Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Забарона выезду на аздараўленьне дзяцей за мяжу – гэта блюзьнерскае рашэньне”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 20 сьнежня 2004 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Хачу выказацца наконт падзеяў ва Ўкраіне ў цяперашні час, наколькі ўладамі Ўкраіны прыдуманы хітры ход, каб выцягнуць за вушы Януковіча. Для гэтага Януковіч абвясьціў сябе апазыцыяй улады, а самае сьмешнае ў гэтым тое, што ён пры гэтай уладзе – другая асоба за Кучмай як прэм’ер. Лічаць яны, што на гэта людзі ня зьвернуць увагі. А галоўнае ў гэтай загагуліне тое, што Януковіч паставіў Юшчанку побач з Кучмам, а ў Кучмы вельмі малы рэйтынг – разьлік на тое, што народ Украіны скажа і Юшчанку “гэць”. Дзякуй”.

(Віктар Бутто: ) “Што мне больш за ўсё не падыходзіць і непажадана. Беспакараныя крымінальныя злачынствы, якія з 1991 году ажыцьцяўляюцца супраць мяне мной, майго імя і годнасьці прадстаўнікамі выканаўчых уладаў пры дапамозе ўсіх галінаў улады. Гэтыя злачынствы адносяцца да грамадзянскіх справаў з вынясеньнем іх на разгляд тых, хто ажыцьцявіў іх, хто мае пад рукой блянкі, пячаткі, сувязі, грошы, мноства прадажных службовых асобаў, заступнікаў і адмыслоўцаў ва ўсіх дзяржаўных прадпрыемствах і шмат іншага, якім ва ўсе часы было і будзе добра, то бок, што пры Шушкевічы і пасьля Шушкевіча, пры Лукашэнку і пасьля яго. Яны заўжды недатыкальныя перад законамі, то бок, перад правамі і свабодамі маімі й большасьці грамадзянаў Беларусі, якія жывуць у Менску і ў нашай неправавой дзяржаве, якая ўяўляе сабой карумпаваную пачвару... Дзякуй.”

(Генадзь Аляксеевіч Гаўра: ) “Як толькі я пачаў займацца некаторымі пытаньнямі мартыралёгіі, я трапіў у апэратыўную распрацоўку КГБ. І недзе ў канцы 1980-х з зачыненай кватэры зьнік вайсковы білет, то бок, цяпер немагчыма ўладкавацца на працу. А нядаўна вярнуўся са шпіталя і выявіў, што зьніклі з зачыненай кватэры прыватныя і дзелавыя лісты, якія закранаюць некаторыя пытаньні мартыралёгіі і некаторых заможных асобаў.

Хачу дадаць, што недзе ў 1995 годзе супраць мяне хацелі распачаць крымінальную справу па забойстве па адрасу Асаналіева, 2, сам я пражываю ў гэтым доме. Таксама некалькі гадоў таму ў адной з установаў мінздрава мяне інфікавалі гепатытам Н2S.

І таксама ў мяне пытаньне. У сувязі з тым, што расейская міністар адукацыі прызнала больш за дзьве тысячы эпізодаў выкарыстоўваньня псыхіятрыі ў палітычных мэтах – наколькі магчыма правядзеньне незалежнай псыхіятрычнай экспэртызы і які альгарытм разыходжаньня гэтай працэдуры, калі гэта магчыма? Вы можаце даць адказ па тэлефону 275-52-70”.

(Лусевіч Міхаіл: ) “Зараз набраўся нейкай трываласьці, гляджу па БТ праграму пад назовам “Вокруг света” – не таму што цікава, а таму што ўсё жадаю выглядзець прозьвішча гэтага вядучага. Ведаеце, ён мне чымсьці нагадвае Міхаіла Лявонцьева – такі ж задуменны погляд, такія ж закручастыя думкі і гаворка ні аб чым. Нешта меле хлопец, а што меле, мо і сам не разумее. Пра нейкую інтэграцыю, пра нейкую пагрозу Захаду. Вось я гляджу і думаю: як мне ўсё ж такі шкада тых людзей, якія глядзяць гэтых хлопцаў. Ну проста жах бярэ ад той тупасьці, што нясе гэтае беларускае тэлебачаньне! А шаноўнай Свабодзе дзякуй за тую паштоўку, што вы даслалі з тымі прапановамі, з тымі віншаваньнямі, якія былі ў ёй”.

(Пятро Міхайла: ) “Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт інтэрвію спадара Статкевіча, якое прагучала на Радыё Свабода 10 сьнежня і, баюся, засталося незаўважным. Ён так рашуча заступіўся за міліцыянтаў і афіцэраў, якія разганяюць дэманстрантаў, зьбіваючы іх дубінкамі са сваімі падначаленымі. Бачыш ты, усяго толькі выконваюць загад зьверху, і таму яны невінаватыя. І таму Эўразьвяз не павінен прымаць у супраціў нейкія там захады.

Прабачце, спадар Статкевіч, на мой погляд, вы ўжо дасягнулі рубікона. Гэтак жа сама эсэсаўцы і энкавэдзісты казалі і зараз яшчэ працягваюць казаць, што расстрэльваючы людзей яны выконвалі загады сваіх фюрэраў ці сваёй улады, але ж тады яны лічылі сябе героямі, і ўлада лічыла іх героямі. А калі б кожнаму паасобку прыйшлося адказваць перад судом, дык яны пачалі сябе лічыць толькі маленькімі шрубкамі велізарнай дзяржаўнай машыны. Добрая пазыцыя – і вы, спадар Статкевіч, імкнецеся абараніць гэтых шалёных выжлаў улады. На мой погляд, яны ўсе павінны добра разумець, што зьбіваючы людзей, яны зьдзяйсьняюць крымінальнае злачынства супраць свайго народу. Вядома ж, яны спадзяюцца, што ім за гэта ніколі ня прыйдзецца адказваць. Можа, яно так і будзе, але вы, спадар Статкевіч, не павінны гэтаму спрыяць і ўводзіць гэтым самым людзей у зман. Вы ж, мабыць, сумленьне нацыі, вы ж апазыцыянэр!”

(Спадарыня: ) “Я хачу дакрануцца сталінскіх рэпрэсіяў. Няўжо нябожчыкі просяць вас аб тым, каб вы падымалі шум, калі прайшло ўжо некалькі дзясяткаў гадоў? Нябожчыкам патрэбная малітва, што і робяць іхныя сваякі. А што тычыцца сучасных рэпрэсіяў на Беларусі – гэта звычайная брахня вашая. Калі б яны былі, то ўжо б даўно гэтыя брахуны-бэнээфаўцы не выступалі б, не крычалі б і не ўчынялі б ніякіх акцыяў на вуліцах гораду Менску і іншых гарадоў. Так што хопіць вам брахаць, дайце спакойна людзям жыць і працаваць нашай уладзе”.

(Зіноўеў: ) “Хачу выказацца наконт падзеяў ва Ўкраіне. Уся гэтая гісторыя з аздараўленьнем Віктара Андрэевіча Юшчанка паказвае, дарэчы, нейкую апраўданасьць эміграцыі лідэра беларускай апазыцыі, таму што няма гарантыі, каб зь ім не адбылося таго самага. Але ж поўнасьцю гэта не апраўдвае эміграцыю Зянона Станіслававіча.

Яшчэ я чуў, што Мікалай Мельнічэнка, былы ахоўнік Кучмы, сказаў, што СБУ дало Кучме дасье аб карупцыі зь піцерскай мэрыі з часоў Пуціна. Было б цікава даведацца, ці захавалася гэтае дасье. І ў прынцыпе яго выбаршчыкам Януковіча ў данецкай і харкаўскай газэтах трэба было надрукаваць.

Яшчэ хачу сказаць, што правал палітыкі Пуціна ў адносінах да Ўкраіны выклікаў, канечне, страх, але страх вось які: яны баяцца, што людзі будуць езьдзіць на Ўкраіну з Расеі, дзе даведаюцца праўду. Гэта ўжо памежнік у электрычцы Харкаў-Белгарад будзе глядзець у вочы расейцу, які вяртаецца ў Расею, і прыкідваць, напрыклад, ці чытаў ён кнігу Ліцьвіненка “ФСБ узрывае Расею”, ці глядзеў ён фільм “Замах на Расею”, ці ён гэтага не рабіў. І вось гэта самая галоўная небясьпечнасьць для цяперашняй крамлёўскай улады. І, лічу, што яны проста так Украіну бяз подласьцяў, без сваіх лубянскіх гадасьцяў законна абранаму прэзыдэнту Віктару Юшчанку проста так не аддадуць.

Хачу адказаць на пытаньне аб агульных і іншых каранях беларусаў і расіян. Адзін літаратурны герой сказаў: “Мы – народ, нас ня так то проста сагнуць”. Разумее гэта і крамлёўская брація, напрыклад, Паўлоўскі і Лявонцьеў, разумее гэта і марыянэтачная псэўдабеларуская, а па сутнасьці антыбеларуская шэйманска-паўлічэнкаўская кліка. Бо калі ж нешта здарыцца, бегчы ім акрамя як у бок расейскай мяжы няма куды. Таму мэтанакіравана праводзіцца такая палітыка, каб павязаць беларусаў з усходнім суседам п’янствам, брыдкаслоўем, сьвінскімі адносінамі паміж грамадзянінам і дзяржавай, у рэшце рэшт. І людзі ў Беларусі, канечне, разьяднаныя, а апазыцыя – аблітая ўвогуле брудам і перасвараная адзін з адным. Але я ўпэўнены, што народ не сагнуць. Гэта мог сказаць і Васіль Быкаў, і любы іншы беларускі пісьменьнік, Уладзімер Караткевіч, напрыклад”.

(Спадар: ) “Добры дзень! Хачу выказацца наконт апошняга прыняцьця рашэньня Лукашэнкі аб забароне выезду на аздараўленьне дзяцей за мяжу. Мне здаецца, гэта блюзьнерскае рашэньне, якое асудзіла шмат нашых дзяцей – каго на сьмерць, а каго на мукі і пакуты. Бо ў Беларусі ўжо не засталося чыстых зон, ня так шмат чыстага харчаваньня…

Таму, я лічу, што вы павінны дамагацца, каб нават афіцыйным асобам у Беларусі нельга было б выехаць за мяжу. Бо паколькі яны не дазваляюць нашым дзецям езьдзіць на аздараўленьне, то якое яны маюць маральнае права езьдзіць на сусьветныя курорты, адпачываць, вывозіць грошы нашых падаткаплацельшчыкаў. Таму, я лічу, што вы абавязаны садзейнічаць неяк таму, каб усе афіцыйныя асобы Беларусі, журналісты так званых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі ня мелі права ўезду ў эўрапейскя краіны, бо гэта будзе здрада ў адносінах да нашых дзяцей. Дзеці – нашая будучыня. І калі Лукашэнка пасягнуў на нашае будучае, то тут маўчаць нельга. Бацькі баяцца рэпрэсіяў, таму яны і маўчаць. Але вы павінны пасадзейнічаць”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне Радыё Свабода! Дзякуй вам вялікае за цікавае інтэрвію зь Леанідам Краўчуком, якое зрабіла Вольга Караткевіч 19 сьнежня. Яго выказваньні наконт становішча ў нашай краіне адпавядаюць думкам шматлікіх прыхільнікаў дэмакратыі. Вельмі добра, што такі палітык падтрымлівае нас у адносінах да зьмяненьня ў нашай Канстытуцыі. Але ж гэта ня ўсе ведаюць, як і ня ведаюць станоўчую ацэнку Шушкевіча. Я цалкам яго падтрымліваю. Ганьба краіне, якая не ганарыцца такімі людзьмі як Шушкевіч.

Дарэчы, віншую яго з Днём нараджэньня! І дзякуй за яго расповеды “Мой лёс”, што друкавала “Народная Воля”. Чэсны, адукаваны, мужны, сапраўдны беларус. Доўгага яму жыцьця і здароўя! І дзякуй яшчэ раз за гэтую перадачу, якая прагучала ўчора па вашым радыё!”

(Спадар: ) “Добрай раніцы, Свабода! Калі магчыма перадайце па Радыё, калі ласка: я і мая ўся сем’я, сваякі і знаёмыя віншуюць з прысуджэньнем прэстыжнай прэміі БАЖ на чале з Жанай Літвіной і ўвесь яе працоўны штат! Вельмі рады, што далі вам грашовую ўзнагароду! Спадар Пракопаў і іншыя, зноў будзеце казаць па тэлебачаньню, што апазыцыя езьдзіць за мяжу з кошыкаў зьбіраць грошы. Супакойцеся ад злосьці! Зьмяніце колер твару! Вам такіх прэміяў нават ува сьне ня бачыць! А БАЖу трымацца так і далей! Жадаем вам усім усяго найлепшага! Мы вашыя прыхільнікі!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG