Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слоніме штраф за незаконную высечку ёлак складае 120 тысяч рублёў


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Беларуская дзелавая газэта” ў сёньняшнім нумары паведамляе сваім чытачам пра акалічнасьці, што спрычыніліся ў мінулую нядзелю ў Менску да зрыву сходу былых кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад дэмакратычных сіл. Апазыцыя, як падкрэсьлівае выданьне, ускладала на гэты форум асаблівыя спадзяваньні, зьвязаныя з падрыхтоўкай да прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году. У прыватнасьці, меркавалася, што сход экс-кандыдатаў, выпрацуе мэханізм вылучэньня дэмакратычнага кандыдата ў прэзыдэнты, які будзе супрацьстаяць на выбарах Аляксандру Лукашэнку. Аднак, выглядае, што ўлады будуць жорстка супрацьстаяць гэтым плянам. Паколькі ўжо зараз удзельнікі апазыцыйнага мерапрыемства былі, па сутнасьці, выкінутыя на вуліцу з арэндаванага памяшканьня. У гэтай сувязі “БДГ” робіць выснову, што беларускай апазыцыі зараз няма месца ў роднай краіне.

“Віцебскі кур’ер” вяртаецца да палітычнай эпохі, зьвязанай са зьменай кіраўнікоў у былым СССР. Гэтыя зьмены, як правіла, суправаджаліся адмовай ад ідэалягічнай спадчыны чарговага правадыра, зьнішчэньнем яго помнікаў. Дык вось, вядомы віцебскі журналіст Сяргей Буткевіч прыгадвае, як у Менску, дзе ён тады быў студэнтам, бурылі помнік Іосіфу Сталіну. Яго стваральнікі, вядома, лічылі, што Сталін будзе кіраваць вечна, і зрабілі помнік, які стаяў на Цэнтральнай плошчы такім, каб вытрымаў не адно стагодзьдзе. Аднак жыцьцё распарадзілася інакш, сталінская эпоха аказалася карацейшай. Ноччу на плошчу прыгналі танкі, а затым і гусенічныя трактары, якія за нейкую гадзіну зламалі “супраціў” бронзавага камуністычнага лідэра і павалілі яго на зямлю. А праз некалькі месяцаў на месцы постаці Сталіна, якая ўвасабляла моц улады, залілі каток, дзе, як піша “Віцебскі кур’ер”, юныя канькабежцы спаборнічалі ў спрыце. Жыцьцё без куміра працягвалася. І было яно, як падкрэсьлівае выданьне, нашмат лепшым, чымсьці пры ім.

А вось “Газэта Слонімская” жыве будучым часам. Дакладней, каляднымі і навагоднімі сьвятамі. Яна інфармуе сваіх чытачоў пра елкавыя базары, якія ў Слоніме распачнуць працу 22 сьнежня. Прынамсі, ужо зараз вядомыя кошты лясных прыгажунь. Яны вагаюцца ад 4 да 6,5 тысяч рублёў. Незаконная ж высечка ёлак, як паведамляе выданьне, пагражае мясцовым жыхарам буйным штрафам, памер якога – 120 тысяч рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG