Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Доме літаратара адбудзецца прэзэнтацыя кнігі эпіграмаў Рыгора Барадуліна, выдадзенай у сэрыі “Бібліятэка Свабоды”


Ганна Соусь, Менск 21 сьнежня ў менскім Доме літаратара а 19 гадзіне ўвечары адбудзецца прэзэнтацыя кнігі “Дуліна ад Барадуліна”, выдадзеная ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХІ Стагодзьдзе”. Аснову кнігі складаюць показкі й эпіграмы Рыгора Барадуліна, якія прагучалі сёлета ў эфіры Радыё Свабода ў цыклі “Лета з Барадуліным” зь 1 чэрвеня па 31 жніўня. Наша карэспандэнтка гутарыла з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным напярэдадні прэзэнтацыі.

Найперш адзначу, што кніга яркага аранжавага, вельмі папулярнага цяпер колеру. У ёй эпіграмы на 75 вядомых беларусаў – пісьменьнікаў, паэтаў, мастакоў, палітыкаў, усіх каго дзядзька Рыгор палічыў вартымі адзначэньня дулінай. Усе гэтыя эпіграмы прагучалі гэтым летам у эфіры нашага радыё.

Таксама ў кнігу ўвайшлі пяць “вясёлых эсэ для 21 стагодзьдзя”, якія гучалі ў эфіры Радыё Свабода сёлета й летась. Сярод іх “Як беларусы паганства пільнуюцца”, “Як беларусы гасьцей прымаюць і ў госьці ходзяць”, “Як беларусы адпачываюць”, “Як беларусы ракаў ловяць” і “Як беларусы сэксам займаюцца”. Дарэчы, калі я размаўляла з Рыгорам Барадуліным, ён сказаў, што хацеў бы дадаць у гэтае эсэ яшчэ некалькі радкоў.

(Барадулін: ) “Нядаўна прачнуўся і ўспомніў, што трэба было ў эсэ “Як беларусы сэксам займаюцца” уставіць такія радкі:

“Старой сто гадоў, а старому дзьвесьце. Стары лесьвіцу майструе на старую ўзьлезьці”.

Гэта беларускі пераклад расейскага выразу “любви все возрасты покорны”. Дарэчы, сэксуальная тэма выразна прысутнічае ў многіх эпіграмах Рыгора Барадуліна. Прапаную нашым слухачам напрыклад паслухаць эпіграму на экс-старшыню Саюзу Беларускіх пісьменьнкаў Уладзімера Някляева.

(Барадулін пра Някляева: )

“Было ў Някляева заўсёды Канкрэтнай звыш канца лагоды. Як малады разбудзіць клопат, Пытаньне ранішняе ўстане, Ня толькі кіраўнічы вопыт Раманчыкам амурным стане. Падаўся працаўнік да фінаў – І там залёты не пакінуў”.

Многія з герояў эпіграмаў нават будуць выступаць у часе прэзэнтацыі. І вышэйзгаданы Ўладзімер Някляеў, а таксама Ўладзімер Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Генадзь Бураўкін, Міхась Скобла, Аляксей Марачкін, Сяргей Законьнікаў – дарэчы, нагадаю, якую дуліну паказаў яму дзядзька Рыгор:

(Барадулін пра Законьнікава: ) “Зануда. Маладзіцы звычайна сьмяюцца, што яму прасьцей даць, чым слухаць яго. Але зануды бываюць рознага разьліву. Мой зямляк, як у нас кажуць, вушацкі малец Сяргей Законьнікаў – шчымлівы лірык і палкі публіцыст”.

Чакаецца, што на прэзэнтацыі будзе выступаць музыкант Зьміцер Вайцюшкевіч, якога дзядзька Рыгор гэтаксама адзначыў дулінай

“Дуліна ад Барадуліна” – кніга, якую не рэкамэндуецца чытаць людзям сумным, суровым і пры выкананьні дзяржаўных абавязкаў і рэкамэндуецца чытаць усім астатнім, можа і крыху нападпітку” – гэткія рэкамэндацыі даюцца ў прадмове да кнігі. Што кажа сам аўтар пра рэакцыю пэрсанажаў на ягоныя эпіграмы?

Дзядзька Рыгор цьвердзіць, што ён прывык ужо расплачвацца за дуліны. У дадзеным выпадку пакуль пакрыўджаных было няшмат, але былі незадаволеныя на эпіграмы пра Кандрата Крапіву і Петруся Глебку.

(Барадулін: ) “Мне патэлефанавала адна пані, ужо ў гадах. Кажа, чаму Вы пакрыўдзілі Крапіву і Глебку, яны ж такі слоўнік зрабілі. А я гавару, што мне гэты слоўнік не падабаецца. Яна кажа, што яны ж на пустым месцы рабілі. Як гэта на пустым, кажу, быў жа Ластоўскі ды іншыя. Дык яна кажа, што Глебка слову “благородный” знайшоў займеньнік “высокародны”. А я гавару, што мне ў Глебкі падабалася вымаўленьне.

У прынцыпе, Глебка быў нармальны чалавек, кампанейскі, але Крапіва ў 1937 годзе быў, так бы мовіць… Сьветлая яму памяць… Я сам ня ведаю, але паводле ўспамінаў, Уладзімер Дубоўка не вярнуўся у Менск таму, як ён гаварыў, што жывуць яшчэ тыя, якія на яго данасілі. Ня буду называць канкрэтна хто, але з кагорты гэтых... А калі Караткевіч даслаў Крапіве свае вершы, дык той сказаў, што Вам трэба ня вершамі займацца, а біць камяні…”

“Дуліна ад Барадуліна” – гэта ўжо чацьвёртая кніга, выдадзеная Беларускай службай Радыё Свабодах. Бібліятэку Свабоды складаюць выбраныя перадачы Беларускай службы. Гэта былі “Верш на Свабоду”, “Дарога праз Курапаты”, “Быкаў на Свабодзе”. Аўтарам праекту, укладальнікам і галоўным рэдактарам кнігі ёсьць Аляксандар Уліцёнак, а назву кнігі прыдумаў Аляксандар Лукашук. Генадзь Мацур зьяўляецца мастаком гэтай кнігі, як, дарэчы, і ўсіх вышэйназваных выданьняў Радыё Свабода. Аляксандра Макавік карэктавала кнігу, а Вольга Курбатава займалася наборам тэкстаў.

Дарэчы, у кнізе зьмешчаныя каля паўсотні эпіграмаў на супрацоўнікаў Радыё Свабода, якія Рыгор Барадулін напісаў з нагоды пяцідзесяцігодзьдзя беларускай службы. І ўсё гэта можна будзе пачуць і пабачыць на ўласныя вочы, калі прыйсьці сёньня ўвечары на прэзэнтацыю і набыць асобнік кнігі з аўтографам самога аўтара.

І на завяршэньне – ізноў фрагмэнт з маёй гутаркі з Рыгорам Барадуліным. Дзядзька Рыгор кажа пра тое, чым ёсьць для яго Радыё Свабода:

(Барадулін: ) “Беларуская Свабода – гэта як глыток паветра, гэта як незацуглянае, незахамутанае беларускае слова, беларускае крывіцкае слова, чыстае і без саветызацыі. Адна надзея, што перадачы беларускай службы Радыё Свабода абудзяць беларусаў ад дрымотнага сну”.
XS
SM
MD
LG