Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачала дзейнічаць інтэрнэт-старонка руху “Польшча за дэмакратычныя перамены ў Беларусі”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы актывізаваў сваю дзейнасьць створаны ўлетку грамадзкі рух “Польшча за дэмакратычныя перамены ў Беларусі”. Ад 12 сьнежня працуе інтэрнэт-старонка гэтай арганізацыі – www.ruchbel.org.pl.

Рух “Польшча за дэмакратычныя перамены ў Беларусі” паўстаў сёлета напярэдадні парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі. Гэта адбылося так, што шэраг вядомых у Польшчы людзей, сярод якіх віцэ-сьпікер Сэнату Казімеж Куц, рэжысэр Анджэй Вайда, віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч ды іншыя падпісалі зварот да палякаў падтрымаць беларусаў у іхнай барацьбе за дэмакратычныя перамены ў сваёй краіне.

“Толькі незалежная і дэмакратычная Беларусь можа быць добрым суседам для Польшчы, а цяпер ёсьць сур’ёзная небясьпека інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі, а таксама татальнай русыфікацыі жыцьця ў Беларусі”, гаварылася ў заяве.

Гэты дакумэнт быў надрукаваны ў вядучых польскіх газэтах – зварот падпісалі сотні палякаў. Каардынатар руху, генэральны сакратар партыі “Унія свабоды” Анджэй Патоцкі заявіў нашаму радыё, што цяпер, калі створаная інтэрнэт-старонка www.ruchbel.org.pl, будзе лягчэй згуртаваць людзей, якім неабыякавая сытуацыя ў Беларусі.

(Патоцкі: ) “Тое, што сярод падпісантаў заявы руху столькі вядомых людзей, сьведчыць аб тым, што беларускае пытаньне заўсёды актуальнае ў Польшчы. У нашай краіне Лукашэнка ня можа разьлічваць ані на палітычную, ані на грамадзкую падтрымку. Спадзяюся, у нас атрымаецца стварыць цэнтар, які б стала, а ня толькі напярэдадні выбараў ці рэфэрэндумаў, працаваў дзеля падтрымкі беларускай апазыцыі”.

У пэўным сэнсе апошнія ўкраінскія падзеі адсунулі ў Польшчы на другі плян тое, што адбываецца ў Беларусі, але практычна ва ўсіх акцыях у падтрымку ўкраінскай дэмакраты, што адбываліся ў Польшчы, абавязкова бралі ўдзел беларусы. “Сёньня Ўкраіна – заўтра Беларусь”, – такі быў адзін з найбольш папулярных лёзунгаў, што скандаваліся каля ўкраінскай амбасады ці ў іншых месцах, дзе адбываліся акцыі. А паводле Анджэя Патоцкага, украінская рэвалюцыя дапаможа зьвярнуць больш увагі і на Беларусь.

(Патоцкі: ) “Украінская рэвалюцыя засяроджвае ўвагу вялікай колькасьці людзей, але гэтыя ж людзі, калі ва Ўкраіне сытуацыя будзе стабільнай, будуць гатовыя дзейнічаць на карысьць Беларусі. Гэтыя дзьве справы не ўзаемавыключальныя, а нават наадварот”.

Паводле ягоных словаў, рух “Польшча за дэмакратычныя перамены ў Беларусі” у бліжэйшы час засяродзіцца на арганізацыі дапамогі беларускай апазыцыі, а таксама над тым, каб даць слова ў Польшчы ўсім тым, каму ўлады не даюць выказацца ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG