Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як будуць сьвяткаваць Новы год беларускія дзеці?


Іна Студзінская, Менск 21 сьнежня ў Беларусі стартавала навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, падчас якой кіраўнікі дзяржаўных структур наведаюць дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, сацыяльныя прытулкі, дзіцячыя шпіталі, прывязуць у падшэфныя ўстановы падарункі. А 29 сьнежня ў сталічным Палацы Рэспублікі адбудзецца “прэзыдэнцкая ёлка”, куды запрошаныя пераможцы алімпіядаў, выдатнікі, актывісты, дзеці-інваліды, сіроты, якія атрымаюць падарункі ад кіраўніка дзяржавы. За чый кошт атрымаюць навагоднія падарункі ўсе астатнія дзеці краіны?

Тыя часы, калі ўсе дзеці за кошт прафсаюзаў і ў дзіцячых садках, і школах, і на працы ў мамы і таты атрымоўвалі салодкія гасьцінцы, даўно мінулі. У школах і дзіцячых садках падарункі выключна за кошт бацькоў, а на працы таты і мамы – у залежнасьці ад заможнасьці прафсаюзнай арганізацыі, калі яна ёсьць, ці ад шчодрасьці гаспадара фірмы. Але прафсаюзы звычайна абмяжоўваюць узрост дзяцей, якія атрымаюць бясплатныя падарункі, да 10-12 гадоў. Гаворыць прэсавы сакратар Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ірына Каганец:

(Каганец: ) “Гэта ўсё вырашаюць на прадпрыемствах, да якога ўзросту. Калі ў прадпрыемства і ў прафсаюза прадпрыемства ёсьць сродкі, на некаторых прадпрыемствах і супрацоўнікам дораць добрыя падарункі, на некаторых узрост вызначаюць, гэта справа індывідуальная. Дырэктывы ніякай не існуе”.

Сёлета па загаду кіраўніка дзяржавы ў дзіцячых садках забаронена запрашаць артыстаў ці наагул мужчынаў на ролю Дзеда Мароза. Прапанавана абыходзіцца ўласнымі талентамі. Адказная чыноўніца Менгарвыканкаму перакананая, што “не згуляюць артысты лепш за саміх супрацоўнікаў. Ну і што, што ў садках адны жанчыны працуюць? З жанчынаў таксама добрыя Дзяды Марозы атрымаюцца. А той, хто рызыкне парушыць гэты загад, будзе мець вялікія праблемы”.

Натуральна, супрацоўнікі дзіцячых садкоў не рызыкуюць парушыць загад і самі апранаюцца Дзядамі Марозамі – ці ўгаворваюць бацькоў. Так, адна мая знаёмая, у якой сын ходзіць у дзіцячы садок, будзе на навагоднім “ранішніку” Бабай Ягой. Падарункі дзеткам у садках – таксама за кошт бацькоў. Як гэта звычайна робіцца і ў якую суму абыходзіцца, распавяла мне адна маці:

(Спадарыня: ) “Бацькі зьбіраюць грошы, потым нейкага аднаго накіроўваюць, ён закупае падарункі для ўсіх дзетак. Пра бясплатныя падарункі, канешне, гаворкі не ідзе”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы самі вырашаеце, па колькі вы зьбіраецеся, што ў гэтых падарунках будзе?”

(Спадарыня: ) “Так, бацькоўскі камітэт вырашае гэтыя пытаньні. Звычайна гэта цукеркі, нейкія цацкі, кніжкі”.

(Карэспандэнтка: ) “У якую суму абыходзіцца дзіцячы Новы год?

(Спадарыня: ) “У 10-20 даляраў як мінімум”.

Тое самае і ў школе. Бацькі зьбіраюць грошы на падарункі. Калі ёсьць энтузіясты сярод іх, то яны самі ставяць зь дзецьмі нейкае тэатралізаванае відовішча ў клясе. Навагоднія балі з касьцюмамі цяпер рэдкасьць.

А ў якую прыкладна суму абыходзіцца бацькам Новы год для школьніка? У гімназіі, дзе вучыцца мой сын, зьбіралі па 22 тысячы на падарунак і яшчэ па 13 тысяч на відовішча ў кавярні. Плюс яшчэ 20 тысяч на пачастунак – так званы “салодкі стол”. Такім чынам, прыкладна ў 25 даляраў.

Што да забаўляльных мерапрыемстваў падчас вакацыяў, то ў Палацах культуры, тэатрах, у Палацы моладзі таксама будуць тэатралізаваныя відовішчы, але, як правіла, платныя. Кошты білетаў – ад 10 тысяч і вышэй. Так што пазабаўляць дзіця ў сьвята абыдзецца нятанна.

А вось у Фонда “Дзецям Чарнобыля” усе мерапрыемствы сапраўды дабрачынныя. Будзе арганізавана шмат акцыяў – для пажылых адзінокіх людзей, дзяўчат, якія вызваліліся з калёніяў, для інвалідаў-калясачнікаў з падарункамі, Дзедам Марозам і Сьнягуркай. І па-ранейшаму чарнобыльскія дзеткі падчас зімовых вакацыяў паедуць на аздараўленьне ў Нямеччыну. (Каробкіна: ) “У нас едзе некалькі груп у Дрэздэн, у пансыянаты “Фолькэнсдорф” і “Хартэнштайн”. Для дзяцей будзе арганізаваны асаблівы адпачынак з падарункамі, з каляднай праграмай. Едзе каля 200 дзетак з Брагінскага раёну”.

Нягледзячы на пажаданьні першай асобы дзяржавы, каб беларускія дзеці аздараўляліся на радзіме, Фонд працягвае дабрачынныя праграмы. Італьянскія партнэры з Асацыяцыі “Ля Рондзі” сабралі больш за 2 тысячы подпісаў італійскіх сем''яў, якія і надалей гатовыя запрашаць дзетак зь Беларусі. Ідуць лісты-пратэсты з Канады, ЗША, Нямеччыны – людзі хочуць дапамагаць чарнобыльскім дзецям...
XS
SM
MD
LG