Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Манэтныя скарбы


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 16 сьнежня) Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае гісторык Ірына Колабава.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Наўрад ці ёсьць на сьвеце чалавек, які, хай сабе і ў дзяцінстве, ня марыў знайсьці скарб. Ва ўсе часы пошук скарбаў станавіўся тэмай літаратуры, мастацтва. Пра скарбы пісалі антычныя аўтары — Арыстафан, Пляўт, Ксэнафонт, Плятон, Гарацы… Чалавек, які шукае скарб, у мастацтве падаваўся і як рамантык, і як драпежнік. Памятаеце знакаміты амэрыканскі фільм “Гэты вар’яцкі, вар’яцкі, вар’яцкі, вар’яцкі сьвет”? А як гэтая тэма падавалася ў беларускім фальклёры?”

(Ірына Колабава: ) “Аб скарбах гаворыцца ў народных прымаўках: “Закапаў скарб — закапаў спакой”, “Чужой схоўкі ня хутка знойдзеш”, “Заплаціў як чорт за папараць”, “Багаты грошы зьбірае, а чорт машну гатуе”, “Нашто мне скарб, калі мае дзеці ў лад”. Скарбы ў народных паданьнях — нешта жывое і можа зьяўляцца на паверхні нечаканым агеньчыкам, у чалавечым выглядзе, сабакам, коткай, пеўнем. Прычым, белая афарбоўка істоты адпавядае срэбру, а жоўтая — золату. Дапамагчы ў пошуках скарбу мог “выгарак” — абпаленая лучына, кутны зуб вісельніка, васковая сьвечка ля труны памерлага”.

(Ракіцкі: ) “Скарбы ў народных паданьнях — гэта дабро ці зло?”

(Колабава: ) “Скарбы ў беларускім фальклёры традыцыйна падзяляюцца на злыя (заклятыя ў час схаваньня) і добрыя. Авалодаць злым скарбам, які мог прынесьці пакуты для знаходчыка і ягоных блізкіх — вельмі цяжкая задача. Акрамя закляцьця, ён апекаваўся такімі пачварамі, як нячысьцікі. Нячысьцікі даглядалі й ахоўвалі скарбы: палявік — у полі, лясун — у лесе, багнік — у балотах, кладавік (самы заможны з усіх) — на прысядзібным участку”.

(Ракіцкі: ) “А як архаічныя людзі здымалі са скарбаў закляцьці?”

(Колабава: ) “Нэўтралізаваць закляцьці й нячысьцікаў дапамагалі рукапісныя “Траўнікі”, “Вызыўныя кнігі” і “Росьпісы”. У “Траўніках” апісваліся надзвычайныя ўласьцівасьці папараць-кветкі, плакун-травы, разрыў-травы. “Вызыўныя кнігі” захоўвалі формулы зваротаў да нячыстых сілаў з прапановамі абмену сваёй душы на грошы. “Росьпісы” давалі апісаньні месцаў знаходжаньня скарбаў. Скарбы добрыя адкрываліся людзям добрым. Ахоўвалі месцы іх знаходжаньня “дзядзькі”: Дзедзя, Бялун і Купальскі дзядок”.

(Ракіцкі: ) “Ведама, што скарбы часьцей за ўсё знаходзілі выпадкова, у часе разнастайных будаўнічых, мэліярацыйных працаў. А часам скарбы адкрываюць прадстаўнікі флёры і фаўны, таксама прыродныя стыхіі. У беларусі ці вядомыя цікавыя выпадкі знаходжаньня скарбаў?”

(Колабава: ) “Так, у 1845 годзе ў Барысаве быў знойдзены скарб манэтаў 16 стагодзьдзя ў птушыным гнязьдзе. У 1888 годзе ў вёсцы Любоўша Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці рымскія манэты 1–2 стагодзьдзяў выкінуў на паверхню крот. У 1921 годзе ў Слуцку, у 1961 годзе ў вёсцы Вёска Салігорскага раёну, у 1963 годзе ў вёсцы Адрубак Докшыцкага раёну зафіксаваныя выпадкі, калі выварочвалі на паверхню начыньні з манэтамі 17 стагодзьдзя сьвіньні. У 1964 годзе ў вёсцы Касякі Кармянскага раёну моцны дождж вымыў зь зямлі скарб 9 стагодзьдзя. Часам правільна паказвае на месца знаходжаньня скарбу народны погалас. Так, мясцовыя жыхары вёскі Ракаўцы Смаргонскага раёну гаварылі, што пад валуном на тэрыторыі вёскі схаваныя грошы. У 1971 годзе пры будаўнічых работах бульдозэр зрушыў камень, пад якім аказаўся манэтны скарб 10 стагодзьдзя”.

(Ракіцкі: ) “А ўвогуле ці часта ў Беларусі знаходзяць скарбы? І ці пашыраны ў Беларусі спосаб захоўваньня грошай у куфэрках у розных там сховішчах?”

(Колабава: ) “На тэрыторыі Беларусі зафіксавана болей за тысячу выпадкаў знаходжаньня скарбаў. Скарбы — гэта вельмі пашыраны звычай захаваньня каштоўнасьцяў. Пра гэта сьведчаць многія факты. Звычайна скарбы добра запакаваныя ў кавалак скуры, тканіны, бяросты ці нейкае начыньне з накрыўкай. У 16 стагодзьдзі ў беларускім ганчарстве нават сфармавалася асобная галіна ў вырабе разнастайных паводле аб’ёму і формы скарбонак дзеля захаваньня грошай. Звычайна скарб знаходзіцца на невялікай глыбіні — ад 20 да 50 сантымэтраў, што, вядома, больш зручна пры пэрыядычным карыстаньні грашыма. Бальшыня скарбаў — вельмі сьціплыя зьберажэньні, якія маглі належаць прадстаўнікам незаможных колаў насельніцтва, што таксама сьведчыць пра пашыранасьць такога спосабу захаваньня грошай. Праблема ўласнасьці на скарб знаходзіла адлюстраваньне ў заканадаўчых актах — у другой і трэцяй рэдакцыях Статуту Вялікага Княства Літоўскага”.

(Ракіцкі: ) “Пры дасьледаваньні скарбаў узьнікаюць шматлікія пытаньні. І найперш: чаму грошы, першапачаткова прызначаныя на актыўнае жыцьцё, сыходзяць з рынку і хаваюцца ў сховішчы?”

(Колабава: ) “Агульная грашовая сума, неабходная на нармальнае функцыяваньне рыначных мэханізмаў, велічыня непастаянная. У залежнасьці ад маштабаў таварнага абарачэньня і яго інтэнсіўнасьці, яна можа быць дастатковай сёньня і недастатковай ці занадта вялікай заўтра. І вось гэты дысбалянс здымаецца пераходам грошай у рэзэрву — у скарбы, якія адыгрывалі ролю рэгулятару грашовага абарачэньня”.

(Ракіцкі: ) “Вельмі часта ў паведамленьнях пра знойдзеныя ў Беларусі скарбы ўтрымліваецца інфармацыя, што знойдзеныя манэты адначасна належаць розным краінам. Чым можна патлумачыць, так бы мовіць, шматнацыянальны склад скарбаў?”

(Колабава: ) “Геаграфічнае палажэньне Беларусі, перакрыжаваньне на яе землях шматлікіх гандлёвых шляхоў прыводзіла да шматнацыянальнага складу манэтнага фонду. Вось тыповыя ўзоры такіх шматнацыянальных дэпазытаў:

“Вёска Дзегцяны Капыльскага раёну, 1957 год. Грашова-рэчавы скарб срэбраных ювэлірных вырабаў і манэтаў, колькасьць — каля 7 тысяч штук. Скарб пераважна разрабаваны. Захаваліся фрагмэнты 21 упрыгожаньня і 320 манэтаў — дынары Вугоршчыны, Чэхіі, Даніі, Рэйнлянду, Баварыі, Саксоніі, Турынгіі, Франконіі, Швабіі, Фрысьляндыі, Лятарынгіі. Час схаваньня — каля 1050 году”.

“Горад Магілёў, 1936 год, 470 залатых манэтаў Вэнэцыі, Мадэны, Савоі, Аўстрыі, Карынцыі, Тыролю, Швайцарыі, Вугоршчыны, Трансыльваніі, Чэхіі, Галяндыі, Гальдэрну, Давэнтару, Зэляндыі, Кампэну, Авэрэйсэлу, Утрэхту, Фрызіі, Брабанту, Браўншвайгу, Гамбургу, Зальцбургу, Кёльну, Любэку, Майнцу, Нюрнбэргу, Ростаку, Саксоніі, Франкфурту, Ульму, Штральзунду, Брэслаў, Данцыгу, Торну. Час схаваньня — пачатак 1690-х гадоў”.

(Ракіцкі: ) “А ці можна па скарбу меркаваць пра яго гаспадара?”

(Колабава: ) “Так. Пра сацыяльны статус гаспадара сьведчыць, напрыклад, скарб пачатку 9 стагодзьдзя, знойдзены каля вёскі Брылі Барысаўскага раёну. У 2000 годзе там быў знойдзены скандынаўскі меч, шыйная грыўна, 10 гірак-разнавагаў і 290 срэбраных манэтаў — дырхамаў Арабскага Халіфату. Гэта дало падставу меркаваць пра гаспадара як пра вікінга. Разбойніцкая казна з васьмі з паловаю тысяч арабскіх манэтаў была знойдзеная ў 1973 годзе каля вёскі Казьянкі Полацкага раёну. У 1979 годзе ля вёскі Вішчын Рагачоўскага раёну знойдзеная княжацкая казна з жаночых упрыгожаньняў і грашовых зьліткаў”.

(Ракіцкі: ) “Вы распавялі пра шэраг цікавых знаходак. А ў нашых слухачоў, напэўна, узьнікае такое меркаваньне: ну, знаходзяць скарбы, знаходзяць іх па ўсім сьвеце, хтосьці кудысьці ўцякаў, схаваў слоік з грашыма, а хтосьці пасьля знайшоў… А вось ці знаходзілі ў Беларусі скарбы, якія можна назваць унікальнымі ва ўсясьветнай практыцы?”

(Колабава: ) “У горадзе Рагачове ў 1971 годзе было знойдзена болей за тысячу фальшывых манэтаў, загорнутых у тканіну. Сярод іх — 10 грошаў, адчаканеных у Варшаве ў часе паўстаньня 1830–1831 гадоў. Усе манэты вырабленыя зь медзі, многія з рэшткамі лужэньня. Застаецца толькі гадаць пра падзеі, якія падштурхнулі фальшываманэтніка да такой бессэнсоўнай з эканамічнага і рызыкаванай з палітычнага гледзішча акцыі. Гэтыя ж манэты былі кваліфікаваныя расейскімі ўладамі як мяцежныя, і таму былі выведзеныя з абарачэньня. Аналягаў гэтаму скарбу ва ўсясьветнай нумізматыцы не зафіксавана”.

(Ракіцкі: ) “Манэтныя скарбы — гэта спэцыфічныя гістарычныя помнікі. Яны як люстэрка адлюстроўваюць склад і заканамернасьці ўнутраных і міжнародных, палітычных і культурных сувязяў той ці іншай краіны ў пэўны пэрыяд. А на пытаньне, чаму той ці іншы скарб ня быў выкарыстаны ў свой час, адказвае само жыцьцё: чалавек мог памерці, быць вымушаны на ўцёкі, мог проста забыцца, дзе схаваў грошы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG