Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўратуе БСДП (НГ) ад расколу пасярэдніцтва “Пяцёркі плюс”?


Алесь Дашчынскі, Менск “Пяцёрка плюс” прапанавала выступіць у ролі пасярэдніка для ўладжваньня канфлікту ў “Народнай грамадзе” паміж Міколам Статкевічам і Ўладзімерам Нісьцюком. Нагадаю, што прадстаўнікі абодвух канфліктуючых бакоў адпаведна заяўляюць, што з шэрагаў партыі выключаны Статкевіч і Нісьцюк. Канфлікт распачаўся пасьля таго, як спадар Статкевіч правёў перамовы пра аб’яднаньне “Народнай грамады” з партыяй жанчынаў “Надзея” і грамадзкім аб’яднаньнем “Пэрспэктыва”. Уладзімер Нісьцюк заявіў, што Мікола Статкевіч распачаў стварэньне новай партыі за сьпіной сябраў ЦК.

Чаму “Пяцёрка плюс” выступіла з прапановай пасярэдніцтва ў гэтым канфлікце? Пасярэднікі прапанавалі свае паслугі, каб ня ўмешваючыся ва ўнутраныя справы сацыял-дэмакратычнай партыі, разам з тым зрабіць усё магчымае дзеля захаваньня адзінства дэмакратычных сілаў і самой “Народнай грамады”. Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, кааліцыю цікавяць не асобы, не іх прозьвішчы, а арганізаваная структура. “Пяцёрка плюс” бачыць сваю місію ў тым, каб правесьці сустрэчу з удзелам кіраўніцтва партыі, а таксама лідэраў абласных арганізацый БСДП (НГ).

(Лябедзька: ) “Гэтая прапанова застаецца адкрытай, і далей за гэта мы лічым не зусім тактычным рабіць нейкія рухі ці дзеяньні. У любым выпадку, прапаганда пераносіць тое, што адбываецца ўнутры адной структуры на дэмакратычнае асяродзьдзе. Вось гэты эпізод, канешне, гэта ня вельмі добры фон для ўсіх дэмакратычных сілаў”.

Дэмакратычная апазыцыя выйшла зь мінулай палітычнай кампаніі без сур’ёзных спрэчак паміж сабой. Канфлікт жа ўнутры адной структуры выглядае менш адчувальным. Мікола Статкевіч і Ўладзімер Нісьцюк зрабілі заяву пра сваю падтрымку вільнюскіх пагадненьняў, пра супольную працу ў справе адзінай стратэгіі і вылучэньня адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары.

Як успрымаюць прапанову аб пасярэдніцтве канфліктуючыя бакі “Народнай грамады”? Выконваючы абавязкі першага намесьніка Алесь Арастовіч, як аднадумца спадара Статкевіча, заяўляе аб падтрымцы намаганьняў кааліцыі, але справа ўнутры партыі, паводле ягоных словаў, зайшла даволі далёка.

(Арастовіч: ) “Мы ня супраць любой дапамогі, калі яна ідзе ад нашых сяброў. Але, на жаль, тая частка нашай партыі, якая зараз з намі ў канфлікце, яна зьвярнулася ў мін’юст за дапамогай, а гэта ўжо зусім іншая справа. Яны вырашылі, што мін’юст павінен паставіць кропку ў нашым канфлікце. Ну, а калі “Пяцёрка плюс” зробіць пэўныя крокі, мы будзем толькі рады”.

Паводле Ўладзімера Нісьцюка, існуе канфлікт Міколы Статкевіча са статутнай сыстэмай партыі, і пра гэта гаварылася на нядзельнай нарадзе сябраў “Народнай грамады”. Каб не зьвяртацца да ўладаў як да арбітра, трэба прызнаць правамоцнай рэвізійную камісію. Аднак, як цьвердзіць спадар Нісьцюк, яе не прызнае спадар Статкевіч, таму прапанавана пачаць вылучэньне дэлегатаў на пазачарговы зьезд, прызначаны на 15 студзеня. На яго запрошаныя таксама прадстаўнікі мін’юста.

(Нісьцюк: ) “Мікалай Віктаравіч ні на якія перамовы, ні на якія размовы з намі не ідзе, нават калі прапанавалі Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька выступіць у якасьці пасярэднікаў між намі. Ён адмовіўся ад усяго, што можа ісьці на канструктыў у партыі. Мы гатовы мірыцца, але лепш за ўсё мірыцца на сваім асабістым партыйным зьезьдзе”.

Аднадумцы Мікалая Статкевіча не зьбіраюцца браць удзелу ў гэтым зьезьдзе. Паводле Алеся Арастовіча, фактычна ў “Народнай грамадзе” адбыўся раскол, у сваю чаргу, Уладзімер Нісьцюк абвяргае гэтае цьверджаньне.
XS
SM
MD
LG