Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі рыхтуюць новыя правілы дарожнага руху


Ігар Карней, Менск Дзяржаўная аўтаінспэкцыя рыхтуе новую рэдакцыю правілаў дарожнага руху. Прычынай сталі шырока агучаныя нараканьні Аляксандра Лукашэнкі на адрас кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных справаў. Першы раз Лукашэнка загадаў максымальна жорстка караць п’яных кіроўцаў; потым аб’ектам крытыкі сталі патрабаваньні Дзяржаўтаінспэкцыі рухацца ў сьветлы час з уключанымі фарамі. Паралельна з гэтым зьявіліся размовы пра неабходнасьць павелічэньня тэрміну навучаньня ў аўташколах. Да 15 студзеня 2005 году новая рэдакцыя правілаў дарожнагаруху павінна патрапіць у Савет міністраў.

Рэспубліканскае таварыства аўтааматараў, якое штогод рыхтуе блізу 10 тысяч кіроўцаў, таксама далучанае да распрацоўкі новых правілаў. Вось што распавёў пра гэта кіраўнік арганізацыі Канстанцін Рогач:

(Рогач: ) “Ёсьць распараджэньне прэзыдэнта, якім ён адмяніў уключэньне фараў у сьветлы час сутак. Не бясспрэчнае, але прэзыдэнт ёсьць прэзыдэнт — і ягонае права вырашаць. Мы сабралі меркаваньні аўтааматараў, нашых структураў, зрабілі аналіз і прадставілі прапановы Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі. Цяпер ДАІ павінна прадставіць у Саўмін зьмены да правілаў дарожнага руху, у адпаведнасьці з распараджэньнем прэзыдэнта, да 15 студзеня”.

А вось што паведаміла прадстаўніца рэспубліканскай ДАІ Ганна Галдыцкая:

(Галдыцкая: ) “Цяпер рыхтуецца новая рэдакцыя правілаў дарожнага руху. Але штосьці з гэтай нагоды казаць яшчэ рана, бо пакуль усё яшчэ на стадыі ўзгадненьня. Гэта будзе зацьверджана ўказам прэзыдэнта, і гэта будуць новыя правілы дарожнага руху”.

Канстанцін Рогач кажа, што некаторыя навацыі ўжо пачалі дзейнічаць. Так, пасьля патрабаваньня Лукашэнкі ўзмацніць санкцыі супраць п’яных кіроўцаў былі ўнесены папраўкі ў Адміністрацыйны кодэкс.

(Рогач: ) “МУС на гэты выступ адрэагавала адмысловай пастановай, дзе цяпер дакладна запісана: хто пазбаўлены права кіраваньня за п’янку, мусіць наноў здаваць усе іспыты”.

Усё часьцей чуюцца размовы пра неабходнасьць павялічыць тэрмін навучаньня ад 3 да 6 месяцаў — маўляў, цяперашняя падрыхтоўка аўтааматараў недастатковая. Кіраўнік адной зь менскіх аўташколаў сказаў, што пра падобныя пляны кіраўніцтва чуў, але пазыцыяй аўташколаў, як правіла, у падобных пытаньнях ніхто не цікавіцца. У свайго суразмоўцы я запытаўся: ці хапае, на ягоную думку, трох месяцаў дзеля авалоданьня майстэрствам кіраваньня аўтамабілем?

(Супрацоўнік аўташколы: ) “Кожнаму па-рознаму — усе ж мы індывідуальныя... Калі там “наверсе” штосьці прыдумаюць, тады можна будзе паглядзець і сказаць: ёсьць у гэтым сэнс альбо не? Але ў любым выпадку аўташкола пра гэтыя навацыі даведаецца апошняй”.

А вось спадар Рогач, лічыць, што падобныя размовы зьявіліся пасьля таго, як шасьцімесячны тэрмін навучаньня быў усталяваны для кіроўцаў катэгорыі “С”. Але ён не разумее, чаму яшчэ можна навучыць аматара за дадатковыя тры месяцы.

(Рогач: ) “Праграма зацьверджаная Міністэрствам транспарту і камунікацыяў пасьля ўзгадненьняў з МУС і Міністэрствам адукацыі. Яна разьлічаная на 180 гадзінаў тэорыі і 29 гадзінаў практычнага кіраваньня. Уявіце, як гэта ўсё расьцягнуць на паўгоду! Я не ўяўляю. І ўвогуле, што гэта такое?”
XS
SM
MD
LG