Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі ў “Financial Times”: “Трэцяя хваля вызваленьня Эўропы”


Юры Дракахруст, Прага “Трэцяя хваля вызваленьня Эўропы” – такую назву мае артыкул прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі, надрукаваны ў сёньняшнім нумары брытанскай “Financial Times”.

Грузінскі прэзыдэнт прыгадвае момант, калі па радыё Свабода перадалі, што Бэрлінскага муру больш няма. “Тады мне было 22 гады і я раптам зразумеў, што сьвет больш ніколі ня будзе такім, як быў да гэтага” – піша Саакашвілі.

Ён канстатуе што дэмакратычная хваля 90-х гадоў не пайшла далей Усходняй Эўропы і краінаў Балтыі. Паводле яго для жыхароў большасьці краінаў былога СССР замест сапраўднага народаўладзьдзя прыйшоў вычварны варыянт дэмакратыі, у якім выбары праводзіліся, але ўладары не мяняліся, у якім сярэдні чалавек бачыў, што яго голас і інтарэсы заўсёды на апошнім мейсцы.

Пасьля мірнай рэвалюцыі ў Грузіі ў расейскім друку былі спробы патлумачыць яе як чарговую недарэчнасьць, праяву экстравагантнасьці грузінскага грамадзтва, сьцьвярджалася, што ні ў якой іншай краіне СНД гэта ня можа паўтарыцца.

Напярэдадні выбараў прэзыдэнта Ўкраіны я папярэджваў Леаніда Кучму, што калі яны плюнуць у твар дэмакратыі, будзе тое самае, што і ў Грузіі. Мае прагнозы цалкам апраўдаліся. Я з гонарам глядзеў, як сярод украінскіх сьцягоў на майдане Незалежнасьці лунаюць грузінскія сьцягі й з радасьцю слухаў, як часта лідэры аранжавай рэвалюцыі зьвяртаюцца да прыкладу маёй краіны.

Заклік, кінуты “рэвалюцыяў ружаў” у Грузіі і падхоплены апэльсынавай рэвалюцыяй ва Ўкраіне, паляціць далей – як скандавалі дэманстранты ў Кіеве “свабоду ня спыніш” – піша прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі ў артыкуле ў “Financial Times”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG