Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі й расейскі ўрады не дамовіліся наконт кошту на газ і тэрміну ўвядзеньня адзінай валюты


Валер Каліноўскі, Менск У Менску прайшло чарговае паседжаньне так званага саюзнага Саўміну Беларусі й Расеі. Расейскую дэлегацыю ўзначальваў прэм’ер Міхаіл Фрадкоў. Паседжаньне Саўміну саюзнай дзяржавы было ў значнай ступені фармальным, 17 пытаньняў парадку дня былі разгледжаныя за паўтары гадзіны.

Асноўныя праблемы двухбаковых адносінаў абмяркоўваліся падчас перамоваў Міхаіла Фрадкова з А.Лукашэнкам і С.Сідорскім. У складзе расейскай дэлегацыі былі кіраўнік “Газпрому” Аляксей Мілер і старшыня Цэнтрабанку РФ Сяргей Ігнацьеў.

Яны паралельна праводзілі свае перамовы зь беларускім кіраўніцтвам наконт карэктыроўкі пляну ўвядзеньня адзінай валюты саюзнае дзяржавы і падрыхтоўкі кантракту на пастаўкі газу ў Беларусь на 2005 год. Абодва вострыя пытаньні не ўдалося вырашыць. Паводле ранейшага пляну расейскі рубель павінен стаць адзінай законнай валютай у Беларусі з 1 студзеня 2005 году. Раней Пуцін і Лукашэнка дамовіліся адкласьці гэты тэрмін на год, але сёньня не ўдалося перанесьці гэты тэрмін у адпаведныя дакумэнты. Як паведаміў Міхаіл Фрадкоў, гэтае пытаньне па-ранейшаму разглядаецца ў пакеце зь іншымі эканамічнымі праблемамі, на чым настойвае беларускі бок, які лічыць, што адзіная валюта павінна быць вянцом, а не пачаткам эканамічнай інтэграцыі. Дзеля гэтага зноў створаная супольная працоўная група.

Што да газавай тэмы, то тут прагрэс больш відавочны. Намесьнік старшыні “Газпрому” Аляксандар Разанаў паведаміў, што бакі дамовіліся пра аб’ёмы паставак на 2005 год — 19,1 мільярда кубамэтраў, і плюс яшчэ 1,4 мільярда кубамэтраў пры наяўнасьці адпаведных тэхнічных магчымасьцяў у “Газпрому”. А вось наконт кошту газу бакі не дамовіліся. Расея хоча захаваць ранейшы кошт 46,68 даляра за тысячу кубамэтраў без уліку таго, што падатак на даданую вартасьць з новага году будзе спаганяцца ў Беларусі, а не ў Расеі. Беларускі бок настойвае, каб на гэтыя 18% ПДВ кошт газу быў зьменшаны. Гаворыць Міхаіл Фрадкоў:

(Фрадкоў: ) “Пытаньне, я так разумею, абмяркоўваецца, тут мы пакуль згоды не знайшлі, але набліжаецца 2005 год, і я зыходжу з таго, што нам наканавана ўзгадніць цэнавае пытаньне”.

Яшчэ адно пытаньне, якое застаецца праблемным у двухбаковых дачыненьнях — выплата Беларусьсю запазычанасьці па сваіх унёсках у саюзны бюджэт за мінулыя гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG