Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супярэчлівыя працэнты: Аляксандар Памідораў і Дзьмітры Бескаравайны пра вынікі 2004 году


Зьміцер Падбярэскі, Менск (эфір 18 сьнежня) Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Напрыканцы году, як і належыць, мы паспрабуем падвесьці некаторыя вынікі таго, што адбывалася сёлета ў галіне папулярных жанраў беларускай музыкі. Чым гэты год быў адметны, а чым паўтараў тое, што мы ўжо бачылі й чулі. Тэндэнцыі й асобныя факты, якія пацьвярджаюць ці абвяргаюць іх. Два погляды — так бы мовіць, знутры музычнага працэсу і звонку, то бок думкі музыканта і журналіста. Вось чаму ў студыю Беларускай Свабоды запрошаныя Аляксандар Памідораў, які цягам году актыўна працаваў у розных увасабленьнях на сцэне, і Дзьмітры Бескаравайны, чыя дзейнасьць як журналіста таксама павінна быць адзначана з самага лепшага боку.

Спадзяюся, што вы згодныя з тым, што падзеяў у музычным жыцьці краіны было шмат. А таму я прапаную адразу вызначыцца: што можна ўсё ж назваць галоўнай падзеяй 2004 году як у пазытыўным, так і адмоўным сэнсах?”

(Аляксандар Памідораў: ) “Напэўна, усе тыя захады, якія зьвязаны з адсоткамі беларускай музыкі ў простым і няпростым, складаным, крываватым і астатніх эфірах”.

(Дзьмітры Бескаравайны: ) “У якасьці пазытыўнай падзеі я вызначыў бы тое, што музыкі беларускай стала больш, стала больш выдавацца кампакт-дыскаў. А ў якасьці нэгатыўнай, мабыць, той уціск на музыкаў, якія ўдзельнічалі ў вядомым канцэрце на плошчы Бангалор”.

(Памідораў: ) “Пасьля гэтага нейкі незразумелы ўціск пайшоў на музыкаў, якія выконваюць менавіта рок-музыку і менавіта на беларускай мове”.

(Падбярэскі: ) “Якая ж тэндэнцыя ўсё ж перамагае: клопат улады пра разьвіцьцё айчынных папулярных жанраў ці заціск многіх беларускіх калектываў і выканаўцаў з палітычных матываў?”

(Памідораў: ) “Тут, здаецца, што і заціску такога моцнага як быццам няма… На ўласным досьведзе я магу засьведчыць, што ўціск гэты залежыць усяго толькі ад пэўных людзей. Бо ніякіх папераў афіцыйных няма дагэтуль. Што тычыцца клопату дзяржавы пра сучасныя жанры музыкі, дык з савецкага часу і дагэтуль дзяржава так можа паклапаціцца, што артысту потым лепш наагул не выходзіць на сцэну. Вельмі паказальная ў гэтым сэнсе дзіцячая “Эўравізія”. Я вельмі паважаю шаноўнага Васіля Раінчыка, але цяпер у нас ХХІ стагодзьдзе, і з тэмбрамі песьні “Карнавал” выходзіць нават на такі фэстываль, зь нейкім “Лебядзіным возерам”, і гэтага хлопца так падставіць! Ну, гэта быў проста жах!”

(Бескаравайны: ) “Справа ў тым, што ні дзяржава, ні пэўныя людзі — яны проста ня ведаюць, што робяць. Яны ня ведаюць, да чаго гэта можа прывесьці, яны наагул ня ведаюць, чаму гэтак робяць, акрамя таго, што, мабыць, яны нечага баяцца”.

(Памідораў: ) “Мабыць, яны нейкія грошы зарабляюць, але час ад часу тое, што робіцца з боку дзяржаўных установаў і нават з боку Міністэрства культуры ў тым, што датычыць музыкі, проста выглядае як нармальны такі сабатаж”.

(Падбярэскі: ) “Чаго, на вашую думку, усё ж больш — станоўчага ці адмоўнага ў факце лімітаваньня FM-эфіру? З аднаго боку — як-ніяк, але ж гэта раскрутка айчынных выканаўцаў, з другога — існуе небясьпека, што ў эфіры зьявіцца шмат прадукцыі няякаснай найперш у мастацкім сэнсе, а некаторыя радыёстанцыі панясуць і фінансавыя страты”.

(Бескаравайны: ) “Справа тут ня толькі ў фінансавых стратах. Радыёстанцыі трацяць свайго слухача. Будзе ўвесь час гучаць беларуская музыка, але пры гэтым яе ніхто ня будзе слухаць. А значна меншая аўдыторыя аніяк ня пойдзе на карысьць беларускім выканаўцам, мне здаецца. Цяпер, калі мы зробім 75%, дык мы зноў на паўтара-два гады трапляем у…”

(Падбярэскі: ) “У няпэўны стан?..”

(Бескаравайны: ) “Так!”

(Памідораў: ) “Некаторыя з мэдыйнікаў успрымаюць гэтыя ўводзіны 75% як непрыхаваны дзяржаўны ўціск на камэрцыйныя сродкі масавай інфармацыі. Калі вы прымаеце добрае рашэньне адносна нацыянальнай палітыкі, адносна national format — будзем так у дачыненьні да мэдыяў размаўляць, дык дайце, напрыклад, на базе Дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, як гэта было ў савецкі час, месца, каб людзі маглі на нармальнай студыі нармальна запісаць нармальнае хаця б дэма!”

(Бескаравайны: ) “Цяпер ствараецца прадусарскі цэнтар, ёсьць пэўны загад, але пытаньне ў тым, што з гэтага ўсяго атрымаецца. Гэта па-першае. Але яшчэ адна праблема з гэтымі 75% у тым, што калі нават да гэтага часта згадвалася, што ўсе FM-станцыі падобныя адна на адну, але ж усё-такі сваёй аўдыторыяй, сваім фарматам яны былі досыць розныя. А вось цяпер усе будуць выкарыстоўваць адны й тыя ж новыя песьні, якія зьявяцца цягам месяца, і такім чынам усе радыёстанцыі будуць гучаць як адна”.

(Падбярэскі: ) “Я вось што заўважыў: колькасьць выдадзеных сёлета альбомаў такая, што ўсачыць за ўсімі навінкамі зрабілася праблематычным. Пра што гэта сьведчыць: больш грошай прыйшло ў шоў-бізнэс, попыт на творчасьць айчынных выканаўцаў павялічыўся?”

(Бескаравайны: ) “Павялічыўся попыт, наколькі я магу меркаваць па выніках продажу. Наагул, павялічылася цікавасьць да беларускіх выканаўцаў, і гэта таксама зьвязана з уведзенымі раней 50%”.

(Падбярэскі: ) “Усё ж такі яны пачынаюць дзейнічаць?”

(Бескаравайны: ) “Яны дзейнічаюць абавязкова, таму што зьмяняецца нейкае псыхалягічнае стаўленьне да беларускага. Пакупнік ужо ведае, што беларускае таксама можа быць добрым. Шмат ёсьць яшчэ гуртоў, якія пры той умове, калі яны робяцца папулярнымі, калі яны прадаюць дастаткова кампакт-дыскаў, спрыяюць таму, што гэта таксама на практычным узроўні ўзьдзейнічае на пакупніка”.

(Падбярэскі: ) “Сёлета пачалі актыўна сьпяваць некаторыя вядомыя людзі, найперш спартоўцы. Ці не прысуд гэта канчатковы менавіта беларускай папулярнай песьні?”

(Памідораў: ) “А што ў гэтым кепскага, калі там засьпяваў, скажам, Максім Мірны? Наадварот, гэта вельмі цікава. Можа, яму трохі не пашчасьціла з кампазытарам, аранжавальнікам? У яго нармальны голас, яго нармальна запісалі, і гэта нармальнае брэндаваньне і краіны, і ўласнага пэрсанажа. У сьвеце шмат хто са спартоўцаў сьпявае. Хай сьпяваюць! Барабаншчыкава там, здаецца, таксама нешта засьпявала…”

(Падбярэскі: ) “Мячык зьлева, мячык справа…”

(Памідораў: ) “Ну дык гэта супэр!”

(Бескаравайны: ) “Тое, што зоркі пачынаюць сьпяваць, — гэта нармальны працэс, як мне здаецца. Як і ва ўсім сьвеце. І яшчэ гэта сьведчыць, мабыць, пра тое, што гэта ім цяпер цікава рабіць. З-за таго, што расьце попыт, людзі бачаць, што зьяўляецца яшчэ больш сэнсу ўкладаць грошы ў беларускую музыку. Напрыклад, той жа Сярога. Гэты праект быў зроблены ў Беларусі, і людзі бачаць, што нешта можна і ва Ўкраіне зрабіць, і ў Расеі таксама. Што мы нешта можам. І гэта зноўку вельмі істотна”.

(Падбярэскі: ) “Калі ласка, кароценька: хто з айчынных выканаўцаў зьвярнуў на сябе вашую ўвагу сёлета, з кім вы асабіста зьвязваеце спадзяваньні на будучы год?”

(Памідораў: ) “Я мог бы толькі назваць “Атлянтыку”, але ім проста не хапае, можа быць, нейкіх прадусарскіх добрых рэчаў, нейкага піяру, ну і канцэртаў, безумоўна. Я зьвярнуў бы ўвагу на беларускамоўны альбом “Нэйра Дзюбэля”, я нядаўна быў на іх канцэрце, і гэта быў проста супэрканцэрт!”

(Бескаравайны: ) “Сярод сталых, вядомых выканаўцаў я адзначыў бы ў гэтым годзе “Ляпіс-Трубецкой” і Зьмітра Вайцюшкевіча. Зь ліку тых, хто нядаўна зьявіўся на сцэне ці зь іх ліку неяк прасунуўся наперад, гэта, мабыць, “J_Морс”, з поп-музыкі, гэта, безумоўна, “Атлянтыка”, а зь беларускамоўнага року — “Індыга”. Таксама вельмі цікавая была яшчэ плытка экспэрымэнтальная Сяргея Пукста”.

(Памідораў: ) “І зноў ідзе такім франтальным наступам “Ляпіс-Трубецкой”, які вяртаецца на сьцежку рэгей, даба — такой сонечнай культуры. На жаль, дэбют “ТТ-34”… Можна сказаць, што ня ўсё гэтак добра з гэтым дэбютам атрымалася”.

(Падбярэскі: ) “На заканчэньне нашай размовы я паведамлю вам, што нядаўна атрымаў пацьверджаньне інфармацыі пра тое, што летам наступнага году чакаецца правядзеньне ў Беларусі маштабнага рок-фэстывалю. Спадзяюся, ужо вясной будуць вядомыя падрабязнасьці. А пакуль я нагадаю, што ў апошнім сёлета выданьні праграмы “Па-за тактам” сваімі думкамі дзяліліся Дзьмітры Бескаравайны і Аляксандар Памідораў. Добрай вам музыкі і ў 2005 годзе!

У перадачы прагучалі фрагмэнты песень 2004 году: “Шынкарачка” ў выкананьні групы “P.L.A.N.”, “Кураняты” ў выкананьні Гюнэш Абасавай і Лявона Вольскага (праект “Крамбамбуля”) і “Так ці так” у выкананьні групы “J_Морс”.
XS
SM
MD
LG