Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць карысьць ад “Саюзнай дзяржавы”?


Уладзімер Глод, Менск 21 сьнежня ў Менску чакаюць кіраўніка расейскага ўраду Міхаіла Фрадкова, які мае намер удзельнічаць у паседжаньні саюзнага ўраду. Як заўжды бывае напрыканцы году, будзе разглядацца выкананьне сёлетняга саюзнага бюджэту, а таксама праект на 2005 год. Якія яшчэ пытаньні ўключаны ў папярэдні парадак дня паседжаньня?

Акрамя традыцыйнага бюджэтнага ёсьць і яшчэ некалькі традыцыйных пытаньняў, якія, так бы мовіць, гуляюць з аднаго паседжаньня на наступнае, гэта – выкананьне так званых сумесных праграмаў, якія фінансуюцца з саюзнага бюджэту. Лёс большасьці зь іх сумны. Напрыклад, “Саюзнага тэлевізара”. Калі пяць гадоў таму абвясьцілі гэтую ініцыятыву, то абяцанак было не зьлічыць. Казалі так: навошта вырабляць тэлевізары ў Расеі і ў Беларусі, калі можна зрабіць новую мадэль, якая стане нават больш якаснай, чым японская. І што з гэтага атрымалася? Фактычна, нічога. У Беларусі, як і раней, вырабляюць “Горизонты” и “Витязи”, у Расеі – “Рубин”. А сумеснай маркі няма да гэтага часу. Я ўжо не кажу пра некаторыя іншыя праекты, як, напрыклад, прапанова галоўнага саюзнага чыноўніка Паўла Барадзіна пабудаваць эўрапейскі калідор праз усю Эўропу да Японіі.

Калі стваралася так званая Саюзная дзяржава, і Ельцын, і Лукашэнка, а пасьля і Пуцін толькі і казалі пра тое, што гэтае ўтварэньне патрэбна выключна дзеля паляпшэньня ўзроўню жыцьця жыхароў Беларусі і Расеі, стварэньня для іх аднолькавых умоваў. Ці сапраўды так званы просты чалавек адчувае цяпер пэўную палёгку?

Учора я выпадкова сустрэў нашага вядомага паэта, ляўрэата розных прэміяў Уладзімера Някляева. Ён толькі-толькі прыехаў з Масквы. І я думаю, любы наш слухач, які зараз пачуе паэта, сам ацэніць, ёсьць карысьць для простага чалавека ад так званай саюзнай дзяржавы ці няма:

(Някляеў: ) “19 сьнежня я ехаў з Масквы, дзе быў на міжнародным кангрэсе “Руская культура ў агульнасусьветным кантэксьце”. Быў узрушаны, узьнёслы нават. І раптам на вакзале (я ўжо зь білетам, хачу прайсьці на цягнік) спыняюць мяне два міліцыянты й патрабуюць дакумэнты. Я дастаю пашпарт грамадзяніна Беларусі, у якім ляжыць білет на цягнік. Ужо зыходзячы з гэтага я магу прайсьці на свой цягнік. Але міліцыянты гавораць: усё гэта ня тое, паказвай нам свой квіток, ці прайшоў ты рэгістрацыю. Але ніякай рэгістрацыі я не рабіў: па-першае, жыў у гатэлі, значыць, ужо не патрэбна рэгістрацыя, па-другое, я ніколі яе не рабіў, калі прыяжджаеш на два-тры дні. І па-трэцяе, я ўспомніў, што ў нас ёсьць сяброўства, ёсьць Дамова пра Саюз Беларусі й Расеі. І там ёсьць такі пункт, што грамадзяне Расеі ў Беларусі і грамадзяне Беларусі ў Расеі маюць роўныя правы. У нас няма аніякай рэгістрацыі для расейцаў – з гэтага апрыёры ў нас таксама не павінна там быць рэгістрацыі.

Я пачынаю міліцыянтам усур’ёз усё гэта тлумачыць. Яны глядзяць на мяне як на вар’ята. Потым адзін сьціскае сківіцы і кажа: ага, вы будзеце нашу нафту жлукціць і нашым газам дыхаць (ну, ён не сказаў дыхаць – іншае слова), а мы тут будзем з вамі сябраваць, дык вось табе.

І яны сталі цягнуць мяне ў пастарунак. А ў пастарунку – што ў расейскім, што ў беларускім – правы ўсіх грамадзянаў заканчваюцца аднолькава. Таму я вырашыў – не. І адкупіўся. Праўда, гэта мне ня дорага каштавала – усяго стольнік. І калі я ехаў у Менск, я доўга думаў пра наша сяброўства, пра зьмены, пра глыбінныя зьмены ў нашым сяброўстве”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG