Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадары краінаў Эўразьвязу і ЗША падтрымалі супрацоўнікаў НІСЭПД


Ганна Соусь, Менск Дыпляматы наведалі кватэру, якую здымае намесьнік дырэктара інстытуту Аляксандар Сасноў, і ў якой тыдзень таму супрацоўнікі КГБ правялі ператрус. Амбасадар Італіі ў Беларусі Гульельма Ардыцонэ ад імя кіраўнікоў дыпляматычных місій, акрэдытаваных у Беларусі, выказаў заклапочанасьць у сувязі з фактамі перасьледу ўладамі Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД).

Нагадаем, што 13 сьнежня супрацоўнікі КГБ увечары наладзілі ператрус у кватэры, якую здымае супрацоўнік інстытуту Аляксандар Сасноў, раней у гэты ж дзень былі агучаныя вынікі лістападаўскага сацыялягічнага апытаньня, у адпаведнасьці зь якімі за зьмену Канстытуцыі на рэфэрэндуме галасавала меншасьць апытаных — каля 49%. Гаворыць італьянскі амбасадар Гульельма Ардыцонэ:

(Ардыцонэ: ) “Мы ведаем, што ваш інстытут — гэта інстытут свабоднай думкі й свабоднага прадастаўленьня інфармацыі, і таму для нас вельмі важна, каб ён працягваў сваю дзейнасьць ў Беларусі”.

У падтрымку НІСЭПД выказаўся і амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол:

(Крол: ) “Гэта адзіны падыход Эўразьвязу і ЗША. Мы ня супраць беларускага народу, а мы за беларускі народ, за доступ да аб’ектыўнай інфармацыі, апытаньняў на карысьць беларусаў. І гэта галоўны элемэнт, фундамэнт для разьвіцьця дэмакратыі і, натуральна, для разьвіцьця стабільнасьці і ў рэгіёне”.

Паводле дырэктара інстытуту Алега Манаева, візыт амбасадараў краінаў Эўразьвязу і ЗША сьведчыць пра тое, што міжнародная супольнасьць не пакідае беларусаў сам-насам са сваімі праблемамі. А вось як ацаніў візыт амбасадараў намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў:

(Сасноў: ) “Гэта вельмі добра, што ёсьць людзі, якія не падзяляюць думак уладаў. І я так думаю, што гэта ня толькі амбасадары прыйшлі, а гэта ў іх асобах уся Эўропа і Злучаныя Штаты падтрымалі нас”.

Апошні раз амбасадары краінаў Эўразьвязу і ЗША гэткім жа чынам выказвалі падтрымку сёлета ўлетку дэпутатам Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня Валеру Фралову, Сяргею Скрабцу, Уладзімеру Парфяновічу ды іншым людзям, якія абвясьцілі галадоўку на знак пратэсту супраць арышту Міхаіла Марыніча, і патрабуючы ўнесьці папраўкі ў выбарчае заканадаўства Беларусі.
XS
SM
MD
LG