Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У наступным годзе распачнецца праектаваньне трэцяй лініі менскага мэтро


Юлія Шарова, Менск У 2005 годзе ў Менску адчыняцца тры новыя станцыі мэтро. Таксама ў наступным годзе пачнуць праектаваць яшчэ адну галінку мэтрапалітэна, якая мусіць злучыць паўночны ўсход і поўдзень сталіцы.

На які месяц прызначанае адкрыцьцё новых станцыяў ды як яны будуць выглядаць звонку? Як паведаміў мне галоўны інжынэр Дырэкцыі будаўніцтва Менскага мэтрапалітэна Аляксей Мурач, тры новыя станцыі пачнуць працаваць увосень 2005 году.

(Мурач: ) “Прыступілі ўжо да мантажу абсталяваньня, амаль усе будаўнічыя канструкцыі ўжо гатовыя. Таму будзем спадзявацца, што нічога ня здарыцца й будзем здаваць. Ёсьць указаньні гарвыканкама – да дня горада, у першую нядзелю верасьня”.

Са словаў спадара Мурача, выглядаць новыя станцыі мэтро будуць ня так, як тыя, што будаваліся ў 1980-ыя гады – хутчэй яны будуць нагадваць станцыю “Магілёўская”, што адчынілася ў 2001 годзе. То бок, над уваходам у станцыі будуць адмысловыя навесы.

Што да будаўніцтва дзьвюх новых станцыяў у бок мікрараёна Ўручча, то іх спадзяюцца адчыніць ужо ў 2007 годзе, хоць увогуле гэтыя аб’екты плянуецца ўвесьці ў эксплюатацыю толькі недзе праз чатыры гады.

Ці варта чакаць, што ў бліжэйшыя гады пачнецца прарываньне новая, трэцяй галінкі? Паводле падлікаў спэцыялістаў, кошт адной станцыі мэтро (у залежнасьці ад таго, колькі там выхадаў, канцавая яна ці прамежкавая) у сярэднім абыходзіцца да 3 мільёнаў даляраў – пра гэта паведаміў Аляксей Мурач. Але ж ёсьць яшчэ тунэлі між станцыямі, будаўніцтва якіх абыходзіцца гарадзкому бюджэту нятанна.

Наконт плянаў будаваньня трэцяй лініі спадар Мурач заявіў наступнае:

(Мурач: ) “Прыступаем у наступным годзе да архітэктурнага праектаваньня трэцяй лініі. Зь Зялёнага луга ідзе па вуліцы Максіма Багдановіча, выходзіць на станцыю мэтро “Фрунзенская”, потым на плошчу Незалежнасьці, на Лошыцу й гэтак далей”.

Нагадаем таксама, што ўжо цяпер вядзецца будаўніцтва трох новых станцыяў на Маскоўскай лініі мэтро ў бок Малінаўкі. А плян разьвіцьця сталіцы да 2030 году прадугледжвае яшчэ і зьяўленьне чацьвёртай лініі мэтро, гэткага паўкола, якое злучыць тры іншыя галінкі.
XS
SM
MD
LG