Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 сьнежня габрэйскі сьвет адзначае Хануку


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 22 сьнежня

22 сьнежня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Ганна. Як піша этнограф Уладзімер Васілевіч, гэты дзень узаконьваў пераход селяніна на зімовы транспарт, пра што сьведчыць і прымаўка: “На Ганкі сядайце на санкі”.

Габрэйскі сьвет адзначае сёньня Хануку – сваё рэлігійнае Сьвята сьвятла.

22 сьнежня 1216 году папа рымскі Ганоры ІІІ зацьвярджае ордэн вандроўных казаньнікаў, дамініканцаў. Заснавальнікам ордэна быў гішпанскі шляхціц Дамінік. Чальцы новага ордэну называлі сябе “божымі псамі”, а на іхным сьцягу былі выяўленыя сабакі, якія разрываюць на часткі целы ерэтыкоў. Некалі кляштары дамініканцаў даволі густа пакрывалі ўсю тэрыторыю Беларусі. Нямала іх засталося і сёньня – як правіла, гэта выдатныя помнікі архітэктуры. Дарэчы, якраз браты-дамініканцы прыдумалі гульню ў даміно.

22 сьнежня 1917 году ў Менску быў створаны Выканаўчы камітэт Першага Ўсебеларускага зьезду. Неўзабаве зьезд будзе разагнаны бальшавікамі, і ўсе ягоныя паўнамоцтвы будзе выконваць Выканкам, дзейнасьць якога прывядзе да абвяшчэньня ў сакавіку наступнага году незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

22 сьнежня 1922 году нарадзілася беларуская пісьменьніца Алена Васілевіч. Вось як піша пра яе літаратурны крытык Ала Сямёнава: “За 45 гадоў пісьменьніцкага шляху Алена Васілевіч расказвала пра чалавека. Пра жанчыну. Пра дзяцей. Пра жыцьцёвыя дачыненьні і калізіі. Пра ўзаемаадносіны людзей. Тонка разумеючы іх псыхалёгію. Умеючы паглядзець на сьвет з добрым гумарам і разуменьнем, зь мяккай усьмешлівай іроніяй. Зь вельмі адчувальным лірызмам. Алена Васілевіч пакінула нам тэтралёгію “Пачакай, затрымайся”, шмат апавяданьняў, а таксама кнігу пра літаратуру, якая называецца “Люблю, хвалююся, жыву”.

22 сьнежня 1925 году Віленшчына была перайменаваная ў Віленскае ваяводзтва. Такім чынам, гэты край, заселены пераважна беларусамі, рабіўся адміністрацыйнай адзінкай польскае дзяржавы. Канфліктная тэрыторыя была захопленая войскам генэрала Жалігоўскага яшчэ ў 1920 годзе, але гэтага захопу не прызналі многія краіны сьвету, і таму статус Віленшчыны цэлых пяць гадоў быў неакрэсьлены, хоць і пад польскай юрысдыкцыяй. І вось у 1925 стварылі гэтае Віленскае ваяводзтва. У такім выглядзе Віленшчына будзе існаваць да 1939 году, калі Польшчу падзеляць паміж сабою сталінская Расея й гітлераўская Нямеччына.
XS
SM
MD
LG