Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму й чаму замінае прысутнасьць незалежных журналістаў у судзе?


Казімір Яноўскі, Гомель 21 сьнежня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля павінна разглядацца адміністрацыйная справа ў дачыненьні карэспандэнткі “Народнай волі” ў рэгіёне Ірыны Макавецкай. Яе абвінавачваюць ў праяўленьні непавагі да суду Чыгуначнага раёну.

Наколькі вядома, да гэтага часу журналістаў судзілі толькі за непавагу і абразу кіраўніка дзяржавы. Цяпер вось справа дайшла да перасьледу журналістаў за непавагу да суду. У чым жа выявілася гэта непавага з боку журналісткі Макавецкай?

Як распавяла сама Ірыны Макавецкая, 2 сьнежня яна прыйшла у суд Чыгуначнага раёну Гомеля, дзе слухалася адміністрацыйная справа ў дачыненьні дырэктаркі прыватнай друкарні. Справу разглядала старшыня суду Тацяна Адрыбец. Яна і загадала журналістцы выйсьці са свайго габінэту, дзе адбывалася паседжаньне. Спадарыня Макавецкая папрасіла патлумачыць, на якой падставе яе выдаляюць? У адказ пачула патрабаваньне выйсьці прэч, іначай будзе выклікана ахову. Журналістка пагадзілася: “Выклікайце”.

Судзьдзя й распарадзілася выклікаць ахову. Пад канвоем журналістку вазілі ў Цэнтральны пастарунак міліцыі, потым назад у суд, дзе ўрэшце і склалі адміністрацыйны пратакол пра непавагу да суду. Такая вось фабула.

Гомельская філія Беларускай асацыяцыі журналістаў з нагоды інцыдэнту прыняла адмысловую заяву. Яна накіраваная ў міністэрства юстыцыі, Вярхоўны суд і некаторыя іншыя органы. У заяве, у прыватнасьці, сказана, што паводзіны спадарыні Адрыбец як старшыні суду дыскрэдытуюць судовую сыстэму і патрабуюць непрадузятага разьбіральніцтва і ацэнкі. Натуральна, што кіраўнікі судоў і судзьдзі павінны самі паважаць і выконваць законы, а не карыстацца імі дзеля абмежаваньня правоў журналістаў і грамадзянаў.

Паводле Адміністрацыйнага кодэксу, за так званае праяўленьне непавагі да суду журналістка можа атрымаць штраф да 10 базавых велічыняў альбо быць арыштаваная на тэрмін да 15 сутак.

Спадарыня Макавецкая лічыць, што супрацоўнікі мэдыяў не павінны адказваць сваімі грашыма і свабодай за прабелы ў ведах прадстаўнікоў судовай сыстэмы. Адказнасьць павінны несьці парушальнікі, у дадзеным выпадку – старшыня суду Тацяна Адрыбец, якая парушыла закон пра друк, у прыватнасьці – права журналіста на атрыманьне інфармацыі:

(Макавецкая: ) “Я сама падала заяву ў пракуратуру Чыгуначнага раёну, каб супраць старшыні Адрыбец узбудзілі крымінальную справу”.

Чаму ж так нэрвова рэагавалі ў судзе на прысутнасьць журналістаў незалежных выданьняў? Недзяржаўных выданьняў не рэклямнага, а менавіта грамадзка-палітычнага кшталту ў рэгіёне няшмат. Апошнія дзьве газэты – гомельская “Вольны час” і сьветлагорская “Регион-вести” – зачыніліся з прычыны таго, што дзяржаўныя паліграфічныя прадпрыемствы адмаўляліся іх друкаваць. А вазіць іх друкаваць у Расею ці Літву ў выдаўцоў ня было сродкаў.

Дарэчы, інтарэс журналістаў да адміністрацыйнай справы ў Чыгуначным судзе быў абумоўлены тым, што тут паводле ініцыятывы падаткоўцаў, мытнікаў і ўправы КГБ разглядалі адміністрацыйную справу супраць дырэктаркі прыватнай друкарні “Іосіфа і Адзеда”.

Першае паседжаньне ў Чыгуначным судзе прайшло напрыканцы лістапада, дзе спрабавала прысутнічаць і прадстаўніца Гомельскай арганізацыі “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Марыя Шыманоўская:

(Шыманоўская: ) “Я яшчэ і ў габінэт судзьдзі Адрыбец не пасьпела ўвайсьці, як пачула нават не крык, а нейкі рык: “Вы чаму не вітаецеся?! Вы што, у хлеў прыйшлі?” Адразу пасьля пачатку паседжаньня, калі кожны з прысутных паводле загаду судзьдзі назваў сябе, Адрыбец паказала пальцам: “Вы, вы, вы – выйдзіце, вас паклічуць. Калі апошняй з габінэту выйшла пакараная дырэктарка друкарні, я зразумела, што ня толькі абразілі, але і падманулі”.

Як бачым, інцыдэнт з мэдыямі проста-такі ня мог не адбыцца ў судзе Чыгуначнага раёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG