Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адчуваюць беларусы, бываючы ў Расеі, што ў іх роўныя правы з расейцамі?


Альгерд Невяроўскі, Менск Гэтае пытаньне Беларускай Свабоды людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Прыяжджаючы ў Расею, ці адчуваеце вы, што ў вас роўныя з расейцамі правы?”

(Спадарыня: ) “Асабіста я адчуваю. Абсалютна сябе камфортна адчуваю ва ўсіх адносінах — дзе б я ні была, якія б месцы не адведвала. Гэта культурныя мерапрыемствы, ці проста ў краму зайсьці. Вельмі добра сябе адчуваю”.

(Спадар: ) “Пэўна ж не. Бо Расея больш захоўвае правы сваіх грамадзянаў, і значна больш уціскае правы тых, хто прыяжджае. Нацыяналістычныя арганізацыі Расеі грамяць усіх, хто там знаходзіцца. Таму туды прыяжджаць трэба ведаць куды, навошта і для чаго. І лішняга слова ў сваю абарону там ня скажаш”.

(Спадарыня: ) “Калі я прыяжджаю, то так. Я сябе адчуваю як грамадзянка Расеі. Не відаць, каб мае правы былі парушаныя”.

(Спадар: ) “Не, рэгістрацыю пытаюць”.

(Спадарыня: ) “Відаць, аднолькавыя, няма праблемаў”.

(Хлопец: ) “Я адчуваю, што ў мяне правы нават большыя. Спрабуюць нашыя правы ўціснуць, але я намагаюся гэтага не дапусьціць”.

(Спадар: ) “Мяне там ніхто ні ў чым не ўціскае. Лічу, што прыкладна аднолькавыя правы”.

(Дзяўчына: ) “Не, ня роўныя. Ня ведаю чаму, але не адчуваю”.

(Спадарыня: ) “Цалкам. Я магу атрымліваць такія ж мэдычныя паслугі ў Расеі, як і тут. Я магу хадзіць у музэі па тых жа тарыфах, што й расейцы”.

(Спадар: ) “Калі я бываў у Маскве, то ніякіх праблемаў у мяне не было. Я бываў у камандзіроўках”.

(Спадарыня: ) “Не, у іх трохі больш правоў”.

(Спадар: ) “Так, вольны праезд. Я працаваў там некалькі гадоў і не адчуваў дыскамфорту”.

(Спадарыня: ) “Мне тут больш падабаецца. Мае правы не ўціскаліся, бо я там — прыехала й паехала. Проста вось слухаю радыё, тэлебачаньне, і мне тут больш падабаецца”.

(Спадарыня: ) “Ведаеце, вялікай розьніцы я не заўважала. Ставяцца цудоўна, і праблемаў не было”.

(Спадар: ) “Не. Мне здаецца, у Расеі цяпер настрой да ўсіх, хто прыяжджае — ўсе яны малодшыя браты”.

(Хлопец: ) “Не. Мы там усё ж такі госьці, а не гаспадары. Там ставяцца да цябе як да ніжэйшага”.
XS
SM
MD
LG