Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для ўпарадкаваньня новых могілак увялі адмысловы збор зь мясцовых жыхароў


Казімер Яноўскі, Лоеў Да канца году жыхары Лоеўскага раёну павінны заплаціць амаль 9 тысяч рублёў на добраўпарадкаваньне новых могілак у райцэнтры, а таксама вясковых пагостаў. Гэта ўжо другая спроба ўладаў вырашыць мясцовыя праблемы за кошт жыхароў.

Спачатку Лоеўскі райвыканкам вырашыў зьбіраць сродкі з жыхароў за наведваньне зоны адпачынку на беразе Дняпра.

Аднак гэта ініцыятыва не знайшла падтрымкі ў насельніцтва. Супраць выказваўся нават раённы пракурор, паколькі выканкам проста ня мае права прызначаць падобныя зборы.

Сьледам ужо сэсія райсавету пастанавіла зьбіраць з уладальнікаў кватэраў і сядзібаў па 8 тысяч 750 рублёў на добраўпарадкаваньне вясковых могілак і новага пагосту ў райцэнтры. Напалову зьменшана плата для пэнсіянэраў і інвалідаў. Вызвалены ад яе вэтэраны.

Тым ня менш, у многіх жыхароў рашэньне сэсіі не выклікае асаблівага энтузіязму. Распавядае жыхар Лоева Валер Канаплянік:

(Канаплянік: ) “Людзі ўсё роўна не адклікаюцца, таму што незразумела. Ведаеце, усе бяруць. У нас вось школа сярэдняя бярэ кожны месяц. Дзіцячы садок зьбірае па 500 рублёў на мыла і пральныя сродкі — і бацькі таксама носяць. Аляксандар Рыгоравіч сабе з тэлевізіі кажа, што мы добра жывём, мясцовыя кіраўнікі ў сваю чаргу нам локшыну на вушы вешаюць. І ў той жа час уводзяцца ўсемагчымыя падаткі і зборы. Усім трэба несьці, везьці, даваць. А як, калі самі мы жабракі?! Я лічу, што ўсё гэта незаконна”.

Падаткі і зборы дазволены законам пра бюджэт краіны. Таму з ініцыятывы выканкамаў мясцовыя саветы і ўводзяць іх, як кажуць, на свой густ і колер. Да прыкладу, у Буда-Кашалёўскім раёне ўжо каторы год існуе мясцовы падатак на коней, у Жлобінскім раёне — яшчэ і на змайстраваныя вяскоўцамі міні-трактары. У Хойніках селета вырашылі з дапамогаю збораў асьвятляць гарадзкія вуліцы. Ну а ў Лоеве, як бачым, улады без дадатковых збораў з насельніцтва ня могуць упарадкаваць новыя могілкі”.
XS
SM
MD
LG