Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Freedom House”: Расея стала несвабоднай, рэйтынг Беларусі таксама ўпаў


Сьвятлана Курс, Прага У штогадовай справаздачы “Freedom House”, адной з найстарэйшых у сьвеце міжнароднай няўрадавай арганізацыі, статус Расеі зьніжаны з “часткова свабоднай” да “несвабоднай” краіны. У Беларусі панізіўся ўзровень палітычных і грамадзянскіх правоў ды свабодаў – лічаць экспэрты “Freedom House”.

“Freedom House” – адна з найстарэйшых у сьвеце арганізацыяў, якая сочыць за ўзроўнем глябальных палітычных правоў і грамадзянскіх свабодаў і штогод выдае выніковыя даклады.

Сёлетні даклад “Свабода ў сьвеце” аналізуе падзеі з 1 сьнежня 2003 году да 30 лістапада 2004 году. Аўтары робяць выснову, што ў 2004 годзе палітычныя свабоды ў сьвеце прагрэсавалі: 26 краінаў падвысілі ўзровень свабоды, 11 дэманстравалі рэгрэс.

Агульныя лічбы зь сёлетняга дакладу: са 192 краінаў сьвету 89 – свабодныя. 2,8 мільярдаў. жыхароў гэтых краінаў (44% насельніцтва Зямлі) маюць поўны дыяпазон сучасных правоў і свабодаў чалавека, гарантаваных міжнароднымі пагадненьнямі. 19% насельніцтва зямной кулі, альбо 1,2 мільярды чалавек жывуць у часткова свабодных краінах. І ў 49 краінах сьвету 2,4 мільярды людзей (37%) ня маюць элемэнтарных палітычных правоў і грамадзянскіх свабодаў.

Да несвабодных краінаў сьвету упершыню залічаная Расея.

Яшчэ ў леташнім дакладзе “Freedom House” Расея побач з Украінай, Армэніяй, Грузіяй і Малдовай мела статус “часткова свабоднай” краіны. Аднак за год згортваньне правоў і свабодаў было нагэтулькі значным, што паставіла Расею ў сьпіс несвабодных краінаў. Гэткі ж рэгрэс адбыўся ў Беларусі й Армэніі, у той час як грамадзянскія свабоды пашырыліся ўва Ўкраіне і Грузіі, лічыць “Freedom House”.

Выканаўчая дырэктарка “Freedom House” Джэніфэр Ўіндзар заявіла, што высілкі прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна былі скіраваныя на тое, каб “сканцэнтраваць палітычную ўладу, прыгнятаць і запалохваць СМІ і палітызаваць праваахоўную сыстэму краіны”. “Гэтыя крокі, – адзначыла Ўіндзар, – вядуць Расею у небясьпечным і трывожным кірунку аўтарытарызму. яшчэ больш трывожным было нядаўняе ўмяшаньне прэзыдэнта Пуціна ў палітычны працэс у суседніх краінах, напрыклад, Украіны”.

“У іншых постсавецкіх краінах зарэгістраваная затрымка разьвіцьця дэмакратыі. У Беларусі, якая ўжо называлася самай несвабоднай краінай Эўропы, адзначаны перасьлед апазыцыі дзеля гарантаванай перамогі прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі на выбарах, на якіх яму практычна не было альтэрнатывы. Армянскія ўлады моцным уціскам на мірныя грамадзянскія акцыі прадэманстравалі ўсё больш недэмакратычны спосаб кіраваньня” – лічаць экспэрты “Freedom House”.

“Затое ва Ўкраіне ўзровень палітычнай свабоды палепшыўся дзякуючы грамадзянскай актыўнасьці, большай незалежнасьці судовай сыстэмы й пашырэньнем свабоды СМІ пасьля спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў. У Грузіі пасьля студзеньскіх выбараў, на якіх перамог Міхаіл Саакашвілі, і парлямэнцкіх выбараў у сакавіку, падвысіў узровень палітычных свабодаў”.

“Станоўчы досьвед Грузіі і Ўкраіны паказвае, што фэрмэнт дэмакратыі і негвалтоўны дзяржаўны пратэст – магутныя сілы для палітычных зьменаў” – вобразна акрэсьліла спадарыня Ўіндзар.

Цалкам з тэкстам сёлетняй справаздачы можна азнаёміцца на сайце арганізацыі www.freedomhouse.org.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG