Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомыя палітыкі Эўропы і ЗША патрабуюць вызваленьня Марыніча


Алесь Дашчынскі, Менск Вядомыя палітыкі Эўропы і ЗША патрабуюць неадкладнага вызваленьня і зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў з былога міністра зьнешнеэканамічных сувязяў, амбасадара і дэпутата Вярхоўнага Савета Міхаіла Марыніча. Пра гэта гаворыцца ў адмысловым лісьце супраць перасьледу вядомага палітыка, суд над якім пачынаецца ў Менску 23 сьнежня.

Шэраг вядомых палітыкаў выказалі пратэст супраць перасьледу спадара Марыніча. У яго падтрымку паставілі подпісы экс-прэзыдэнт Нямеччыны Рычард фон Вайцзэкер, былы прэм’ер-міністар Швэцыі Карл Більдт, былы кіраўнік італійскага ўраду Джуліяно Амата і іншыя. Пра гэта паведаміў прэс-цэнтар “Хартыі-97”.

У падтрымку Міхаіла Марыніча выказаліся таксама многія дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту, сярод якіх намесьнік старшыні Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч.

Салідарныя са спадаром Марынічам таксама вядомыя грамадзкія дзеячы, сярод якіх дырэктар Праекту па пераходных дэмакратыях Брус Джэксан і старшыня Рады цэнтра па Эўра-Атлянтычнай інтэграцыі і дэмакратыі Іштван Дзярмаці.

У лісьце гаворыцца: “Цяперашні беларускі рэжым нясе адказнасьць за зьнікненьні палітычных і грамадзкіх дзеячаў, масавыя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, незалежнай прэсы, палітычных партый і няўрадавых арганізацый. У такой сытуацыі наўрад ці можна разьлічваць на справядлівы суд над Міхаілам Марынічам.”

Ліст у падтрымку Міхаіла Марыніча даслалі таксама прэзыдэнтцы Латвіі Вайры Віке-Фрэйбэрг сыны зьняволенага палітыка. У часе прэсавай канфэрэнцыі спадарыня Віке-Фрэйбэрг сказала, што “хацела б бачыць справядлівым суд, які таксама б улічыў стан здароўя спадара Марыніча”. У абарону беларускага палітыка таксама выступіла найбуйнейшая фракцыя ў сэйме Латвіі “Новы час”.

Міхаіл Марыніч ужо цягам 7 месяцаў ўтрымліваецца ў ізалятары КГБ Беларусі. Яго вінавацяць у крымінальных злачынствах. Паводле афіцыйнай вэрсіі, спадар Марыніч быццам бы, незаконна захоўваў агнястрэльную зброю і завалодаў аргтэхнікай, якая была перададзена ў часовае карыстаньне грамадзкай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва,” якую ён ачольваў.

Праваабаронцы і сам Міхаіл Марыніч называе гэтыя абвінавачаньні палітычна матываванымі.

Нягледзячы на выснову лекараў пра тое, што стан здароўя Міхаіла Марыніча значна пагоршыўся, КГБ адмаўляецца памяняць меру стрыманьня для палітыка.
XS
SM
MD
LG