Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Настане час, калі адбудзецца і ў Беларусі свой Нюрнбэрскі працэс”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Тое, што асобным беларускім чыноўнікам пасьля кастрычніцкіх выбараў і рэфэрэндуму забаранілі ўезд у эўрапейскія краіны, у грамадзтве ўспрынялі па-рознаму. Сярод іншага пра гэта сьведчаць і некаторыя лісты на Свабоду.

“Правільна гавораць беларусы: зь вялікага грому — малы дождж, — піша нам Леанід Макаўцоў зь Менску. — Столькі было спадзяваньняў, што Эўразьвяз як належыць пакарае ўсіх беларускіх чыноўнікаў, якія прыклалі руку да махлярстваў на выбарах і рэфэрэндуме. А што ў выніку? У Эўропу вырашылі не пускаць толькі старшыню Цэнтарвыбаркаму Ярмошыну ды галоўнага амонаўца Падабеда. А кіраўнікі выканкамаў, якія раздавалі каманды камісіям? А кіраўнікі камісіяў, якія ўпісвалі ў пратаколы патрэбныя ўладзе лічбы? Іх санкцыі ніяк не закранулі — яны могуць разьяжджаць па Эўропе, як і раней.

Беларускім чыноўнікам увогуле трэба забараніць уезд у цывілізаваныя краіны — усім без выключэньня. Можа, тады да іх дойдзе, што беспакаранымі іх дзеяньні не застануцца: настане час, калі за ўсё давядзецца разьлічвацца. Бо яны на што спадзяюцца? На тое, што ўсё сьпішуць на Лукашэнку. Маўляў, гэта ён ва ўсім вінаваты. А наша хата з краю — мы проста выконвалі загады ды ўказы. Не, даражэнькія, так лёгка вы ад адказнасьці не ўцячэце. Будзе і для вас беларускі Нюрнбэрг”, — напісаў у сваім лісьце на Свабоду Леанід Макаўцоў зь Менску.

Рашэньне кіраўніцтва Эўразьвязу, спадар Макаўцоў, гэта не судовы прысуд. Эўрапейская супольнасьць ня мае ні магчымасьці, ні паўнамоцтваў падрабязна вызначаць ступень віны таго ці іншага беларускага чыноўніка ў фальшаваньнях і махлярствах на выбарах і рэфэрэндуме. І забарона на ўезд у краіны Эўразьвязу некаторым чыноўнікам — гэта яшчэ не пакараньне, гэта — толькі сыгнал, папярэджаньне беларускім уладам, што яны ня могуць ігнараваць думку міжнароднай супольнасьці, што сытуацыя з грамадзянскімі правамі ў Беларусі — гэта ня толькі ўнутраная справа.

А хто з чыноўнікаў і ў чым вінаваты, якую адказнасьць павінен панесьці за свае злачынствы — гэта справа незалежнага і аб’ектыўнага суду. Хочацца спадзявацца, што калі-небудзь такі суд будзе і ў Беларусі.

Ліст ад нашага сталага слухача, афіцэра ў адстаўцы Міколы Канаховіча з Пружанаў. Ён піша:

“Расея была, ёсьць і будзе імпэрыялістычнай захопніцкай дзяржавай. Ульянаў-Ленін яшчэ на пачатку мінулага стагодзьдзя даў ёй дакладную характарыстыку: “Расея — турма народаў”. Праўда, потым ён жа гэтую турму стаў умацоўваць і пашыраць, каб кожны мог трапіць на нары. А каму нараў не хапіла — дык у яму. Таму Расея ніколі ня зьмірыцца з тым, што адбылося ў 1991 годзе. І прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне яна імкнулася выкарыстаць як спрыяльны момант дзеля таго, каб зноў паглынуць яе. Але крумкач адразу не пракаўтнуў: пачаў давіцца. Таму стаў выкарыстоўваць пагрозу расколу Ўкраіны.

Ад сёньняшніх падзеяў ва Ўкраіне залежыць лёс ня толькі ўкраінскага народу, але і Беларусі, Малдовы, краінаў Закаўказьзя і Сярэдняй Азіі. Больш за ўсё пашанцавала балтыйскім краінам: ёсьць спадзяваньне, што яны больш ніколі ня трапяць у турму народаў. Зайздрошчу мудрасьці, самасьвядомасьці, самаахвярнасьці і веры ў перамогу ўкраінскага народу. Такі мужны народ ня трапіць у кіпцюры драпежніка. І вельмі крыўдна, што ня выцягнеш з нораў беларусаў, якія пахаваліся, як тыя павукі ў цемры ды галечы, добраахвотна паўзучы ў пастку, расстаўленую расейскім крумкачом”.

Аднаўленьне былой імпэрыі, спадар Канаховіч, сёньня выглядае малаверагодным. Эпоха вялікіх каляніяльных імпэрыяў увогуле мінула яшчэ ў ХХ стагодзьдзі: усе яны распаліся. І нават аўтарытарны Савецкі Саюз зь ягоным магутным рэпрэсіўным апаратам ня здолеў утрымаць у сваіх межах народы, якія заявілі пра незалежнасьць. Сёньня вядзецца барацьба за сфэры ўплыву — эканамічнага, палітычнага, культурнага. Прарасейскі кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны Віктар Януковіч зусім не зьбіраўся вяртаць незалежную дзяржаву пад крамлёўскі дыктат і дзьвюхгаловага імпэрскага арла. Размова ішла пра вэктар і мадэль разьвіцьця, пра статус расейскай мовы, пра эўрапейскую ці прарасейскую будучыню Ўкраіны. І далейшыя падзеі паказалі, што ад меркаваньня і жаданьня крамлёўскіх кіраўнікоў тут ня надта што залежыць. Расея страціла ня толькі Прыбалтыку і Грузію, але і Ўкраіну. Сёньня гэта ўжо відавочна.

Ліст ад Алены Грынявіцкай зь вёскі Аляхновічы Менскага раёну. Слухачка піша:

“Усё лета прабыла на дачы — нічога ня зробіш, працоўная павіннасьць. Беларускай мовы я ня ведаю, але неяк выпадкова трапіла на вашу хвалю — і захапілася. Ваша перадача “Лета з Барадуліным” — на мой погляд, адзін з рэдкіх шэдэўраў, які хацелася б растыражываць. Пасьля расповедаў пра адыёзнасьць рэжыму так прыемна пачуць штосьці вельмі добра зробленае. Як шкада, што так позна я адкрываю для сябе тое, што адлюстроўвае самабытнасьць і талент нацыі, да якой фармальна і сама належу. Сорамна, што ні мовы, ні культуры ня ведаю. І так хацелася б, каб на вашым радыё зьяўлялася больш такіх перадачаў”.

У сваім лісьце Алена Грынявіцкая выказвае таксама заўвагі да асьвятленьня палітычных тэмаў. Яшчэ адзін урывак з допісу:

“У навуцы ёсьць прынцып гістарызму. Любая грамадзкая структура не ўзьнікае на пустым месцы: хтосьці ці штосьці папярэднічае ёй, спрыяе, рыхтуе. Таму, каб вашая крытыка была больш аб’ектыўнай, магчыма, мае сэнс кінуць колькі камянёў у агарод тых, хто пасадзіў на трон сёньняшніх валадароў. Гэта ж датычыць і цяперашніх так званых “дасягненьняў”, якімі хваліцца ўлада. Нагадвайце слухачам: Беларусь была адной з самых высокаразьвітых рэспублік з параўнальна высокімі (у межах СССР) стандартамі жыцьця, добра разьвітай прамысловасьцю, сфэрай паслуг, сыстэмай аховы здароўя. Паверце, што вельмі і вельмі многія рэгіёны былога СССР ня мелі й дзясятай часткі таго, што было на стале ў насельніцтва Беларусі. Таму, калі даяце інфармацыю, абапірайцеся на прынцып гістарызму. Ня варта забываць тых, хто цягам многіх дзесяцігодзьдзяў ствараў аснову для прыходу цяперашняй улады”.

Мы, спадарыня Грынявіцкая, дэталёва асьвятляем розныя нюансы сучаснай беларускай палітыкі. Нашы сталыя слухачы добра ведаюць і імёны, і лёс тых палітыкаў, якія ў свой час прывялі да ўлады сёньняшняга лідэра. Відавочна, ня ў кожным кароткім інфармацыйным сюжэце выпадае пераказваць альбо нагадваць гісторыю, але пры магчымасьці мы гэта робім. І, відавочна, вы маеце рацыю, калі зьвяртаеце ўвагу, што ў былых савецкіх рэспублік былі вельмі розныя стартавыя магчымасьці ў 1991 годзе. Калі сёньня ўлада хваліцца тым, што Беларусь апярэджвае ў эканамічным разьвіцьці постсавецкія краіны Сярэдняй Азіі ці Закаўказьзя — то, сапраўды, варта нагадваць, якім было становішча і дзесяць, і дваццаць год таму.

Што да вашай, спадарыня Грынявіцкая, згадкі пра цыкль перадачаў “Лета з Барадуліным”. Вельмі прыемна, што вы далі гэтым перадачам такую высокую ацэнку. Вашае меркаваньне супала з водгукамі многіх іншых слухачоў. І нядаўна шматлікія показкі і эпіграмы Рыгора Барадуліна, што гучалі ў нашым эфіры, выйшлі асобнай кнігай у “Бібліятэцы Свабоды”.

На заканчэньне — ліст ад Андрэвуша Шчуры з расейскага сяла Пятроўскае Апочацкага раёну Пскоўскай вобласьці. Слухач піша:

“Слухаю Свабоду — і абураюся: чаму ў эфіры вы называеце сучасную Жмудзь Літвой? Няўжо беларусы нагэтулькі заможныя, каб раздорваць спадчыну сваіх продкаў дзеля патрэбаў палітыкі? Імя — гэта вельмі важна. Назва “Русь” міжволі цягне беларусаў да маскоўшчыны, лучыць нас з маскоўшчынай генэтычна, пазбаўляючы тоеснасьці ад самай калыскі. Летува ня ёсьць увасабленьнем Літвы, спадарства. Прачніцеся і называйце краіну як належыць — Крывіцкай Літвой!”

Ведаю, Андрэвуш, што для вас як для дасьледчыка сярэднявечнай гісторыі нашага краю гэтая тэма надзвычай балючая. Гістарычна Літвой, сапраўды, называліся сёньняшнія беларускія землі. Але вярнуць гістарычныя назвы ў сучаснасьць ня надта проста, а часам і немагчыма. 25 сакавіка 1918 году была абвешчаная незалежнасьць менавіта Беларускай Народнай Рэспублікі. І ў 1991-м сьвет прызнаў незалежную Рэспубліку Беларусь, а не Крывіцкую Літву. Ды і ў грамадзкай сьвядомасьці ўжо даўно замацаваліся сучасныя ўяўленьні пра Беларусь і Літву. Ігнараваць гэтую рэальнасьць ніяк не выпадае.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG