх падарункаў – цацкі. І тут, напэўна, ёсьць супадзеньне з нашай традыцыяй. Звычайна, на дзіцячыя падарункі людзі выдаткоўваюць найбольшую колькасьць сродкаў, бо жаданьні малых падманваць проста немагчыма.

Бабулі пад Новы год масава дораць унукам ласункі. За савецкім часам дзеці сапраўды найбольш радаваліся цукеркам, мандарынам ды грэцкім арэхам. А цяпер яны хочуць “Лега”, кампутар, мабільны тэлефон, CD-rom ці нешта накшталт гэтага, і патрабуюць ад Дзеда Мароза новыя тэхналёгіі.
XS
SM
MD
LG