Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня суполкі крышнаітаў Сяргей Малахоўскі: “Каму мы перашкаджаем?”


Любоў Лунёва, Менск Міжнародная суполка Сьвядомасьці Крышны ў Беларусі апынулася пад пагрозай ліквідацыі. Менскі гарадзкі суд адмовіў вернікам у іх просьбе аб перарэгістрацыі.

Крышнаіты ў судзе намагаліся даказаць, што выканалі ўсе неабходныя працэдуры для перарэгістрацыі суполкі. Яны паказалі стос адмоўных адказаў наконт юрыдычнага адрасу і шэраг пастановаў суду, паводле якіх заплацілі штрафы розным установам. У судовай залі не аднойчы гучалі вытрымкі з новага закону аб веравызнаньні, грамадзянскага і адміністрацыйнага кодэксаў. Старшыня суполкі Сяргей Малахоўскі згадаў, што да прыняцьця новага закону аб рэлігіі праблемаў не было. У сваёй прамове ён задаў рытарычнае пытаньне: “Каму мы сталі перашкаджаць?”

Крышнаіты за тры дні сабралі больш за 4 тысячы подпісаў у сваю абарону. Напрыканцы сваёй прамовы Сяргей Малахоўскі працытаваў сьвятое пісаньне “Бхагавад-Гіта”: “Калі непахісныя законы Бога ўваходзяць у супярэчнасьць з законамі дзяржавы, якія хутка мяняюцца, то такая дзяржава церпіць крах”. Сяргей Малахоўскі заявіў Радыё Свабода:

(Малахоўскі: ) “Дзяржава пачынае прыводзіць дзейнасьць суполак у адпаведнасьць з законам. Суполкі, якія раней мелі юрыдычныя адрасы ў прыватных дамах, цяпер пазбаўленыя права зьбірацца там і ладзіць набажэнства. Частка вернікаў пагаджаецца адмовіцца ад храму і зарэгістравацца ў нейкім маленькім памяшканьні, дзе будзе знаходзіцца адміністрацыя, іншыя вернікі не пагаджаюцца. Але такім чынам адбываецца раскол. Мы разумеем, што гэта той жа прынцып — падзяляй і ўладар. Натуральна, дзяржава хоча мець падкантрольную сабе суполку. Мы не абвінавачваем праваслаўную царкву ў тым, што яна хоча мець манаполію на Бога. Але дзяржава штурхае яе да такіх дзеяньняў”.

Гарадзкі суд пакінуў у сіле рашэньне Менгарвыканкаму пазбавіць рэгістрацыі Міжнародную суполку Сьвядомасьці Крышны ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG